У ЗСУ заяўляюць, што трапілі ў камандны пункт расейскіх войскаў каля Севастопалю


4 студзеня ўкраінскія вайскоўцы паразілі камандны пункт расейскіх войскаў каля Севастопалю на тэрыторыі анексаванага Крыму. Пра гэта паведамілі ва Упраўленні стратэгічных камунікацыяў Збройных сілаў Украіны.

Наступствы ўкраінскай атакі 4 студзеня ў Крыме.
Фота: Крымский ветер / Telegram

Украінскі рэсурс «Крымский ветер» адзначае, што быў прылёт у вайсковую частку СПА побач з Уютным пад Еўпаторыяй (Сакскі раён).

«Цяпер туды чарадой едуць машыны хуткай дапамогі», – піша ён са спасылкай на крыніцу.

Атаку на паўвостраў пацвердзілі ў Міністэрстве абароны Расеі. Там адзначылі, што знішчылі над Крымам дзесяць украінскіх ракет. Колькасць запушчаных ракет не ўдакладняецца.

Тым часам кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Севастопалю Міхаіл Разважаеў заявіў, што атака на Севастопаль «была самая масіраваная за апошні час».

Паводле яго, у выніку падзення аскепкаў ракет быў паранены адзін чалавек.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў