Марыя Грыц: Як не ашалець ад таго, што адбываецца? Праграма «Трэба пагаварыць» дае канкрэтныя парады


Праграма «Трэба пагаварыць» вяртаецца на «Белсат Life» у новым фармаце. Аўтарка і вядоўца Марыя Грыц прапануе гледачам зладзіць Год ментальнага дабрабыту. Праект падоўжыўся, паглыбіўся, набыў новую форму і экспертны кірунак: ток-шоу ператварылася ў псіхалагічную парадню. Размаўляем з Марыяй пра новую канцэпцыю праекту і тое, чаму ён карысны і бяспечны для гледачоў у Беларусі і па-за яе межамі.

Вядоўца Марыя Грыц падчас здымак праграмы «Трэба пагаварыць». Фота для рэдакцыі

«Папярэдні сезон я б назвала працэсам станаўлення праекту. Леташні фармат прадугледжваў такое, ведаеш, тэрапеўтычнае кола – з некалькімі вядоўцамі, героем і ўключэннем эксперткі. Але цяпер будзе па-іншаму, бо мы зразумелі: людзі маюць патрэбу ў больш канкрэтнай інфармацыі. Таму цяпер асноўная камунікацыя будзе з экспертам», – гаворыць стваральніца і вядоўца праграмы «Трэба пагаварыць» Марыя Грыц.

«Будзем выходзіць у серады – штотыдзень»

«Белсат»: – Але ж герояў таксама будзеш запрашаць, так?

Марыя Грыц: – Канечне, але фармат удзелу госця будзе троху іншы. Раней герой быў цэнтрам увагі цягам усёй праграмы. Цяпер мы з ім камунікуем падчас онлайн-сувязі, і гэта толькі частка праграмы. Яшчэ адна – жывая размова з экспертам. Апроч гэтага, звязваемся з чалавекам, які дапамагае нам развязаць нейкія сумежныя пытанні галоўнай тэмы.

То бок мы ідзём да канкрэтных інструкцыяў і практычных парадаў, як палепшыць свой псіхалагічны стан. Уласных перажыванняў стане менш. Рухаемся ў кірунку экспертнасці.

Зрэшты, як усё гэта выглядае, можаш ужо пабачыць на ўласныя вочы. У сераду на «Белсат Life» з’явіўся першае выданне ў новым сезоне. Мы будзем выходзіць у серады – штотыдзень.

– І я ўжо паглядзеў і прызнаюся: буду настойліва раіць глядзець іншым! «Лукашысты не шкадуюць ані жывых, ані памерлых». Гісторыя кахання і страты каханай, якую апавёў у эфіры Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), уражвае. Як ты ўвогуле адважылася ўзяцца за такую балючую тэму – смерць блізкага?..

– Акурат таму і адважылася, што вельмі балючая. Бо тэма гэтая адначасова і агульначалавечая, і сцісла беларуская. Бо ў нас гэты драматычны досвед абцяжарваецца тым, што зняволеных асобаў не адпускаюць на пахаванні блізкіх – такі вычварны чын катаванняў. Развітацца з імі не можа і большасць тых беларусаў, якія выехалі з краіны.

Як перажыць гэта? Як захаваць сябе? Як не ашалець ад таго, што адбываецца? На гэтыя пытанні мы будзем спрабаваць адказваць у кожным новым выданні «Трэба пагаварыць».

Прызнаюся, што вельмі баялася закранаць тэму смерці блізкіх людзей. Калі ты і так пад моцным псіхалагічным ціскам, то можа падацца, што пра смерць – гэта ўжо занадта. Але нам удалося вывернуць тэму ў цікавае рэчышча. Мы з псіхалагіняю Наталляю Скібскай абмеркавалі, як можна даць рады са стратаю пры дапамозе беларускіх народных традыцыяў. Наталля апавяла пра кніжку Янкі Крука, у якой апісваюцца пэўныя рытуалы ды іх важнасць увогуле ў перажыванні гора. У нашай традыцыі ўжо ўсё прапрацавана – проста бяры і рабі.

Ну і гісторыя спадара Аляксандра Ждановіча вельмі шчымлівая… І натхняльная адначасова!

А яшчэ лыжку цвярозай адэкватнасці нам сыпануў Андрэй Стрыжак, вядомы сваёй пазіцыяй наконт таго, што заставацца ў бяспецы і на волі нашмат больш істотна за выкананне пахавальнага рытуалу…

«Нашая звышідэя – бяспечная прастора»

– У першым выданні пачуў шмат карысных парадаў. Тваё ток-шоу ператвараецца хіба ў псіхалагічную парадню. Можна так сказаць?

– Так. Але ў межах праекту плануем рабіць і онлайн-марафоны, і жывыя сустрэчы з гледачамі. Будзем у гэтым супрацоўнічаць з іншымі ініцыятывамі. Бо гэта класна – бачыцца вочы ў вочы з нашай аўдыторыяй, з людзьмі, якія ўсведамляюць важнасць ментальнага здароўя. Праект расце, і я вельмі цешуся.

Здымкі праграмы «Трэба пагаварыць». Фота для рэдакцыі

І яшчэ: мы тэстуем сайт зваротнай сувязі. Гэтая сувязь будзе бяспечная. Бо звышідэя нашага праекту – бяспечная прастора. Зважаючы на тое, што цяпер суды налева і направа раскідваюць «экстрэмісцкія» цэтлікі, мы прыдумалі бяспечны шлях, каб да нас па псіхалагічную дапамогу звярталіся людзі з Беларусі. Бо менавіта для Беларусі гэта найбольш актуальна. Шмат хто, я ведаю, мае пэўную перасцярогу, каб пайсці да спецыяліста па дапамогу ў Беларусі, бо не вядома, да каго ідзеш.

Кажу гэта з усёю павагаю да людзей, якія цяпер надаюць офлайнавую псіхалагічную дапамогу ў Беларусі. Але…

У нас немагчыма будзе адсачыць, хто звяртаўся па дапамогу, бо ўсё будзе чысціцца адразу па спампоўванні сесіі, па спасылцы – таксама. Плюс усе нашыя эксперты цяпер за межамі краіны.

Карацей, мы вельмі моцна працуем над бяспекай і тым, каб псіхалагічная дапамога была даступная ўсім. І я вельмі ўсцешаная, што мы робім нешта карыснае. І не толькі для людзей у Беларусі, што суперкласна, але і для людзей, якія цяпер за мяжою. Бо ў эміграцыі людзі таксама вельмі моцна цярпяць, і псіхалагічны ціск тут, на жаль, таксама высокі.

Натуральна, мы не зможам даць адказаў на ўсе пытанні, гэты праект не палачка-выручалачка. Але хоць трошачку дапамагчы, падтрымаць – гэта таксама класна.

Людзі гатовыя гаварыць. Ці гатовыя слухаць?

– Згодны, класна. «Трэба пагаварыць» пашыраецца. Але ці гатовыя людзі гаварыць пра свой боль і свае праблемы?

– Зразумела, што не ўсе. Чалавек мусіць перажыць нейкі свой пэўны досвед. Перапрацаваць сваю траўму, пераасэнсаваць, навучыцца жыць у новых акалічнасцях. Гэта натуральны псіхалагічны працэс. Тады можна і гаварыць, дзяліцца з іншымі. Але па параду і дапамогу можа звярнуцца кожны.

Што да гатовасці гаварыць, то, ведаеш, у мене было летась вялікае адкрыццё. «Ці гатовыя людзі слухаць?» – запыталася сама ў сябе. Адказ: пра некаторыя рэчы – не. У мінулым годзе ў нас быў выпуск пра сексуальную адукацыю ў Беларусі. Мы думалі, што можна ў праграме прагаварыць нейкія базавыя штукі пра тое, што казаць дзецям замест казак пра буслоў і капусту. І людзі гэта не глядзелі, нават пачалі ад нас адпісвацца.

Псіхалагіня Наталля Скібская і вядоўца Марыя Грыц падчас здымак праграмы «Трэба пагаварыць». Фота для рэдакцыі

Я была вельмі здзіўленая. Але гэта нашая рэчаіснасць. Людзі не гатовыя пра гэта слухаць. Хаця шкада…

– Калі ўжо пра секс, то «Трэба пагаварыць» у мінулым сезоне ўспрымаўся як праект, арыентаваны збольшага на жанчын, хоць у студыю і запрашалі, напрыклад, Паўла Латушку, Змітра Лукашука… Прапорцыі не зменяцца? Бо мужчыны ж таксама вас глядзелі.

– О, я вельмі ўсцешаная. Ведаю, што глядзелі. Сапраўды, ёсць такая парадыгма, што жанчыны больш увагі звяртаюць на сваё ментальнае здароўе. Мужчыны носяць усё ў сабе, назапашваюць і максімальна трываюць, але ў нашым грамадстве сацыяльна не ўхваляецца, калі мужчына, скажам, плача («мужчыны не плачуць») ці апавядае пра свой боль. А потым, паводле статыстыкі, мужчыны жывуць на 12 гадоў менш за жанчын і ў 5,5 разу часцей канчаюць жыццё самагубствам… Гэта жахліва і гэта трэба мяняць.

А тое, што мы запрашалі раней на перадачу больш жанчын, чым мужчынаў, не звязана з тым, што мы не хочам дапамагаць мужчынам. Натуральна, мы адкрытыя да супрацы з любымі людзьмі незалежна ад гендару. Тут, ведаеш, была, напэўна, гісторыя пра тое, што большасць класных экспертак у розных кірунках мы знайшлі сярод жанчын.

Дарэчы, за лета мы назбіралі ўжо цэлы пул выдатных і цікавых экспертак у розных галінах.

І слухай, калі ўжо гаворка пра мужчынаў. У першым выпуску 2024 года – поўны баланс. Там і Маляваныч, і Андрэй Стрыжак. І тэма агульначалавечая. Таму яшчэ раз паўтару: тое, што мы падтрымліваем жанчын, не значыць, што мы адвярнуліся ад мужчынаў.

«Буду гаварыць са звычайнымі людзьмі»

– Каго са знакамітых беларусаў ужо запрасіла ці марыш запрасіць на «Трэба пагаварыць»?

– Не скажу. Пакуль сакрэт. Але ведаеш, у мінулым сезоне ў нас былі не толькі славутыя людзі, але і людзі, пра якіх было мала каму вядома. І я зразумела, наколькі гэта класная практыка – гаварыць са звычайнымі людзьмі. Бо досвед кожнага чалавека ўнікальны. І хтосьці прыдумляе нейкія такія класныя штукі, што проста бяры і рабі – табе стане лягчэй.

Здымкі праграмы «Трэба пагаварыць». Фота для рэдакцыі

Таму мая фантазія такая: нават не кагосьці канкрэтнага запрасіць, а пагаварыць з як мага большаю колькасцю людзей. Бо ў кожнага з нас ёсць карысны лайфхак, як выжываць, як даваць рады, як сябе захоўваць. І вось калі мы ўсе зможам з усімі падзяліцца сваймі сакрэцікамі-дапамагалкамі, гэта будзе суперкласна… Гэта мая мэта.

А захаваць сябе і сваё псіхічнае здароўе ў цяперашніх умовах – нашая агульная мэта. Для гэтага і робім гэтую праграму.

– І дзякуй за тое, што робіш. Каго пабачым у наступных выданнях? На якія тэмы будзем гаварыць?

– Будзем працягваць адказваць на пытанні і разбіраць сітуацыі, пра якія нам пішуць людзі. Напрыклад, пра траўматычны досвед за кратамі, а потым – вяртання да нармальнага жыцця. Як сябе паводзіць і камунікаваць з былымі палітвязнямі? Балючая і важная тэма.

Хто будзе запрошаны ў якасці госця і экспертаў, хай будзе сюрпрызам. Абяцаю, што праект будзе развівацца і рабіцца яшчэ больш цікавым і карысным.

– Дык што – да наступнай серады?

– Так, да серады! «Трэба пагаварыць» будзе выходзіць штотыдзень, каб людзі адчувалі, што мы заўсёды поплеч, што мы гатовыя гаварыць, што мы гатовыя даваць парады і дапамагаць. Глядзіце нас на «Белсат Life».

Агляд
Калі вы цэлы год не чыталі навінаў «Белсату» – вось пра што мы пісалі
2023.12.10 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў