Легалізавацца беларусам у Польшчы стала прасцей


Гісторыя Алены падобная на гісторыі шмат якіх беларусаў: пасля хвалі рэпрэсіяў 2020 года дзяўчына мусіла пакінуць радзіму і з’ехала ва Украіну, але з пачаткам вайны ёй давялося пераехаць у Польшчу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мая папярэдняя віза скончылася, скончыліся 90 дзён перабывання. Без візы я не магу нікуды выехаць. Таму трэба рабіць візу тут, але магчыма гэта стала толькі цяпер», – распавядае Алена.

Пастанова міністра замежных справаў Польшчы наконт выдачы замежнікам нацыянальных, у тым ліку гуманітарных, візаў непасрэдна на тэрыторыі Польшчы пачала дзеяць яшчэ ў канцы жніўня, але фактычна запіс на падачу дакументаў стаў магчымы толькі тыдзень таму.

«Каб атрымаць візу трэба даказаць, што ты выехаў з Украіны пасля 24-га лютага ці тое, што быў пераслед супраць цябе ў Беларусі, і ўсё. Я баялася, што можа не хапіць нейкіх дакументаў, але там усе прыязныя, мне дапамаглі і нават на месцы аформілі страхоўку», – кажа дзяўчына.

У першы тыдзень падаць дакументы здолелі не ўсе ахвочыя.

«Супрацоўнікі візавых цэнтраў проста адмаўляюцца прымаць дакументы, матывуючы тым, што ці людзі, што падаюцца на візу прыехалі не з тэрыторыі, ці тэрмін дзеяння візы скончыўся», – кажа юрыст Цэнтру Беларускай Салідарнасці Алеся Пажытак.

Такі падыход супярэчыць заканадаўству. Юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці спадзяюцца неўзабаве ўладкаваць праблему.

Яшчэ адною магчымасцю легалізацыі ў Польшчы для беларусаў сталася працэдура атрымання гуманітарнага віду на жыхарства, што дасяжны ўсім уладальнікам дзейных гуманітарных візаў.

«Гэта звычайны дазвол на жыхарства, але працэдура спрошчаная. Патрэбная анкета, фота і пашпарт. Адзінае, што пашпарт мусіць быць беларускі і ў ім мусіць быць гуманітарная віза. Людзі якія ўцяклі з Беларусі могуць легалізавацца не прывязваючыся да працы, жытла і іншага. Гэта спрашчае жыццё», – распавядае Яўген Пятліцкі, які дапамагае беларусам з падачаю дакументаў.

Спрошчаная працэдура атрымання віду на жыхарства для беларусаў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў, дзе цяпер і ў Літве. А вось суседняя Латвія, наадварот, ускладніла правілы атрымання віду на жыхарства для беларусаў. Гуманітарная падстава мусіць адпавядаць міжнародным прававым нормам. Прасцей давядзецца беларусам, чыя заяўка супадае з інтарэсамі краіны. Сярод іх – вядзенне бізнесу ў Латвіі.

Улады Эстоніі, у сваю чаргу, спынілі выдачу візаў і відаў на жыхарства для студэнтаў з Беларусі. Аднак па-ранейшаму робяць выключэнне для тых беларусаў, што зазналі палітычны пераслед.

Алесь Баразенка, «Белсат»