Што за «спецаперацыя» КДБ Беларусі дзеля вызваленні дальнабойнікаў?


Лукашэнка прыдумаў сваю спецаперацыю на тэрыторыі Украіны і ўзнагародзіў за ўдзел у ёй свой КДБ. Гэтая структура нібыта вызваліла з украінскага палону беларускіх дальнабойнікаў. Украінскі амбасадар ва Украіне Ігар Кізім мае на гэты конт іншае меркаванне, а беларусы ўвогуле не разумеюць, што адбылося. Пра складаныя перыпетыі Лукашэнкавай палітыкі– сюжэт з праграмы «ПраСвет».

«У нас сёння незвычайны фармат, хоць вы заслугоўваеце, напэўна, самых добрых словаў», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Да каго ж ён звяртаецца з такой пяшчотаю напярэдадні Дня абароны дзяцей? Гаворка ні пра саміх дзяцей, ні пра іхных бацькоў. Словы ўдзячнасці ад «галоўнакамандуючага» гучаць на адрас КДБ:

«Але асабліва я ўдзячны вам за тую аперацыю, якую вы правялі дзеля вызвалення нашых людзей, фактычна з палону, некалькі дзясяткаў беларускіх грамадзянаў».

Узнагароды кадэбэшнікі атрымалі за нібыта ўратаванне беларускіх дальнабойнікаў, якія, як кажуць, захраслі ва Украіне ад пачатку гэтак званай «спецаперацыі». Саміх уратаваных ніхто не бачыў. Бачылі толькі целы двух загінулых ад расейскага ракетнага ўдару. Гэта Лукашэнка прадставіў так:

«Яны папросту нахабна былі забітыя ўкраінцамі».

Але нават і тут пра КДБ гаворкі не было, распавядае ў сваім Facebook амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Целы загінулых даставілі ў Беларусь пры дапамозе палякаў і беларускіх ды ўкраінскіх консулаў. За што кадэбэшнікі атрымалі свае значкі, вядома толькі Лукашэнку.

Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«На мой погляд, гэта акурат такая вось спроба Лукашэнкі быць бліжэй да народу, каб, маўляў, быць бліжэйшым да сваіх. «Мы гатовыя іх вызваляць, спецаперацыю рабіць, каб гэтых дальнабойнікаў вывезці». Тут насамрэч усё выклікае вялікія сумневы, бо пакуль адзіная крыніца інфармацыі пра гэтую спецаперацыю – гэта фільм на ОНТ, заявы Лукашэнкі, – мякка кажучы, ненадзейныя крыніцы».

А магчыма, гэта папросту жаданне трапіць на парадак дня з уласнай гісторыяй. Маўляў, «будзе і ў мяне свая спецаперацыя з сілавікамі і тэхнікай». А магчыма, самае важнае ў ягоных наступных словах. Іх ён казаў акурат перад узнагародай:

«Трэба разумець, што людзі, якія сочаць за навінамі, не заўсёды ў стане аддзяліць праўду ад хлусні. Калі ты не ёсць удзельнікам падзеяў і атрымоўваеш вялізарную колькасць інфармацыі ў выглядзе хлусні і фэйкаў, сапраўды цяжка праўду ад хлусні аддзяліць».

Як ніхто іншы, Лукашэнка добра ведае, пра што кажа. 26 гадоў ён паспяхова трымаўся на двух крэслах – атрымліваў грошы ад Расеі і заляцаўся да Захаду. Ножкі пахіснуліся толькі ў апошнія два гады. Пачаткам стаў 2020 год. Цяпер жа ён збірае плён сяброўства з Пуціным. Апошні цвік у труну яшчэ не забіты, але ўдары ўжо чуваць.

ВІДЭА
Ці прабівае Лукашэнка шляхі адыходу на Захад?
2022.05.26 18:07

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік

«Хоць, з аднаго боку, Лукашэнка гучна дэкларуе, які ён адданы хаўруснік Крамля, з іншага боку, і гэта прарываецца з ягоных інтэрвʼю, гэта прарвалася, калі стаў апублічаны ліст Макея ў Еўразвяз, стала відавочна, што Менск – да перамоваў тут далёка, да дыялогу тут вельмі далёка. Гэта хутчэй такое прамацванне глебы, ці павядзецца Захад. Але пакуль што ў афіцыйнага Менску няма моцных козыраў».

Як бы цынічна ні гучала, але козырам цяпер не могуць лічыцца і закладнікі рэжыму – палітзняволеныя. Адзіная моцная карта, якая засталася ў Лукашэнкі ў рукаве, – гэта беларускія войскі, якія ўсё яшчэ не на вайне, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Бо цалкам стае ў жыцці Лукашэнкі вайны – другі год ён ніяк не можа задушыць пратэст. Тут яшчэ і маладафронтаўцы, якія паступілі ва ўкраінскае войска, пагражаюць расправіцца з рэжымам пасля знішчэння акупантаў. Таму КДБ цяпер у значках, а пажарныя ў Беларусі ходзяць са зброяй.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«На сённяшні дзень, вядома, афіцыйны Менск пагрозы з боку Украіны не адчувае, але разам з тым, не выпадкова ж у адным з нядаўніх інтэрвʼю Лукашэнка прагаварыўся, што гэтая спецаперацыя зацягваецца. За што, дарэчы, ад Крамля адразу вымову такую, амаль што ў непрыхаванай форме, атрымаў, і гэта таксама сведчанне таго, як моцна за жэбры ўзяў яго Крэмль».

Хоць наступны кавалак відэа і падпісаны на «Пуле першага» як «Лукашэнка пра ўплыў Захаду на свядомасць людзей», можа, гэта ўсё ж не пра ратунак?

«Гледзячы на Украіну, мы разумеем, што там разгортваецца сцэнар, не рэалізаваны на нашай зямлі. Калі задам пытанне: а што было б з намі? Калі ласка, глядзіце на Украіну».

Лукашэнка не хоча ўдзелу Беларусі ў вайне, згаджаюцца эксперты. Пры гэтым ён працягвае сцягваць тэхніку і зброю да яе межаў.

Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«У такой сітуацыі Лукашэнка будзе працягваць балансаваць, наколькі ён зможа. Бо так, ён не можа адмовіць Пуціну ў прадстаўленні беларускай тэрыторыі, але наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі, ён будзе спрабаваць гуляць на ўсе бакі, дэманстраваць Захаду, быццам ён сам супраць вайны, быццам яго прымусілі і ён сам ахвяра. Ён, пэўна, ужо дэманструе, праз нейкія нефармальныя каналы. Гэта ў Лукашэнкі не будзе надта паспяхова, бо Беларусь у гэтую вайну ўляпалася вельмі моцна, такога лёгка не перакрэсліш, і таксама ў стасунках з Украінай, нават потым, калі Украіне, якая пераможа, прыйдзецца камунікаваць з рэжымам Лукашэнкі, – гэта таксама не будзе лёгка пераадолець. Гэта тое, што застаецца ў людской памяці на гады і дзесяцігоддзі».

Як бы там ні было, але Лукашэнка стратэг. Асабліва, калі справа датычыць ўласнага жыцця. Таму ўдзел у вайне ён будзе адцягваць да апошняга, бо добра ведае: калі Украіна кажа – яна робіць. І адказ у гэтым выпадку Беларусі – не пустая пагроза. А калі сапраўдная вайна прыйдзе ў Беларусь, Лукашэнка Крамлю наўрад ці спатрэбіцца.

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў