Адвакатаў «засталося больш чым на тры дні», але іх робяць «мэбляй». Як далей жыць абаронцам беларусаў


Адзін з адвакатаў, які быў вымушаны пакінуць Беларусь у сувязі з магчымым палітычным пераследам, расказаў «Белсату», як працуюць адвакаты ў краіне, дзе «часам не да законаў».

Ілюстрацыйнае фота. Дом правасуддзя Берасця.
Фота: Белсат

Гэты адвакат просіць не называць яго імя, але цяпер адчувае сябе ў адноснай бяспецы за мяжой. Але ў Беларусь адвакат пакуль не збіраецца вяртацца: «альбо дзеля перамогі рупіцца, або ніяк, бо ў Беларусі хутка будзе выпаленая зямля». Адвакат расказвае, як цяпер жывецца ягоным калегам у Беларусі – і што іх можа чакаць далей. Працягваем рубрыку «Як жыць будзем?».

Калі ўсё безнадзейна, чаму адвакаты ўсё роўна ідуць у палітычныя справы?

Суразмоўца кажа, што да нядаўняга часу не займаўся крымінальнымі і адміністратыўнымі справамі, бо ведаў, што гэта «праца бессэнсоўная, ты нічога не можаш зрабіць». Гэта стала многім відаць ў 2020 годзе, але сама тэндэнцыя даўнейшая: года з 2010-га, а то і раней, адвакаты ў Беларусі сталі «мэбляй», кажа ён.

Абаронцы могуць хіба правяраць, ці правільна запоўненыя паперы, і перадаваць інфармацыю са следчага ізалятару ці зняволенаму ў ізалятар. На гэтым, перакананы суразмоўца, цяпер рэальныя функцыі адваката скончаныя. Чаму тады адвакаты працягваюць ісці на абарону ў палітычных справах?

«Па-першае, гэта робіцца дзеля таго, каб усё зафіксаваць, каб задакументаваць абсурднасць абвінавачванняў, выявіць і задакументаваць парушэнні закону і нормаў права, законаў фармальнай логікі, – тлумачыць адвакат. – Па-другое, гэта робіцца дзеля самога сябе: пераканаць сябе, што праўда на тваім баку».

Ён наракае: гэтае бяссілле моцна дэмаралізуе, калі бачыш відавочныя рэчы, а табе кажуць, што «ўсё было не так». Адвакат згадвае працэс над чальцамі Каардынацыйнай рады Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам: працэс зрабілі закрытым менавіта каб менш людзей бачыла абсурднасць абвінавачвання і парушэнне следствам і судом законаў Беларусі і законаў логікі.

Артыкулы
Цытавала Бахарэвіча па-беларуску, казала пра маральны выбар і сумленне. Апошняе слова Калеснікавай
2021.09.02 21:55

Калі з прафесіі працягнуць выціскаць адвакатаў, ці стане так, што не будзе каму бараніць людзей у палітычных справах?

Адвакаты ў Беларусі раз на пяць гадоў праходзяць абавязковую атэстацыю, але ім учыняюць і пазачарговую атэстацыю. Адвакатаў ацэньваюць не іхныя аўтарытэтныя калегі, а Міністэрства юстыцыі. І адвакаты, якіх выклікалі на атэстацыю ў сувязі з працай у палітычных справах, былі пазбаўленыя ліцэнзіі за «неадпаведнасць крытэрам».

Калі пачаўся паслявыбарчы крызіс, з 2000 зарэгістраваных адвакатаў першыя петыцыі супраць гвалту і ў абарону правоў падпісалі каля 200, далей нешта актыўна рабіць у гэтым напрамку працягнула сотня, мяркуе суразмоўца.

«Адвакаты, напэўна, не скончацца, але штучна ствараецца дэфіцыт адвакатаў, – разважае ён. – Міністэрства юстыцыі абмяжоўвае колькасць стажыстаў, якіх можна рыхтаваць да здачы іспытаў і атрымання ліцэнзіі. Гэта ўплывае на цэннік, на кошт юрыдычнай дапамогі. І гэта адбіваецца на якасці юрыдычнай дапамогі.

Каб гэты дэфіцыт неяк скампенсаваць, запоўніць нішу, яны прыдумалі, што атрымліваць ліцэнзію без экзамену могуць былыя працаўнікі судоў і праваахоўных органаў. Гэта так сабе выйсце. Калі чалавек хоча атрымаць юрыдычную дапамогу, ён у рэшце рэшт адваката знойдзе. Але ці будзе гэты адвакат адпавядаць нормам, што хацеў кліент, ці будзе гэтая дапамога сапраўднай і сумленнай?».

Інтэрв’ю
«Суддзяў, якія выносілі палітычныя прысуды, звольнім». Сяргей Зікрацкі – пра сёння і заўтра беларускіх судоў
2021.07.16 16:00

Суразмоўца прыводзіць такія лічбы: у расейскім Санкт-Пецярбурзе і Ленінградскай вобласці жыве 7,3 млн чалавек, у адвакацкіх палатах там зарэгістраваныя 10 тысяч адвакатаў. У Беларусі на 9,3 млн чалавек – толькі дзве тысячы.

Калі адвакат з’едзе за мяжу, ці знойдзе ён працу?

Сам суразмоўца мае досвед, каб выступаць дарадцам ці каардынатарам у юрыдычнай кампаніі або ў юрыдычнага падраздзялення арганізацыі ў іншай краіне. Маўляў, існуюць сусветныя законы бізнесу і дзве асноўныя сістэмы права: рамана-германская і англа-саксонская, а ўсё астатняе гэта нюансы, займацца якімі могуць супрацоўнікі ніжэйшага ўзроўню.

Але свой досвед ён лічыць выключэннем: у адвакатуру ён прыйшоў ужо высокакваліфікаваным адмыслоўцам, кіраваў дзясяткамі падначаленых, а ў большасці беларускіх адвакатаў такога досведу не будзе.

Перакваліфікавацца на працу адвакатам за мяжой вельмі няпроста: трэба пачынаць з нуля вывучаць права ва ўніверсітэце той краіны, дзе збіраешся працаваць, і, вядома, вывучыць мову новай краіны. Выключэнне – Расея, там беларускаму адвакату можна проста зарэгістравацца ў рэестры іншаземных адвакатаў і працягваць працаваць, калі ён не пазбаўлены ліцэнзіі ў Беларусі.

Гісторыі
Гэта нібы не мая вайна, але… Як расяянка стала валанцёркаю «Вясны» і чаму была вымушаная ўцякаць з Беларусі
2021.08.11 13:16

Улады наўпрост кажуць адвакатам пра «правілы гульні»

Хоць законы ў Беларусі могуць не працаваць, судовая сістэма дзейнічае і спраўна выносіць пастановы. А адвакаты як удзельнікі гэтай сістэмы цяпер будуць баяцца публічна выказвацца наконт сваіх справаў і сваіх падабаронных, кажа суразмоўца.

На канферэнцыі Менскай гарадской калегіі адвакатаў 4 сакавіка выступалі старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Менскай гарадской калегіі Аляксей Швакаў, намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў. Аўдыязапісы з той канферэнцыі публікавала «Вясна».

Віктар Чайчыц.
Фота: moka.by

Іхныя выступы былі, кажа суразмоўца, «поўным трэшам», «горш за XXV з’езд КПСС». Кароткі змест, паводле адваката, быў такі: «Вы мусіце сядзець як мышы пад венікам, не лезці ў палітыку, нікому нічога не распавядаць, нічога не публікаваць у сацыяльных сетках, казаць тое, што вам скажуць, хто не згодны – дзяржаве давядзецца прымаць захады».

Суразмоўца лічыць такое стаўленне вельмі шкодным для грамадства. Ён нагадвае, што, паводле міжнароднага права, адвакатура мусіць быць самакіраванай, сама супольнасць мусіць выпрацоўваць і прымаць «правілы гульні». Нават у Расеі, кажа ён, ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць выдаюць адвакацкія палаты, а не Міністэрства юстыцыі, як у Беларусі.

Hавiны
«Не вам патрабаваць у мяне пасведчанне». Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат напісаў адкрыты ліст кіраўніцтву калегіі
2021.07.07 19:26

Што рабіць адвакатам: пісаць скаргі, дамагацца справядлівасці юрыдычным шляхам?

Суразмоўца кажа, праблемы адвакатаў цяпер не юрыдычныя, а палітычныя, таму і развязаць іх можна толькі палітычным шляхам. Ды пакуль «ніхто не будзе рыпацца», перакананы ён: усе будуць атрымліваць свае грошы і ківаць з разумным выглядам.

«Тыя правілы гульні, якія цяпер навязвае Міністэрства юстыцыі, усім зразумелыя, іх наўпрост агучваюць, – кажа адвакат. – У здаравейшай сістэме маглі быць бы іншыя, але дзеля гэтага трэба размаўляць і дамаўляцца, а ўсе перамовы і дамовы могуць адбывацца толькі пасля дэмантажу дзейнай сістэмы. А цяпер усё робіцца дзеля таго, каб падпарадкаваць рэжыму, хунце ў тым ліку і адвакацкую супольнасць».

Летась абмяркоўвалі нават страйк адвакатаў, але тады такі пункт гледжання не перамог: дамовіліся, што нельга пакідаць людзей без дапамогі. Суразмоўца лічыць гэта смешным, бо зняволенаму ў СІЗА бадай ўсё адно, ці прыйдзе да яго адвакат, а вось калі на судзе абвінавачаны будзе патрабаваць адваката, а яны ўсе страйкуюць, працэс будзе сарваны. Ды цяпер заклікаў да страйку адвакатаў і няма.

АА belsat.eu

Стужка навінаў