У Кіеве заявілі, што не бачаць «ударнага кулака» на тэрыторыі Беларусі


Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Дэнісэнка кажа, што найбліжэйшымі днямі нападу з боку Беларусі не адбудзецца, але ў будучыні гэтага нельга выключаць. Пра гэта паведамляе УНІАН.

У эфіры інфармацыйнага тэлемарафону 3 ліпеня дарадца кіраўніка МУС адзначыў, што мабілізацыйныя вучэнні, якія цяпер праводзяцца ў Беларусі, пакуль не пераходзяць у тую стадыю, калі можна сказаць, што пачалася масавая мабілізацыя беларусаў і войска Беларусі перайшло да сцягвання сілаў да ўкраінскай мяжы.

«Нейкага «ўдарнага кулака» на тэрыторыі Беларусі ў напрамку Украіны на гэты момант мы не бачым і, хутчэй за ўсё, яго няма. Але выключаць, што праз некаторы час могуць быць прынятыя такія рашэнні, на жаль, мы не можам. Цяперашнім станам, у найбліжэйшыя дні – заўтра-паслязаўтра, пагрозы нападу няма», – падкрэсліў Дэнісэнка.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі лічыць апошнія выказванні Лукашэнкі «небяспечным сігналам»
2022.07.03 22:40

Нагадаем, 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў спробах нібыта нанесці ўдар па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Ён заявіў, што даў загад «узяць пад прыцэл цэнтры прыняцця рашэнняў у вашых сталіцах».

3 ліпеня, выступаючы з прамовай у мемарыяльным комплексе «Курган Славы», Лукашэнка назваў вайну Расеі супраць Украіны «барацьбой супраць нацызму» і паабяцаў заўсёды падтрымліваць РФ. Ён адзначыў, што ў Беларусі шчыльны саюз з Расейскай Федэрацыяй і «фактычна адзіная армія», «Наш удзел у «спецаперацыі» [то бок у расейскай агрэсіі супраць Украіны – заўв. belsat. eu] мною вызначаны даўно», – падкрэсліў Лукашэнка.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі назваў гэтыя выказванні «небяспечнымі сігналам». Ён адзначыў, што Лукашэнку не варта ўцягваць Беларусь у захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны.

Аналітыка
Новы віток эскалацыі. Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў вайну супраць Украіны
2022.06.27 20:03

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў