Збітую ГУБАЗіКам маці пяці дзяцей Вольгу Залатар асудзілі на чатыры гады


Менскі гарадскі суд 3 снежня вынес прысуд палітзняволенай Вользе Залатар, якая была арганізатаркай чаяванняў і канцэртаў у сваім двары.

Вольга Залатар. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Маці пяцярых дзяцей суддзя Анастасія Папко прысудзіла чатыры гады зняволення. Пракурорка Жанна Баранава патрабавала пяць гадоў зняволення.

Артыкулы
«Хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару». Вольга Залатар выступіла з апошнім словам
2021.11.30 15:40

Вольгу Залатар абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») і ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і навучанне дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Яе трымаюць за кратамі з 18 сакавіка бягучага года.

Яна была адміністратаркай мясцовага дваровага чату і арганізоўвала несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты.

«У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны», – заявіла Вольга Залатар у апошнім слове.

Былы адвакат палітзняволенай Андрэй Мачалаў, якога затым пазбавілі ліцэнзіі, распавёў, што пасля затрымання ў ГУБАЗіКу Вольгу збівалі, выбіваючы паролі ад тэлефона. Адвакаты выявілі ў жанчыны сінякі на руках і шыі, сінякі на ягадзіцах.

Залатар і ейны абаронца падавалі заяву, каб пачалі крымінальнай справы супраць супрацоўніка ГУБАЗіКу Цверацінава за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў (артыкулы 424 і 426 Крымінальнага кодэксу). Але ў крымінальнай справе адмовілі на падставе нібыта адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства. У СК пастанавілі, што «заявы Залатар аб прычыненні ёй цялесных пашкоджанняў не адпавядаюць рэчаіснасці, бо яны мелі месца да ейнага затрымання».

Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў