Аглядальнік Лаўрынавічус: Пагрозу для Літвы ўяўляе не грамадзянства, а Расея як дзяржава


Пагрозу для Літвы ўяўляе Расея як дзяржава, а не грамадзянства людзей, якія едуць праз беларускую і літоўскую мяжу. Паўторны разгляд абмежавальнага закона і ўвядзенне абмежаванняў да беларусаў, такіх жа як да расейцаў, малаверагодны. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» заявіў літоўскі палітычны аглядальнік Марус Лаўрынавічус.

Марус Лаўрынавічус.
Фота: «Белсат»

4 ліпеня літоўскі палітычны аглядальнік, эксперт па пытаннях міжнародных адносін і бяспекі Марус Лаўрынавічус сказаў у інтэрвʼю «Белсату», што не вагнэраўцы ўяўляюць пагрозу для Літвы, а Расея як дзяржава. Таксама аналітык лічыць, што не трэба зноў падымаць пытанне і абмяжоўваць беларусаў як расейцаў. Ён зазначыў, што прыняцце абмежавальнага закона было памылкай нават у дачыненні расейцаў, бо трэба разглядаць не грамадзянства людзей, а наяўнасць іх сувязі з палітычнымі рэжымамі ў Беларусі і Расеі.

Марус Лаўрынавічус адзначыў, што пакуль што сітуацыя з бяспекай Літвы не змянілася, а зʼяўленне вагнэраўцаў у Беларусі зʼяўляецца «гіпатэтычным». Да таго ж бяспецы Літвы стварае пагрозу «не Група Вагнэра, а Расея як дзяржава». Аднак няма падстаў казаць, што пагроза ўзрасла.

«Не мае ніякай розніцы ці будзе гэта Група Вагнэра, ці будуць гэта расейскія войскі, ці будуць нейкія сакрэтныя арганізацыі Расеі – усё гэта ўяўляе вялікую пагрозу Літве як сябру NATO, і да ўсяго гэтага трэба рыхтавацца. І ўсе меры, вядома ж, прымаюцца. Але казаць пра тое, што зараз пагроза ўзрасла, няма ніякіх падстаў. Бо гэта нічым не пацвярджаецца», – сказаў суразмоўца.

Лаўрынавічус скептычна ставіцца да ідэі, што Расея будзе выкарыстоўваць вагнэраўцаў у правакацыях супраць Літвы на мяжы. «Я думаю, што калі Расея і будзе выкарыстоўваць нейкіх сваіх агентаў, пераапранутых у мігрантаў, ці нешта падобнае, гэта будзе рабіць не Група Вагнэра, таму што яна занадта засвяцілася ва ўсім свеце».

Што тычыцца заявы Наўседы пра тое, што трэба зноў вярнуцца да разгляду закона, паводле якога Літва ўвяла абмежаванні супраць грамадзянаў Расеі, і ўвесці такія ж абмежаванні і да грамадзянаў Беларусі, то літоўскі аглядальнік назваў памылковым абмежавальны закон цалкам.

Лаўрынавічус лічыць, што трэба разглядаць блізкасць тых ці іншых асобаў да палітычных рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, а не іх грамадзянства. У сітуацыі, калі Лукашэнка зʼяўляецца інструментам Пуціна, а іх рэжымы зліліся на столькі, што Беларусь можна разглядаць як пратэктарат Расеіі, прыналежнасць да беларускага ці расейскага грамадзянства не адлюстроўвае ўзроўню пагрозы бяспецы Літвы.

«Маё асабістае меркаванне такое, што тут была здзейснена памылка, калі нават такі закон прымаць, які быў прыняты, я не бачу ніякай, увогуле ніякай розніцы паміж грамадзянамі Расеі і грамадзянамі Беларусі. Гэта значыць асабіста, калі казаць аб кожным асобным чалавеку, вось гэта і трэба разглядаць, наколькі ён звязаны з рэжымам, наколькі ён лаяльны рэжыму», – мяркуе эксперт.

Літоўскі эксперт лічыць, што Наўседа выказаў сваё асабістае меркаванне, але заканадаўчых наступстваў гэта не выклікае, нешта мяняць ва ўжо прынятым законе Сейм не будзе, бо «няма адпаведнай палітычнай волі».

Hавiны
Прэзідэнт Літвы зноў хоча абмяжоўваць беларусаў так, як расейцаў. Прычына – у «Вагнэры»
2023.07.04 11:31

Раней прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв’ю тэлеканалу LNK заявіў, што ўладам краіны варта зноў вярнуцца да ўвядзення аднолькавых абмежаванняў у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі. Нагода для такіх словаў – прыбыццё ў Беларусь расейскіх наймітаў з ПВК Вагнэра.

Паводле Наўседы, праз розны падыход да беларусаў і расейцаў існуе рызыка з’яўлення на межах Літвы вагнэраўцаў з беларускім грамадзянствам, якіх могуць выкарыстаць «для якіх-небудзь зламысных мэтаў».

Hавiны
Сейм Літвы пераадолеў вета прэзідэнта і канчаткова ўхваліў закон аб санкцыях супраць беларусаў і расейцаў
2023.04.20 18:30

У красавіку прэзідэнт Літвы адхіліў законапраект аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў, паводле якога грамадзяне Беларусі і Расеі павінны былі мець у Літве розныя абмежаванні. Кіраўнік Літвы не бачыць розніцы паміж грамадзянамі дзвюх краінаў і ўпэўнены, што санкцыі мусяць быць аднолькавымі. Больш за тое, ён прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовы або сталы побыт. Аднак Сейм Літвы тады адхіліў вета і ўхваліў дакумент.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў