Украінскія памежнікі абвяргаюць заявы Лукашэнкі пра перакрыццё мяжы і пастаўкі зброі


Беларуска-ўкраінская мяжа.
Фота: dpsu.gov.ua

За мінулыя содні не адбылося істотных змен абстаноўкі або скарачэння прапускной здольнасці на мяжы паміж Украінай і Беларуссю. Пра гэта заявілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

Украінскія памежнікі адзначылі, што іх беларускія калегі з 20.00 2 ліпеня перайшлі на ўзмоцненую службу, але гэта «з’яўляецца звычайнай практыкай падчас святкавання розных знамянальных дат, і сёння Беларусь адзначае Дзень Рэспублікі».

Увечары 2 ліпеня з Беларусі дазволілі ўехаць ва Украіну амаль 2 тыс. грамадзян, а ў зваротным кірунку – больш за 1700. Гэтыя паказнікі вышэйшыя за сярэднія ў чэрвені, што, магчыма, звязана з выходнымі. 3 ліпеня ў гэтым раёне таксама праходзіць даволі рытмічны рух праз пункты пропуску. У пунктах пропуску няма прыкмет перакрыцця мяжы, падкрэслілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

У ведамстве дадалі, што за паўгода ўкраінскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 27 адзінак зброі, пры гэтым агнястрэльнай зброі не было. Паводле звестак беларускага боку, перададзеных Кіеву, за 5 месяцаў гэтага года на мяжы з Украінай затрымалі толькі 4 адзінкі зброі і 10 боепрыпасаў, усе ў пунктах пропуску. За аналагічны перыяд мінулага году спробаў правозу зброі было амаль у сем разоў болей.

«Таму ўсе заявы беларускіх палітыкаў пра патокі кантрабанды зброі з Украіны – беспадстаўныя», – падкрэслілі ва ўкраінскім ведамстве.

Hавiны
Беларускія памежнікі ўзмацнілі кантроль за мяжой з Украінай
2021.07.03 14:14

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка даў загад цалкам перакрыць мяжу з Украінай.

«Вялікая колькасць зброі паступае з Украіны ў Беларусь. Таму я даручыў памежным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай», – сказаў ён.

На наступны дзень афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэту Антон Бычкоўскі паведаміў, што на асобных участках органы памежнай службы ўжываюць тактычныя рэзервы для ўзмацнення жорсткасці кантролю за парадкам наведвання і знаходжання грамадзян у памежнай зоне і паласе.

«Афармленне асоб, якія перасякаюць мяжу ў пунктах пропуску, ажыццяўляецца як на ўезд, так і на выезд з улікам дзейных абмежаванняў і дадатковых мер бяспекі, якія заключаюцца ва ўзмацненні кантролю асоб і надгляду транспартных сродкаў, перш за ўсё наступных на ўезд у Беларусь», – распавёў Бычкоўскі.

Ён адзначыў, што на ўкраінскім напрамку павялічана колькасць пагранічных нарадаў як на зялёнай мяжы, так і ў пунктах пропуску.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў