Салігорскага экс-дэсантніка Руслана Акостку пакаралі трыма гадамі калоніі за «гвалт» над сілавіком


Салігорскі суд агучыў вырак мясцоваму жыхару Руслану Акостку, які 15 лістапада прайшоў ледзьве не ўвесь горад пад бел-чырвона-белым сцягам. Мужчыну пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі, перадае праваабарончы цэнтр «Вясна».

Руслана Акостку вінавацілі ў супраціве міліцыянту, які ахоўвае грамадскі парадак, а таксама ў нанясенні цялесных пашкоджанняў, якія не панеслі за сабою цяжкіх ускладненняў і шкоды здароўю (арт. 363 КК РБ). Пры гэтым на відэа затрымання Акосткі было відаць, што мужчына ніякага супраціву не аказваў. Да суда яго ўтрымлівалі ў Жодзінскім СІЗА.

Віну Акостка не прызнаў. Пацярпелым прызналі работніка Салігорскага РАУС Ягора Царыковіча. Ён распавёў, што пры затрыманні Руслан схапіў яго адною рукой за левую нагу, другою – за тулава і паваліў на зямлю. Сам зваліўся зверху.

Пракурор Аляксей Чарнышэвіч запатрабаваў 3 гады пазбаўлення волі і пакрыццё маральнай шкоды памерам 2000 рублёў. Адвакатка Акосткі папрасіла апраўдаць мужчыну праз адсутнасць у дзеяннях падвіноўнага складу злачынства, але суддзя Алеся Серадзенка пагадзілася з абвінаваўцам і адправіла мужчыну на тры гады калоніі.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў