«Іх занадта шмат». Лукашэнка хоча правесці аптымізацыю банкаў


Аляксандр Лукашэнка выказаўся за правядзенне аптымізацыі банкаў. На яго думку, магчыма, іх зашмат. Аб гэтым ён заявіў падчас прызначэння новага старшыні праўлення «Банку развіцця» Сяргея Сталерчука. Ягоную кандыдатуру ён узгадніў разам з кандыдатурамі прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі, паведамляе «Пул першага».

Аляксандр Лукашэнка і купюра ў 20 тысяч рублёў з выявай будынку Нацбанку.
Калаж: Nbrb.by / president.gov.by / Белсат

Лукашэнка таксама адзначыў, што менавіта прадпрыемствы павінны прымаць рашэнні аб тым, браць крэдыт ці не.

«Ён не мусіць за чужыя грошы будаваць. Ён павінен крэдыт браць ці на свае грошы будаваць. Тады ён будзе грошы лічыць, а не тое, што мы яму раней: «Мы табе пабудуем», – сказаў ён.

«Я не кажу пра тое, што нам не патрэбны гэты банк. У адваротным выпадку мы б вас не прызначалі. Але аптымізацыю банкаў трэба правесці, трэба на іх паглядзець. У нас не хапае недзе там людзей. У АПК і іншае. А на адну такую краіну, можа, нам столькі не трэба банкаў, каб адцягваліся спецыялісты. Гэта класныя спецыялісты, фінансісты. Вялікая колькасць спецыялістаў адцягваем з эканомікі ў нейкі банк. Таму трэба паглядзець з пункту гледжання аптымізацыі», – дадаў ён.

На ягоную думку, беларускія банкі залішне канкуруюць адзін з адным.

«Нам трэба паглядзець. З банкаўскай сістэмай трэба сур’ёзна папрацаваць зараз, нягледзячы на складаныя часы. І прымаць рашэнне будзем ці сёння, ці заўтра, ці паслязаўтра. А, можа, і ўвогуле не будзем прымаць рашэнне. Але трэба паглядзець. Таму што зашмат вось гэтых паралеляў. Ну навошта нам у Беларусі, дзе ўвогуле фінансавая сістэма ўстойлівая і дысцыплінаваная, рэсурсаў лішніх няма, мора гэтых рэсурсаў няма, залішняя канкурэнцыя. Я лічу, што спецыялісты на месцах бачаць болей. І не іх [банкіраў] функцыя ўгаворваць старшыняў райвыканкамаў, каб яны рэалізавалі праект. Ёсць рашэнне прэзідэнта: адзін раён – адзін праект», – аргументаваў Лукашэнку сваю прапанову.

Паводле слоў Лукашэнкі, ужо вызначана група «кваліфікаваных вопытных эканамістаў», якія павінны заняцца пытаннем.

«Няхай збіраюцца і думаюць. Уносяць адпаведныя прапановы», – сказаў ён.

Да гэтай працы падключаны і новы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, былы кіраўнік «Банку развіцця» Аляксандр Ягораў.

Нядаўна Лукашэнка правёў сустрэчу з чыноўнікамі, якія адказваюць за фінансавую сістэму. На ёй ён заявіў аб узмацненні кантролю над Нацбанкам з боку Адміністрацыі прэзідэнта і КДК.

Аб’ектыў
Гаманцы беларусаў становяцца танчэйшымі
2024.03.18 19:56

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў