ЗША і Брытанія нанеслі ўдары па 36 аб’ектах хусітаў у Емэне


3 лютага вайскоўцы ЗША і Вялікай Брытаніі пры падтрыманні Аўстраліі, Бахрэйну, Канады, Даніі, Нідэрландаў і Новай Зеландыі нанеслі ўдары па 36 аб’ектах хусітаў у 13 кропках Емена. У Пэнтагоне гэта назвалі адказам «на працяглыя напады хусітаў на міжнародныя і камерцыйныя судны, а таксама ваенна-марскія судны, якія рухаюцца транзітам праз Чырвонае мора».

Вайсковы самалёт ЗША.
Фота: media.defense.gov

«Гэтыя высокадакладныя ўдары закліканыя падарваць і аслабіць магчымасці, якія хусіты выкарыстоўваюць для таго, каб пагражаць глабальнаму гандлю і жыццю нявінных маракоў, і зʼяўляюцца адказам на серыю незаконных, небяспечных і дэстабілізуючых дзеянняў хусітаў, учыненых пасля папярэдніх удараў кааліцыі 11 і 22 студзеня 2024 года, уключаючы напад 27 студзеня, у выніку якога быў уражаны і падпалены нафтавы танкер пад сцягам Маршалавых выспаў, цеплаход Marlin Luanda», – гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначаецца, удары былі нанесеныя па глыбока закапаных сховішчах зброі, ракетных сістэмах і пускавых устаноўках, сістэма’ СПА і радарах хусітаў.

У Пэнтагоне адзначылі, што з сярэдзіны лістапада 2023 года хусіты ўчынілі больш як 30 нападаў на камерцыйныя і ваенна-марскія судны ў Чырвоным моры. У ведамстве паабяцалі «без ваганняў» працягнуць «абараняць жыцці і свабодны рух гандлю на адным з самых важных водных шляхоў у свеце».

«Гэта калектыўнае дзеянне пасылае хусітам выразны сігнал аб тым, што яны будуць працягваць несці далейшыя наступствы, калі не спыняць незаконныя напады на міжнародныя марскія і ваенна-марскія судны», – заявіў міністр абароны ЗША Лойд Остын.

Каментар
Ці прывядуць удары ЗША па саюзніках Ірану да новай эскалацыі? Каментуе ўсходазнаўца
2024.02.03 16:25

2 лютага сілы Цэнтральнага камандавання ЗША нанеслі авіяўдары ў Іраку і Сірыі па іранскім Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі і звязаных з ім узброеным фармаваннях. Агулам былі атакаваныя больш чым 85 мішэняў. У авіяўдарах былі выкарыстаныя больш за 125 высокадакладных боепрыпасаў.

Гэта стала адказам на атаку беспілотніка ў Іярданіі 28 студзеня, у выніку чаго загінулі трое амерыканскіх вайскоўцаў і больш за 40 пацярпелі. Адказнасць за атаку ўзяла на сябе праіранская групоўка «Ісламскі супраціў у Іраку».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў