Кубракоў распавёў пра новыя спецпадраздзяленні і выхаванне дзяцей для МУС


З нагоды Дня міліцыі міністр унутраных справаў Беларусі даў інтэрв’ю прапагандысцкаму рэсурсу Sputnik, у якім расказаў аб новых беларускіх спецпадраздзяленнях, патрыятычных клубах для дзяцей і аб сваім сыне, які таксама працуе ў органах.

Іван Кубракоў. Скрыншот з відэа: Sputnik Беларусь

Паводле слоў Івана Кубракова, у Беларусі з нядаўніх часоў з’явілася новае падраздзяленне па кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі, і ўдакладніў на прыкладзе вайны ва Украіне, што зараз БПЛА адыгрываюць важную ролю. Міністр расказаў, што цяпер у падраздзяленні АМАПу і ўнутраныя войскі паступіла шмат новага ўзбраення, «з улікам спецыфікі, якая адбываецца», а ў прыярытэце МУС цяпер барацьба з «экстрэмізмам і тэрарызмам».

Таксама створана спецпадраздзяленні па барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі групамі. Іх плануюць стварыць па ўсёй краіне, а некалькі з іх ужо працуюць у некаторых рэгіёнах: аказваюць дапамогу памежнікам, працуюць з Міністэрствам абароны.

Кубракоў распавёў, што беларускія сілавікі актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі з Расеі. Аднак пра ЧВК «Вагнэр» ён адмовіўся каментаваць, таму што «не мае права і таму што гэта прыватная ваенная кампанія, якая размяшчаецца ў Расейскай Федэрацыі».

Таксама Кубракоў узгадаў і пра «здраднікаў»: «У 2020 годзе знайшліся і тыя людзі ў органах унутраных спраў, якія не вытрымалі нагрузкі, пагроз і здрадзілі інтарэсам службы. Да іх адразу ж былі прыняты меры. Большасць з іх з’ехалі з Беларусі, іх не прыняла грамадства, яны баязліва збеглі».

На пытанне журналісткі аб тым, як ён ставіцца да праекту закона аб прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія здзейснілі «здраду дзяржаве», заявіў, што цалкам яго падтрымлівае:

«Быць дзяржслужачым, працаваць у дзяржструктуры і здрадзіць радзіме – вядома такія людзі заслугоўваю самага жорсткага пакарання. Таму я, і скажу за ўсё Міністэрства ўнутраных справаў, мы цалкам падтрымліваем. Ён [закон] накіраваны на прафілактыку і ў той жа час, як паказаў 2020 год, людзі дзяржапарату не маюць права здрадзіць. А са здраднікамі інакш нельга».

Таксама міністр расказаў пра патрыятычныя клубы для дзяцей, якія, паводле ягоных словаў, з ранняга дзяцінства павінны навучаць будучых супрацоўнікаў МУС:

«Патрыятычнаму напрамку мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Менавіта органы ўнутраных справаў пасля 2020 года заняліся патрыятычнымі клубамі. На сёння іх каля 20 – гэта і пры ўнутраных войсках, і пры Акадэміі МУС. У нас з сёмага класа навучаюцца ў нашым ліцэі МУС».

Паводле ягоных словаў, аб стварэнні такіх клубах просяць і раённыя адміністрацыі, каб «выхоўваць будучых міліцыянтаў».

Між тым Кубракоў расказаў і пра свайго старэйшага сына, які служыць у органах унутраных спраў, у Цэнтральным РУУС Менску. Ён – аператыўны работнік у крымінальнай міліцыі. Малодшая дачка міністра, паводле яго, не збіраецца ісці ў міліцыю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў