«Лівянт сказаў бы, што гэта жудасна…» Плюсы і мінусы новых правілаў прыёму ў ВНУ


У 2023 годзе выпускнікоў беларускіх школ зноў чакаюць неспадзяванкі. Правілы паступлення ў ВНУ ў чарговы раз змянілі ў самы разгар навучальнага года. Нават калі гэтыя змены пазітыўныя – сітуацыя напружвае і нервуе школьнікаў ды іх бацькоў. Разбіраемся, у чым сэнс зменаў і ці нясуць яны якую карысць.

Рэклама на плоце побач з адным з факультэтаў БНТУ. Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Падпісаны 3 студзеня ўказ №2 уносіць змены ў дакумент ад 27 студзеня 2022 года пад назвай «Аб правілах прыёму асобаў для атрымання вышэйшага і сярэдняй спецыяльнай адукацыі», а самыя правілы прыёму ў новай рэдакцыі падаюцца на 45 старонках.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Каспяровіча, змены ў правілы вызначаюць «больш гнуткія і шырокія траекторыі для паступлення ў ВНУ». Ці так гэта?

Увялі цэнтралізаваны экзамен – ЦЭ. Што гэта?

Падчас прэс-канферэнцыі 4 студзеня, прысвечанай зменам у правілы прыёму ў ВНУ, чыноўнікі Мінадукацыі найбольшую ўвагу надалі ключавой навэле – аб увядзенні цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ), сертыфікат якога можна будзе падаваць пры паступленні ў ВНУ.

Мяркуецца што ў 2023 годзе 11-класнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены – па беларускай ці расейскай мове (на выбар) і яшчэ адзін – на выбар выпускніка з пераліку прадметаў, па якім праводзіцца ЦТ.

«Іншых экзаменаў 11-класнікі здаваць не будуць. У 2023 годзе нагрузка змяншаецца», – запэўнівала начальніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Яна нагадала, што ў 2022 годзе выпускнікі здавалі аж 7 экзаменаў за кароткі адрэзак часу: 4 выпускныя экзамены, а праз некаторы час – яшчэ тры (як мінімум) тэсты на ЦТ. Сёлета здадуць толькі тры: два ЦЭ і адзін ЦТ.

Чыноўніца падкрэсліла, што асноўная перавага такой сістэмы ў сумяшчэнні выпускной і ўступнай кампаніі, а «таксама аднолькавыя формы правядзення выпускнога і ўступнага экзамену».

Калі пройдзе ЦУ і чым ён розніцца ад ЦТ

Ужо вызначаныя асноўныя даты ЦЭ: 14 траўня – экзамен па беларускай (ці расейскай) мове, 21 траўня – экзамен па профільным прадмеце на выбар. Прадугледжаныя рэзервовыя дні – 23 і 25 траўня. Цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) адбудзецца пазней. 

Механізмы правядзення ЦЭ і ЦТ «вельмі падобныя», кажуць чыноўнікі. Але маюцца адрозненні. Рэгістрацыя вучняў на ЦЭ і атрыманне пропускаў, выдача сертыфіката будуць адбывацца ў школе, дзе яны навучаліся.

ЦЭ будзе праводзіцца ў пунктах тэставання. Мінадукацыі ўжо вызначыла 144 пункты (ВНУ, каледжы і г.д.), да якіх вучняў будуць давозіць таксама цэнтралізавана.

Такім чынам, пры паступленні абітурыент у 2023 годзе будзе падаваць у прыёмную камісію ВНУ тры сертыфікаты: два – цэнтралізаванага экзамену (па мове і адзін профільны, які выбраў) і яшчэ адзін сертыфікат ЦТ (другі профільны прадмет).

Каго возьмуць без экзаменаў? Што яшчэ знойдзем у правілах

Абноўленыя правілы паступлення ў ВНУ вызначаюць, якія дакументы мусяць падаць абітурыенты ў прыёмныя камісіі, на якіх умовах праводзяцца ўступныя іспыты, хто мае правы на льготы пры залічэнні і на якіх прынцыпах яно адбываецца.

Гэтак, у спіс катэгорыяў асобаў, якія маюць права паступаць у ВНУ без іспытаў, дадалі пераможцаў універсітэцкіх алімпіядаў (дэталі прапісаныя ў дакуменце). Таксама тых, хто атрымаў сярэдняю спецыяльную адукацыю па педагагічнай спецыяльнасці (пры паступленні на завочную форму). Яшчэ – выпускнікоў «Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку» і «Школы кіравання (грамадска-гуманітарны профіль)» пры Акадэміі кіравання.

Дарэчы, без экзаменаў цяпер можна паступіць у беларускую ВНУ і тым, хто здаў дзяржаўныя іспыты ў Расеі, але толькі – на платную форму навучання.

  • Дакумент дае права навучальным установам залічваць па-за конкурсам удзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якіх узнагародзілі пахвальным водгукам, але толькі пры паступленні «на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці».
  • Пры паступленне на завочную форму цяпер трэба будзе мець за спінай не менш чым 10 месяцаў працоўнага стажу.
  • Новыя правілы прадугледжваюць таксама залічэнне выпускнікоў ліцэяў пры ўніверсітэтах у гэтыя ВНУ без экзаменаў.
  • Распрацоўнікі дакументу абмежавалі узроўні льготаў, якія даюцца пераможцам алімпіядаў. Перамога на абласной алімпіядзе дае права на залічэнне без экзаменаў толькі ў абласную ВНУ, а пераможца рэспубліканскай – ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі.
  • Правіламі ў новай рэдакцыі вызначаюцца «асаблівы парадак прыёму» на мэтавую падрыхтоўку: здача аднаго экзамену, рэкамендацыя працоўнага калектыву або педсавету ды іншыя ўмовы. «Асаблівы парадак» вызначаны і для тых, хто паступае ў Акадэмію кіравання: рэкамендацыя з места вучобы ці працы, мясцовага выканаўчага і распарадчага органу, прафесійна-псіхалагічнае сумоўе і г.д.
  • Падкрэсліваецца, што ў пералік абавязковых дакументаў, неабходных для паступлення, дадаецца характарыстыка са школы ці месца працы.

У абноўленых правілах прыёму прапісаная магчымасць пазаконкурснага залічэння выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў у ВНУ, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны, МУС, МНС, Дзяржаўнага памежнага камітэту і на ваенныя факультэты.

Разбор
Дэградацыя школы зайшла ў піке: што адбываецца з беларускай адукацыяй і што рабіць бацькам
2022.12.28 10:51

Дарэчы, на пазаконкурснай аснове, паводле абноўленых правілаў, У ВНУ будуць праходзіць і дзеці супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія атрымалі падчас службы інваліднасць. Але льгота будзе датычыць толькі тых, хто паступае ў ВНУ, якія падпарадкоўваюцца Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэту ці на ваенныя факультэты.

Вадзім Мажэйка пра «фіксацыю «сілавікоў» як асобнай касты

Каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Нашае меркаванне» Вадзім Мажэйка заўважае ў абноўленых правілах прыёму ў ВНУ «фіксацыю «сілавікоў» як асобнай касты, якая патрабуе гнуткага падыходу». Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у тым, што адпаведныя «сілавыя» ВНУ надзяляюць правам самім вырашаць, якім чынам прымаць абітурыентаў. А таксама – у льготах для дзяцей «сілавікоў».

«Я б не сказаў, што гэта так трагічна і закранае ўсю сістэму, бо датычыць спецыфічных ВНУ. Але мне здаецца, што гэта вельмі характэрная з’ява, якая адлюстроўвае рост унутрысістэмнага ўплыву «сілавікоў», якія могуць цяпер эфектыўна лабіяваць свае інтарэсы ў досыць шырокім сэнсе.

Гэта характэрны момант, які выходзіць за межы чыста абітурыенцкай кампаніі, бо паказвае больш шырокія трэнды ў беларускім грамадстве», – кажа Вадзім Мажэйка.

Эксперт таксама заўважае, што ў абноўленых правілах асобнай катэгорыя згадваюцца «грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаваў». Яны, згодна з указам, могуць усё ж удзельнічаць у конкурсе на паступленне (нароўні з грамадзянамі Расеі, Кыргізстану і г.д) у дзяржаўныя і прыватныя ВНУ.

«Але фактычна, так выглядае, гэтым закладваецца падмурак на будучыню, каб не дапусціць тых, каго прапаганда называе «беглымі», ці іх дзяцей на бюджэтныя месцы. Фактычна гэта такое замацаванне грамадскага расколу… Каб, крый божа, дзеці дыяспары не прыязджалі ў беларускія ВНУ на бюджэтныя месцы, не распаўсюджвалі вальнадумства і не трацілі бюджэтныя грошы», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

«Выпускны экзамен у школе быў атавізмам»

Скасаванне школьных выпускных экзаменаў праз увядзення ЦЭ (цэнтралізаванага экзамену) Мажэйка называе «слушнай справай», бо школьны экзамен у беларускай школе «заставаўся атавізмам» на фоне ЦТ. Але як гэта будзе працаваць і ці будзе забяспечаны належны ўзровень празрыстасці, пакуль невядома, зазначае эксперт. Пытанняў застаецца шмат.

Вадзім Мажэйка (злева) і Яўген Лівянт.
Фота: Вадим Можейко / Facebook

На ягоную думку, пытанне не ў тым, ці будзе сёлета выпускнікам з новымі правіламі лягчэй ці цяжэй, а ў тым, «ці будзе гэта больш справядліва і ці падвысіць якасць адукацыі».

«Што сапраўды ўскладняе ім жыццё, дык тое, што ўсё гэта робіцца пасярод навучальнага года, як было, дарэчы, і летась. Толькі цяпер у нас няма на свабодзе спадара Лівянта, які сказаў бы, што гэта жудасна, няправільна і ўсіх збівае з панталыку, таму што абітурыенты не могуць рыхтавацца, бо да апошняга не ведаюць правілаў гульні. Ну дык калі не можа сказаць спадар Яўген Лівянт, кажу гэта я», – зазначыў Вадзім Мажэйка.

Ён лічыць, што, затрымліваючы вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта, «сілавікі» наўрад ці сінхранізавалі сваю працу з законатворцамі. Але «атрымалася вельмі характэрна»: яго схапілі перад самым прыняццем новых правілаў для абітурыентаў…

Паводле Міністэрства адукацыі РБ, у 2023 годзе школы мяркуюць выпусціць у дарослае жыццё каля 53 тысячаў 11-класнікаў. Колькі з іх вырашаць паступаць у беларускія ўніверсітэты, пакуль  невядома. 

Аналітыка
«Яны капіююць савецкую сістэму і дзесьці крэатывяць самі». Эксперты – аб асноўных праблемах беларускай адукацыі
2022.12.01 12:57

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў