У Варшаве адбылася прэм’ера фільму ад аўтараў «Шчучыншчыны» – «ЧынЧыны праляцелі зязюляй»


У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве 30 ліпеня адбылася прэм’ера кароткаметражнага фільму ад аўтараў «Шчучыншчыны» – «ЧынЧыны проляцелі зязюляй». У стужцы грае вядоўца сатырычнага шоу «Белсату» «Хай Так TV» Міхаіл Зуй.

Афіша фільму «ЧынЧыны праляцелі зязюляй». Выява прадстаўлена рэдакцыі

Фільм распавядае пра вядомых беларускіх чыноўнікаў Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча, якія прыбываюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню № 1, каб наведаць таямнічую пацыентку – вядомую патрыятычную спявачку Алену Жалудок. Яны хочуць прымусіць яе спяваць на дзяржаўным свяце. Але яна сцвярджае, што згубіла голас. Аднак слугі народу не прымаюць адмоваў і пастанаўляюць зрабіць Алене лобатамію.

У фільме прэзентаваны новы кліп Алены Жалудок на песню «Лядская псіхіятрычная».

На паказе прысутнічалі каля 100 чалавек, у тым ліку акторы Купалаўскага тэатру, вядомыя беларускія дзеячы культуры і мастацтва.

Прэм’ера фільму «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. 30 ліпеня 2023 года. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Прэм’ера фільму «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. 30 ліпеня 2023 года. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Фільм «ЧынЧыны праляцелі зязюляй» выйдзе онлайн 31 жніўня на канале «ЧинЧинЧенэл». Рэжысёр фільму – Андрэй Кашперскі. У галоўных ролях – акторы Купалаўскага тэатру Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, спявачка Алена Зуй-Вайцяхоўская (Алена Жалудок). Міхаіл Зуй таксама суаўтар сцэнара.

Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй для новага сезону «Белсату» рыхтуюць вялікі  новы праект. Падрабязнасці даведаемся перад пачаткам сезону.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў