У Беларусі засталося не больш за тысячу вагнэраўцаў, паведамляе Мінабароны Вялікай Брытаніі


У міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што ў Беларусі засталося не больш за тысячу наймітаў ПВК Вагнэра. Яны навучаюць сілавікоў, і, паводле ведамства, ім наўрад ці даручаць іншую працу.

Баевікі расейскай групы Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

«Імаверна, у Беларусі засталося менш за тысячу наймітаў ПВК Вагнэра. Яны знаходзяцца ў краіне з чэрвеня 2023 года, калі іх налічвалася 8 тысячаў», – паведаміла Мінабароны Злучанага Каралеўства ў чарговай справаздачы, прысвечанай вайне ва Украіне.

Ведамства называе Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам і адзначае, што наўрад ці ён будзе выкарыстоўваць баевікоў «за межамі іх цяперашняй кампетэнцыі»:

«Яны ўдзельнічаюць у рыхтаванні вайскоўцаў МУС, але малаімаверна, што яны будуць браць непасрэдны ўдзел у падтрыманні ўнутранай або памежнай бяспекі Беларусі».

Пры гэтым, як падкрэслівае Мінабароны Вялікай Брытаніі, прысутнасць вагнэраўцаў у нашай краіне – на карысць расейцам, бо Украіна вымушаная трымаць войска на мяжы з Беларуссю на выпадак «магчымага будучага ўварвання».

Hавiны
МУС анансавала «больш інтэнсіўныя» трэнаванні з баевікамі ПВК Вагнэра
2024.01.28 16:18

Надоечы такую ж ацэнку даваў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Сахашчык. Напачатку студзеня ён казаў, што бальшыня наймітаў дасюль жыве ў лагеры ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Паводле яго, некалькі дзясяткаў баевікоў атрымалі беларускія пашпарты са змененымі імёнамі і датамі нараджэння і падпісалі кантракты з унутранымі войскамі МУС.

Прапагандысцкія крыніцы рэгулярна паведамляюць пра трэнаванні, што ладзяць вагнэраўцы з беларускімі сілавікамі. На гэтым тыдні Telegram-канал унутраных войскаў адсправаздачыўся, што баевікі пачалі рыхтаваць снайпераў.

Hавiны
Карпянкоў на вучэннях з’явіўся з шаўронам ПВК Вагнэра
2023.12.23 09:18

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў