У блакадным Марыупалі застаюцца каля 130 тыс. людзей


У Марыупалі па-ранейшаму жывуць каля 130 тысяч чалавек, якія не могуць выехаць з заблакаванага расейскай арміяй гораду. Пра гэта паведаміў падчас адмысловага брыфінгу ў медыяцэтры ў Кіеве мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка – паведамляе агентва УНІАН.

Разбураны Марыупальскі тэатр пасля бамбардавання расейскімі вайскамі.
Фота: Maxar

Апроч таго, мэр заблакаванага гораду дадаў, што інфраструктура места вынішчаная практычна на 90 адсоткаў:

«У Марыупалі 130 тысяч мірных жыхароў. Вораг знішчыў усе нашы камунальныя аўтобусы. Спачатку было 150, потым 100, потым 50, цяпер нуль. Гарадской інфраструктуры таксама фактычна не засталося. Амаль 90 % інфраструктуры было знішчана. Усё знішчана».

Місія Чырвонага Крыжа ва Украіне адзначае, што насуперак дамоўленасцям аб спыненні агню для надання гуманітарных калідораў баявыя дзеянні не спыняюцца. Гэта моцна ўскладняе эвакуацыі цывільнага насельніцтва з разбуранага гораду, у якім фактычна адсутнічае вада і электрычнасць.

Паводле мэра Бойчанкі, за апошні час каля 90 тысяч чалавек змаглі выйсці праз Бярдзянск у Запарожжа. Вялікая частка ўцекачоў выбіраецца пешкі, так як не мае магчымасці здабыць паліва ці баіцца трапіць пад варожы артылерыйскі агонь.

Бойчанка дадаў, што расейская армія блакуе ўсе спробы Украіны даставіць гуманітарную дапамогу ў Марыупаль. Расейцы таксама часткова крадуць украінскую гуманітарную дапамогу, а потым раздаюць яе ад свайго імя.

Мэр падкрэсліў, што захопнікі не прапусцілі ніводнага аўтобуса, які павінен быў адправіцца ў Марыупаль для эвакуацыі жыхароў. У Васілеўку Запарожскай вобласці не пускаюць 15 аўтобусаў.

фота носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: ЯМ / Белсат

Таксама Бойчанка адзначыў факты гвалтоўнай дэпартацыі жыхароў Марыупалю на тэрыторыю Расеі. Мэр заявіў пра прымусовы выезд з гораду Марыупаль у так званую «ДНР» або ў Расейскую Федэрацыю:

«Напрыклад, калі ўначы заходзіць чалавек са зброяй і кажа, што гэта эвакуацыя, людзі, якія былі ў бамбасховішчы, ідуць да машыны і кудысьці едуць. А раніцай бачаць, што гэта не Украіна».

Паводле мэра, людзей вывозяць углыб Расейскай Федэрацыі – у Томск або Тамбоў. Бойчанка сказаў, што ёсць прыклады, калі людзям адтуль удавалася зʼехаць у Грузію, а тады яны траплялі ва Украіну.

Аб’ектыў
«Усё разбурана. Нашага гораду проста няма»
2022.04.01 23:10

ХЗ belsat.eu

Стужка навінаў