«Стварыць і захаваць сваю ідэнтычнасць». У Батумі распачынае працу афіцыйная беларускамоўная школа


Дзеці беларусаў у Батумі з гэтага года маюць магчымасць навучацца на роднай мове і атрымаць афіцыйны грузінскі атэстат аб сярэдняй адукацыі. 16 кастрычніка адкрываецца беларуска-грузінска-французская школа. Яе стварэнне стала магчымым дзякуючы намаганням Беларускай дыяспары Аджарыі, культурніцкай прасторы «Аксяродак» і яе гаспадыні Аксаны Акуневіч. Прэзентацыю школы яна правяла падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Спадзяемся адкрыць беларускі сектар»

Беларусы, якія пераязджаюць жыць у Грузію, сярод самых сур’ёзных праблем, з якімі яны тут сутыкаюцца, называюць адукацыю для дзяцей. У Грузіі ёсць так званы «рускі сектар», дзе навучанне вядзецца на расейскай мове, аднак атэстат выдаецца афіцыйны, грузінскі. Класаў у «рускім сектары» не так шмат. Асабліва ў 2022 годзе, калі ў краіну прыехала шмат уцекачоў з Украіны, беларускія бацькі сутыкнуліся з адсутнасцю месцаў у школах. Дзяцей даводзілася аддаваць у расейскія школы, у тым ліку – у фармаце онлайн-навучання. За год у Грузіі быў створаны ўкраінскі сектар. Магчымасцяў жа атрымаць афіцыйную адукацыю на беларускай мове не было.

Агляд
Дзе за мяжой дзеці могуць вучыцца па-беларуску? Агляд магчымасцяў
2023.09.05 17:35

Беларуская дыяспара Аджарыі правяла шэраг перамоваў з грузінскімі ўладамі, з мясцовымі школамі. Вынікам стала стварэнне беларуска-грузінска-французскай школы ў Батумі. Больш такіх у іншых краінах няма, падкрэслівае гаспадыня культурніцкай прасторы «Аксяродак» Аксана Акуневіч:

«Мы ўсцяж спадзяемся адкрыць беларускі сектар. Мы размаўлялі пра гэта ў Парламенце Аджарыі, у Парламенце Грузіі. Але з цалкам беларускім сектарам складана, бо сама Грузія павінна ініцыяваць, і гэта ўсё можа доўжыцца гады тры. Гісторыя з Украінай і што так хутка адкрылі ўкраінскі сектар – іншая, таму што вайна, гуманітарная катастрофа. Таму вось такі фармат школы – беларуска-грузінска-французскі – максімум, што мы зараз можам зрабіць. На сённяшні дзень гэта адзіная такая беларуская школа ў свеце, і я вельмі рада, што ў нас такое атрымалася».

Тры дні на тыдзень – беларускія, два – грузінскі ды французскі

Партнёрам беларусаў стала першая прыватная грузінска-французская школа ў Батумі. Гэтая навучальная ўстанова моцна інтэграваная ў франкафонныя краіны.

«Да іх рэгулярна прыязджаюць носьбіты мовы – з Францыі, Бельгіі, Канады. Ёсць рэгулярныя паездкі і абмены, франкафонныя мерапрыемствы. Школа зацікаўлена далучыць да сябе і нашых дзяцей», – распавядае гаспадыня «Аксяродку».

Навучанне будзе падзеленае на беларускі і грузінска-французскія блокі.

Тры дні на тыдзень – панядзелак, серада і пятніца – будуць беларускімі.

«Заняткі ў гэтыя дні будуць праходзіць на базе «Аксяродку» па адрасе: г.Батумі, вул.Парнаваза, 62а. Сярод прадметаў будуць беларуская мова, літаратура, матэматыка, прырода і беларуская культура. Усе гэтыя прадметы будуць на беларускай мове», – распавядае Аксана Акуневіч.

Гісторыі
Як уладкаваць дзіця ў школу ў Польшчы, Грузіі, Літве. Гісторыі беларусаў
2023.08.20 10:00

Аўторак і чацвер – грузінска-французскія дні. Дзеці будуць вывучаць грузінскую мову – на яе адведзена 2 гадзіны, французскую – 1 гадзіна. Яшчэ па гадзіне будзе адводзіцца на шахматы – гэта абавязковы прадмет у грузінскіх школах, і на грузінскую культуру.

«Мы раздзялілі беларускія і грузінскія дні, каб не блыталіся мовы. Бо, як слушна заўважылі некаторыя з бацькоў, шмат для якіх дзяцей беларуская таксама будзе як замежная, бо не ўсе сем’і беларускамоўныя, але хацелі б, каб дзеці навучаліся па-беларуску», – кажа Аксана.

Заняткі распачнуцца нават калі прыйдзе толькі адзін вучань

Заняткі будуць праходзіць на базе грузінска-французскай школы па адрасе: г.Батумі, вул.Грыбаедава, 67.

«Калі некаму з бацькоў будзе нязручна вазіць дзяцей туды, яны могуць прыводзіць іх у «Аксяродак», і я ўжо адвязу ў школу. Заадно навучымся карыстацца батумскімі аўтобусамі», – прапануе дапамогу Аксана Акуневіч.

Hавiны
Міністр адукацыі распавёў, колькі школьнікаў у Беларусі навучаюцца на беларускай мове
2023.09.02 23:24

Навучанне пачнецца з 16 кастрычніка. Урокі будуць праходзіць у другую змену, з 14-й да 17-й гадзіны. На гэты год набіраюцца вучні з 1 па 6 класы, агулам – 26 чалавек. Колькасць дзяцей у класах будзе да 8 чалавек.

«Нават калі не набярэцца 26, мы пачнем з любой колькасці, нават з 1 вучня, бо калі запыт ёсць, я думаю, далей вучні падцягнуцца», – зазначае гаспадыня «Аксяродку».

Рабіць пакуль толькі пачатковыя і часткова сярэднія класы было вырашана з дзвюх прычынаў: паколькі найбольш запытаў на малодшую школу і праз недахоп настаўнікаў-прадметнікаў для старэйшай школы.

«Да 6 класа мы закрываем патрэбы самі, без запрашэння дадатковых настаўнікаў. Таксама ёсць магчымасць зрабіць дадатковыя заняткі па англійскай мове ці падоўжанку, але за даплату», – кажа Аксана Акуневіч.

Навучанне ў беларускай школе дасць права на афармленне ВНЖ

Кошт навучання ў беларуска-грузінска-французскай школе сёлета складзе 500 лары (189$) на месяц. З іх 300 лары (113$) будзе каштаваць частка «Аксяродку», 200 (76$) – навучанне ўласна ў грузінска-французскай школе.

«На жаль, танней ніяк не атрымалася зрабіць, – кажа Аксана. – Агулам, гэта адна з самых танных школаў у Батумі – за год яны бяруць 3000 лары (1132$). Калі яны летась зрабілі зніжку для ўкраінцаў 35%, адразу да іх прыйшлі – думалі, што яны розніцу бяруць наяўнымі. Але пасля перамоваў, пасля сітуацыі з пашпартамі, калі Еўракамісія сказала, што беларусам трэба ісці насустрач, для нас зрабілі зніжку 50%. Менш яны зрабіць не могуць. Магчыма, мы сваю частку, «Аксяродку», зможам зрабіць лары на 50 (19$) таннейшай».

Для паступлення ў беларуска-грузінска-французскую школу патрэбныя натарыяльна завераныя пераклады пашпартоў дзіцяці і бацькоў, пасведчання аб нараджэнні, асабістай карткі вучня, калі дзіця навучалася ў Беларусі. Дамова са школай складаецца на дзвюх мовах – грузінскай і беларускай. Пасля афармлення вучань дадаецца ў адмысловы спіс на сайце Міністэрства адукацыі Грузіі, і пасля гэтага можна браць даведку са школы і рабіць дазвол на жыхарства дзіцяці, а пасля, у парадку ўз’яднання сям’і, бацькам. Пасля сканчэння школы выдаецца афіцыйны грузінскі атэстат аб сярэдняй адукацыі.

Падрабязнасці пра беларуска-грузінска-французскую школу ў Батумі можна даведацца па тэлефоне: +995 599 63 51 95, а таксама ў Тэлеграме: @aksiarodak; @school_aksiarodak.

Агляд
Што рабіць у эміграцыі з беларускім дыпломам? Паглядзелі, дзе прызнаюць нашую вышэйшую адукацыю
2023.09.16 09:56

Беларуская школка выходнага дня

На гэты год «Аксяродак» мае яшчэ адну прапанову для бацькоў і вучняў – беларускую школу выходнага дня.

«Нас далучылі да сеткі школаў выходнага дня, якая працуе яшчэ ў Польшчы. Мы вырашылі зрабіць заняткі па суботах і нядзелях. Ідэя гэтай школкі – захаваць альбо стварыць беларускую ідэнтычнасць. З большага каб дзеці пачалі размаўляць на беларускай мове, разумелі, дзеля чаго яна і пачалі ёй карыстацца і паказаць нейкія элементы культуры беларускай культуры, каб дзеці ўспрымалі яе як сваю», – распавядае Аксана Акуневіч.

У школку выходнага дня набіраюцца 5 рознаўзроставых груп: 0 клас – 5-6 гадоў, 1 клас – 7-8 гадоў, 3 клас – 8-10 гадоў, 5-6 клас – 10-12 гадоў, падлеткі – 13+. Працягласць заняткаў – 4 гадзіны ў суботу ці нядзелю. Кошт – бясплатна.

Задаць пытанні і запісацца ў беларускую школку выходнага дня можна ў суполцы ў Тэлеграме: @aksiarodak.

Мова Нанова
«Асабісты гераізм настаўнікаў» падвоіў колькасць вучняў Беларускай школы ў Варшаве
2023.09.20 18:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў