«Усё разбурана. Нашага гораду проста няма»


Гэтак, праца дзеля эвакуацыі насельніцтва працягваецца з Марыупалю ды не толькі. Адкрылі 9 гуманітарных калідораў. Эвакуацыйны транспарт пасля доўгага чакання выехаў з Мэлітопалю: калона з шасцю аўтобусаў, трох грузавікоў і больш за трохсот легкавых аўтамабіляў. Да таго ж Марыупальская гарадская рада ўпершыню пасля ачаплення гораду правяла онлайн-нараду і заклікала свет да прызнання генацыдам дзеянняў Расеі ў Марыупалі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выбухі, страх, плач, кроў і голад… Замест цёплага дому і бяспекі, патрэбных кожнаму дзіцяці… І кожнаму даросламу. У Марыупалі абстрэлы не сціхаюць нават ноччу. Людзі, якія не дачакаліся гуманітарных канвояў, бягуць ад баявых дзеянняў сваімі сіламі.

«Нам пашанцавала, канкрэтна нас не абстрэльвалі, але перад намі канвой вяртаўся 2 разы».

«Усё разбурана. Нашага гораду проста няма», – сказалі ўцекачы.

Калона аўтамабіляў сёння раніцаю рыхтавалася да ад’езду ў зваротным кірунку – на пошукі заблакаваных у Марыупалі семʼяў. Жыхар гораду, які вяртаецца па жонку і сына, паказвае дакумент, што пацвярджае прапіску, і змесціва багажніку:

«Я ўзяў дзве каністры вады. Вось вада. Кансервы панабіраў. Тут яшчэ прадукты і кансервы», – паказаў мужчына.

Ці прапусцяць яго расейскія войскі – вялікае пытанне. Учора, ужо не ўпершыню, рэальна не дзейнічаў абяцаны рэжым цішыні.

«Па стральбе сёння раніцай мы не чулі цішыні абсалютна. Стралялі вельмі моцна», – кажа жыхарка Марыупалю.

Паводле звестак міністаркі ў пытаннях часова акупаваных тэрыторыяў Украіны Ірыны Вэрэшчук, першага красавіка адкрытыя 9 калідораў для эвакуацыі людзей. Да Запарожжа – з Марыупалю, Энэргадару, Бярдзянску і Мэлітопалю. Да Бахмуту – з Рубежнага, Ніжняга, Севераданецку, Папаснай і Лісічанску. У маршрутах прадугледжаныя прыпынкі ў некаторых населеных пунктах.

Эвакуацыю працягваюць з шэрагу іншых гарадоў – няўзгодненымі, але адносна бяспечнымі маршрутамі. У тым ліку працаўнікі Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях дапамагаюць людзям і іхным гадаванцам эвакуявацца з разбуранага вайною гораду Ірпінь, які месціцца каля сталіцы.

«Людзі прыязджаюць з Ірпіня ў вельмі дрэнным фізічным і псіхалагічным стане. Калі мы з імі едзем у машынах хуткай дапамогі, яны распавядаюць нам жудасныя рэчы. Напрыклад, паказваюць фатаграфію свайго ўнука і кажуць, што ў сакавіку яны адзначалі яго Дзень нараджэння, а цяпер ён мёртвы», – дзеліцца эмоцыямі лекар Ліна Дубоўская.

Палявая кухня з простых прадуктаў, якія атрымаецца здабыць, на вадзе сумнеўнай якасці і ратаванне прынамсі часткі рэчаў, нажытых гадамі… Рэчаіснасць жыхароў Украіны, у якіх пуцінскія войскі бачаць (ці шукаюць?) нібыта нацыстаў…

«Нічога не засталося, у лазні жыву, якая ў мяне засталася. Больш нічога не засталося. Даху няма».

«Ратуем рэчы, а што рабіць? 37 гадоў шаўцом працаваў, застаўся без нічога, ні майстэрні, нічога», – распавядаюць людзі, дом якіх разбамбілі.

Для расейскіх жаўнераў, якія пазначаюць сябе знакам «Зэт» цывільныя страты – вымушаныя. У Марыупалі 160 тысяч мірных жыхароў усё яшчэ застаюцца ў пастцы. Паўсюль пах смецця, рэштак людской жыццядзейнасці і непахаваных целаў.

«Дачка пахавала маму. Хто будзе кампенсаваць гэта ўсё? Не магу казаць (плача-заўв. Рэд). Я мужык, я ніколі не плакаў у жыцці».

Прамое пытанне да кіраўніка Крамля. Рахунак, без уліку кампенсацыі за сотні смерцяў, таксама для Уладзіміра Пуціна. Прынамсі 10 мільярдаў долараў спатрэбілася б сёння на адбудоўванне інфраструктуры толькі ў Марыупалі – заявіў мэр гораду. Афіцыйны Кіеў паведаміў, што 31-га сакавіка з гораду выехалі амаль паўтары тысячы чалавек. Колькім удасца вырвацца сёння…

Юлія Цяльпук, «Белсат»