Вольга Гарбунова атрымала ўзнагароду Дзярждэпартаменту ЗША


Прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова стала лаўрэаткай прэміі «International Women of Courage Awards» Дзярждэпартамента ЗША.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова на слуханнях Каардынацыйнай рады па вызваленні палітвязняў. Варшава, Польшча. 2 снежня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Як паведамляе прэс-служба Абʼяднанага пераходнага кабінету, урачыстая цырымоніі прайшла 4 сакавіка ў Белым доме, прэмія была ўручана Вользе Гарбуновай дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і першай лэдзі ЗША Джыл Байдэн.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Гарбунова заявіла:

«У Беларусі няма закона аб перадухіленні хатняга гвалту, ёсць 88 забароненых прафесіяў для жанчын, а прама зараз мінімум 187 жанчын-палітзняволеных знаходзяцца ў турмах, дзе падвяргаюцца гвалту і катаванням за смеласць адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

З 2020 года праз турмы і несправядлівыя суды прайшло мінімум 895 жанчын і рэпрэсіі не спыняюцца.

Роўна 2 гады таму ліквідавалі недзяржаўную арганізацыю «Радзіслава». Мы дапамагалі тысячам жанчын і іх дзецям, адкрывалі гарачыя лініі, давалі прытулак, шукалі адвакатаў і псіхолагаў для пацярпелых, адкрывалі курсы па жаночай самаабароне, лабіявалі закон аб перадухіленні хатняга гвалту, а чыноўнікі дагэтуль кажуць, што гэтая праблема «не стаіць востра» і закон не патрэбен.

У Беларусі за 2 гады было ліквідавана больш за 1500 недзяржаўных арганізацый, а тысячы людзей засталіся без падтрымкі.

Самых адважных і непакорлівых з нас яны пасадзілі ў турмы: Марыю Калеснікаву, Галіну Дзербыш

Самых непрадказальных і трывалых з нас яны выгналі з краіны: Святлану Ціханоўскую, Святлану Алексіевіч

Самых асцярожных і адчайных з нас яны да гэтага часу не могуць знайсці, таму што мы ўсюды, у кожным горадзе і вёсцы Беларусі.

Я ведаю, што ўсе палітвязні выйдуць на волю і мы вернемся дадому. Беларусь будзе вольнай, і там будзе рэальная гендарная роўнасць».

Інтэрв’ю
Вольга Гарбунова: «Маё прадстаўніцтва цікавіць пытанне, што рэжым хоча за вызваленне палітвязняў»
2023.05.21 07:09

Прэмія «International Women of Courage Awards» прысуджаецца жанчынам з усяго свету, якія прадэманстравалі «выключную мужнасць, моц і лідарства ў адстойванні міру, справядлівасці, правоў чалавека, гендарнай роўнасці і раўнапраўя, а таксама пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак ва ўсёй іх разнастайнасці – часта з вялікай рызыкай і самаахвяраваннем».

Таксама сёлета лаўрэаткамі жаночай прэміі Дзярждэпартамента ЗША сталі праваабаронца з Афганістану Бэнафша Якубі, адвакатка з Бангладэш Фаўзія Карым Фіразэ, феміністка з Босніі і Герцагавіны Айна Юсіч, бірманская адвакатка Мʼінцу Він, кубінская праваабаронцы Марта Бэатрыс Роке Кабэллё, эквадорская актывістка Фатыма Кароса, гамбійская праваабаронца Фату Балдэх, іранская праваабаронца Фарыба Балух, японская праваабаронца Рына Ганоі, мараканская праваабаронца Рабха Эль Хаймар, угандзійская журналістка Агатэр Атухаірэ.

Hавiны
«Агнястрэльныя раненні, падпалы жывога чалавека». Вольга Гарбунова – пра хатні гвалт у Беларусі
2023.11.25 19:44

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў