Чаму ў некаторых беларусаў не прымаюць дакументы на гуманітарную візу ў Польшчы


Шэсць месяцаў яны чакалі гэтай магчымасці, а ў іх не прынялі дакументы на гуманітарную візу. Беларусы ў Польшчы Аляксандр і Уладзіслаў расказалі карэспандэнту «Белсату» свае гісторыі, як не спраўдзіліся іх спадзяванні.

Будынак ў Варшаве, дзе знаходзіцца візавы цэнтр «VFS Global».
Фота: Белсат

Гісторыя Аляксандра

Беларускі рэжысёр Аляксандр у 2020 годзе пераехаў ва Украіну, там падаваўся на часовы від на жыхарства. Але толькі падаўся – пачалася вайна і 27 лютага ён эвакуяваўся ў Польшчу. Меў пяцігадовую шэнгенскую візу, дзеянне якой скончылася ў траўні. Як і многія беларусы, Аляксандр чакаў новы закон у Польшчы, які б дазволіў падавацца на гуманітарную візу, не выязджаючы з краіны. На міжнародную абарону не падаваўся, бо паводле яго слоў, гэта б моцна абмежавала яго працоўную дзейнасць. Ён рэжысёр, зараз рыхтуецца здаваць новы фільм і ўвесь час у разʼездах па іншых краінах Еўропы. Даведаўшыся аб магчымасці падацца на гуманітарную візу з 23 верасня, запісаўся на прыём у візавы цэнтр «VFS Global» у Варшаве, прыехаў за амаль сотню кіламетраў і атрымаў адмову.

«У маім пашпарце ёсць адна вольная старонка для візаў і чатыры вольныя старонкі ў раздзеле для іншых адзнак. Але ў візавым цэнтры палічылі, што гэтага не дастаткова, павінна быць не менш за дзве старонкі раздзелу для візаў», – расказвае сваю гісторыю Аляксандр.

Візавы цэнтр «VFS Global» у Варшаве.
Фота: Белсат

Аляксандр правёў тры гадзіны ў візавым цэнтры, падключылася юрыстка, але супрацоўнікі візавага цэнтру былі няўмольныя, адмовілі.

«Пры гэтым персанал «VFS Global» не здолеў паказаць нам які закон ці інструкцыю, дзе б былі прапісаны адпаведныя патрабаванні да пашпарту, на падставе якіх яны мне адмаўляюць. Нам катэгарычна адмовілі таксама выдаць адмову аб прыёме дакументаў у пісьмовым выглядзе, я нават не змагу падацца ў суд і абскардзіць там іх дзеянні. Ну а мне на прамую прапанавалі паехаць у Беларусь і мяняць пашпарт там. Выглядала як здзек, бо паехаць у Беларусь я не магу па вядомых прычынах».

Рэжысёр кажа, што ў візавым цэнтры адчуў моцнае расчараванне: «Я вельмі расчараваны. Я не сяджу на карку ў Польскай дзяржавы, я б хацеў працаваць, плаціць падаткі, займацца любімай справай. А зараз не ведаю што мне рабіць. Міжнародная абарона зусім не мой варыянт, як і паездка ў Беларусь. Цяпер я мабыць нелегал».

Артыкулы
Пачынаецца прыём заяваў на нацыянальную візу на тэрыторыі Польшчы
2022.09.20 21:26

Гісторыя Уладзіслава

Уладзіслаў А. – праграміст. У візавы цэнтр, які стаў прымаць дакументы беларусаў на гуманітарную візу, цягам двух дзён схадзіў двойчы і атрымаў адмову. Фармальная прычына – дзеянне яго пашпарту заканчваецца раней мінімальнага тэрміну, на які б маглі выдаць гуманітарную візу.

Першы раз Уладзіслаў запісаўся ў візавы цэнтр на 11 раніцы 26 верасня, але яго не пусцілі далей уваходу: «Мяне спыніў чалавек на ўваходзе. Не ведаю, ён там вартавы ці менеджар. Але мужчына глянуў мае дакументы і ўбачыўшы, што тэрмін дзеяння майго пашпарту заканчваецца 6 лютага 2023 года, не пусціў увайсці, сказаўшы, што яны не змогуць даць мне візу».

Як адбываецца прыём дакументаў у візавым цэнтры «VFS Global» у Варшаве.
Фота: Белсат

Уроспачы Уладзіслаў патэлефанаваў сваё юрыстцы Ксеніі, якая паведаміла яму, што закон на яго баку, і праграміст запісаўся паўторна на падачу дакументаў на гадзіну дня 27 верасня. Прыйшоўшы гэтым разам з юрысткай, у прыёмны пакой яны патрапілі. Але, паводле Уладзіслава, аперацыяністка сказала яму тое ж самае, што і чалавек на ўваходзе.

«Калі мы з юрысткай патлумачылі, што паводле дзейнага закону аб іншаземцах, прадугледжаны асаблівыя выпадкі, і віза можа выдавацца нават, калі пашпарт заканчваецца пасля дзеяння візы. Аперыцыяніст паклікаў менеджара, той сказаў, што запытае ў міністэрстве, вярнуўся літаральна праз 15 хвілін і сказаў, што і ў міністэрстве пацвердзілі: у такіх выпадках дакументы не прымаюць. Калі мы паспрабавалі высветліць, хто менавіта і што сказаў з міністэрства, нам адмовілі ў гэтай інфармацыі. І пісьмовага адказу ніякага не далі. Цяпер я мабыць, нават не змагу даказаць, што я там быў».

Аб’ектыў
Легалізавацца беларусам у Польшчы стала прасцей
2022.09.30 22:36

Уладзіслаў прыехаў у Польшчу з Украіны ў лютым 2022 года. Кажа, што спрабаваў падацца на часовы від на жыхарства, але для гэтага трэба альбо мець гуманітарную візу, альбо дамову аб працы. А на працу без візы ці віду на жыхарства яго не бяруць.

«Атрымліваецца замкнёнае кола. У візавым цэнтры мне параілі зʼездзіць за пашпартам у Беларусь альбо падацца на новы пашпарт у пасольстве Беларусі ў Польшчы. Аднак там запіс на красавік 2023. Пакуль я буду чакаць новага пашпарту, гэты візавы цэнтр у снежні ўжо зачыніцца і не будзе куда падацца на гуманітарную візу. Перспектыва паехаць у Беларусь мяне не радуе. Бо я па пэўных прычынах туды паехаць не магу, мяне могуць адправіць у войска», – распавядае Уладзіслаў.

Уладзіслаў кажа, што адчуў вялікую крыўду ў візавым цэнтры, хаця перад першым візітам спадзяваўся, што закон і польская дзяржава на яго баку. Цяпер ён па-ранейшаму не можа легальна працаваць у Польшчы, хаця б вельмі хацеў: «Візавы цэнтр спасылаецца на нейкія інструкцыі міністэрства. Але яны, як мне здаецца, супярэчаць і заканадаўству, і логіцы: навошта было даваць спадзеў, калі яны могуць дапамагчы толькі людзям, у якіх няма праблемаў з дакументамі? Гэта бязглуздзіца нейкая. Я не хачу дрэнна пра некага думаць, але, як мне падалося, у гэтым варшаўскім візавым цэнтры «FVS Global» працуюць адныя ўкраінцы. І альбо ў іх сапраўды нейкія іншыя, чым закон, інструкцыі, альбо нейкае асаблівае стаўленне да беларусаў».

Пра асаблівае стаўленне да беларусаў у варшаўскім візавым цэнтры расказаў і Аляксандр: «Мне казалі сябры, што я дарэмна паехаў за сотню кіламетраў у Варшаву, што ў тым жа Любліне больш лаяльныя візавыя супрацоўнікі. Але мне здавалася, што ну гэта ж еўрапейская дзяржава, тут павінны працаваць законы. Але, відавочна, што я памыліўся».

Сведчанне Ксеніі

За юрыдычнымі падрабязнасцямі гэтых двух выпадкаў мы звярнуліся да юрысткі Ксеніі Нарановіч, якая дапамагала падаваць дакументы Уладзіславу і была сведкам размовы Аляксандра з супрацоўнікамі візавага цэнтру.

«У выпадку Уладзіслава, – паведаміла юрыстка, – выдаць візу адмовілі на агульнай падставе. Віза не можа быць выдадзена ў сітуацыі, калі дзеянне пашпарта заканчваецца раней, чым за тры месяцы да канца тэрміну візы. Але ў законе прадугледжана выключэнне ў асаблівых выпадках. І на мой погляд, гэта як раз той асаблівы выпадак. Але ў візавым цэнтры лічаць па-іншаму».

Па выпадку Аляксандра Ксенія патлумачыла, што адмова звязана з нормамі «шэнгенскага кодэксу», па якім у пашпарце павінны быць хаця б дзве вольныя старонкі: «У пашпарце Аляксандра пяць вольных старонак – адна ў раздзеле для візаў і чатыры старонкі для асаблівых адзнак. Нідзе закон не ўказвае, якія старонкі якіх раздзелаў павінны быць вольнымі. То бок, старонкі ёсць. Апроч таго, ёсць магчымасць уклеіць візу ў спецыяльную ўкладку ў пашпарт. Аднак яму адмовілі, арыентуючыся на нейкія ўнутраныя інструкцыі, якія не прадугледжаны да апублікавання».

Ксенія Нарыновіч паведаміла, што размаўляла ў візавым цэнтрам з яго прадстаўніком Кштыштафам Замбэлам, які спаслаўся на ўнутраныя інструкцыі, якія па-іншаму інтэрпрэтуюць нормы закону.

«Для мяне такі падыход дзіўны, бо заўсёды лічыла, што ў Еўропе пры нейкіх складаных выпадках закон інтэрпрэтуецца ў бок падаўцоў дакументаў на візу. Але не. Лёс людзей іх, атрымліваецца, не хвалюе», – дзеліцца ўражаннямі Ксенія.

Уцекачы з Украіны на памежным пункце пропуску «Карчова – Кракавэц», Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Ксенія звярнула ўвагу на вастрыню праблемы: многія грамадзяне Беларусі чакалі гэтай магчымасці падацца на гуманітарныя візы на тэрыторыі Польшчы, бо не хочуць мець спраў з беларускай дзяржавай, і адмовы ў візавым цэнтры здольныя многім зламаць жыццё і пазбавіць усялякага спадзявання.

Юрыстка падкрэсліла, што якраз з-за складанасцяў з дакументамі і магчымымі пагрозамі беларускія грамадзяне не хацелі ехаць у Беларусь і мяняць іх там. Здараецца, што пашпарты губляюць, ці выпадкова закідваюць іх з адзежай у пральную машыну. Але ў гісторыях Уладзіслава і Аляксандра Ксенію ўразіла іншае: «Гэта, па сутнасці, тыя людзі, дзеля якіх гэта ўсё задумвалася, яны прыехалі з Украіны ў першыя дні вайны. Людзі, якія чакалі паўгода распрацоўкі распараджэння, што выйшла 29 жніўня. Людзі, пра якіх доўга абмяркоўвалі, што і ў якім абʼёме, будуць ці не будуць «даваць беларусам». І ўрэшце распараджэне выйшла і змены ў заканадаўстве далі ім спадзеў. І вось гэтых людзей, якія жадаюць быць законапаслухмянымі чальцамі польскага грамадства, іх цяпер штурхаюць у бок нелегальнага становішча альбо міжнароднай абароны. Для іх абодвух гэтыя варыянты азначаюць фінансавы крах для іх і для іх семʼяў. Я ўжо не кажу пра маральныя выдаткі, якія яны церпяць».

З гэтых двух прыкладаў Ксенія Нарыновіч, як юрыстка, зрабіла выснову: «Абсалютна зразумела, што ніякія дадатковыя нормы заканадаўства абсалютна не ўлічваюцца ў практыцы візавага цэнтру. Людзей спрабуюць «весці агульным шырокім калідорам», без уліку нюансаў адносінаў з дзяржавай і праблемаў з дакументамі, якія з-за гэтага ўзнікаюць. Беларусы сутыкнуліся з пагрозамі рэпрэсіяў на айчыне, потым з пагрозай вайны ва Украіне, яны не могуць бяспечна прывесці ў парадак дакументы звычайным шляхам. Але гэтыя асаблівасці не ўлічваюцца ні цэнтрам «VFS Global», ні міністэрствам, якое дало ці не дало пэўныя інструкцыі гэтаму цэнтру, які цягам месяцу пасля выхаду распараджэння МЗС выйграў тэндар на ажыццяўленне гэтай высакароднай місіі – дапамагчы беларусам. І пра гэтыя магчымыя складанасці на сайце візавага цэнтру мы нічога не знайшлі. Там пералічаны толькі стандартныя патрабаванні».

Каментар МЗС Польшчы і Цэнтру Беларускай салідарнасці

Ад рэдакцыі адзначым, што мы звярнуўся з пісьмовым запытам ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, каб яны пракаментавалі гэтыя выпадкі. Адказу пакуль не атрымалі. Яшчэ адзін зацікаўлены бок –  Цэнтр Беларускай Салідарнасці, які прыклаў шмат намаганняў, каб у беларусаў з’явілася магчымасць атрымліваць гуманітарныя візы без выезду з тэрыторыі Польшчы. Юрыстка цэнтру Алеся Пажытак ў інтэрв’ю «Белсату» пацвердзіла, што ў першы тыдзень падаць дакументы здолелі не ўсе ахвочыя.

«Супрацоўнікі візавых цэнтраў проста адмаўляюцца прымаць дакументы, матывуючы тым, што ці людзі, што падаюцца на візу прыехалі не з тэрыторыі (Украіны), ці тэрмін дзеяння візы скончыўся», – кажа юрыст Цэнтру Беларускай Салідарнасці.

Паводле юрыстаў Цэнтру, такі падыход супярэчыць заканадаўству і спадзяюцца неўзабаве ўладкаваць праблему.

Аб’ектыў
Польшча дэ-факта прызнае Аб’яднаны Пераходны Кабінет Ціханоўскай
2022.10.03 22:39

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў