«Няма матраца, будзяць два разы за ноч». Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» адбывае чарговы арышт


Агулам з верасня 2020 года сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун атрымаў ужо 100 содняў адміністратыўнага арышту.

Анатоль Бокун.
Фота: saligorskorg / Вконтакте

Анатоля Бокуна затрымалі 8 траўня, сілавікі забралі яго з дому. На лідара стачкаму быў складзены пратакол нібыта за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі пратэсту» (арт. 24.23 КаАП). 11 траўня суддзя Блоцкі арыштаваў Бокуна на 30 содняў.

19 траўня сустаршыню страйкаму зноў судзілі: ён быў аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (290 рублёў) паводле арт. 24.57 КаАП («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага абʼяднання»). Трэці суд адбыўся 31 траўня: Бокуна пакаралі яшчэ 15 соднямі арышту нібыта за «непадпарадкаванне міліцыі» (арт. 24.3 КаАП).

У траўні Анатоль Бокун быў у ізалятары ў Салігорску. Паводле сяброў Анатоля, на сустаршыню стачкаму «Беларуськалію» за кратамі аказваецца ціск, яму ствараюць невыносныя ўмовы. Пра гэта стала вядома ад чалавека, які сядзеў з актывістам у адной камеры і ўжо выйшаў на свабоду.

«Анатолю не перадаюць перадачаў, адсутнічаюць сродкі асабістай гігіены, пасцельныя рэчы, няма матраца. Будзяць яго два разы за ноч», – распавёў belsat.eu сябра Бокуна.

Маці Бокуна Уладзіслава Міхайлаўна пацвердзіла, што перадачаў ён у салігорскім ізалятары не атрымліваў.

«У Салігорску спачатку перадачы бралі, але яму не перадавалі. А потым перасталі нават браць. Нічога не тлумачылі. Відаць, гэта такое пакаранне», – кажа жанчына.

Цяпер Бокуна перавялі ў ізалятар у горадзе Старыя Дарогі. У якіх умовах трымаюць актывіста там – пакуль не вядома. У турме маці лідара стачкаму паабяцалі, што ў панядзелак яна зможа адвезці сыну перадачу.

Анатоль Бокун працаваў механікам аддзялення згушчэння сільвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўлення «Беларуськалію». У жніўні 2020 года ён стаў адным з лідараў стачкаму «Беларуськалію», быў звольнены.

З лета 2020 года за сваю грамадскую дзейнасць ён рэгулярна трапляў пад рэпрэсіі з боку спецслужбаў, яго перыядычна затрымлівалі і складалі пратаколы. У верасні – кастрычніку 2020 года Бокун адбыў 55 содняў адміністратыўнага арышту. З улікам судоў у траўні (30 + 15 содняў) агулам ад пачатку пратэстаў ягоныя арышты склалі 100 содняў.

Артыкулы
«Атрымоўваецца заганнае кола». Як страйкоўца «Беларуськалію» не звальняюць ужо 8 месяцаў
2021.04.20 09:30

Прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой неаднаразова праводзілі акцыі салідарнасці з Анатолем Бокунам.

Hавiны
Bloomberg: Еўразвяз задумаў санкцыі супраць хімічнай прамысловасці Беларусі
2021.05.27 00:39

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў