Паштоўка за краты замест вандроўкі ў Іспанію. Палітвязень Віталь Прохараў сустракае 18-годдзе ў калоніі


Суд Жлобінскага раёну асудзіў 17-гадовага Віталя Прохарава на 2 гады пазбаўлення волі за пабітае шкло аўтазака. Абвінавачванне сцвярджала, што хлопец кінуў у спецаўтамабіль камень. Сам Віталь на судзе віны не прызнаў.

З 15 красавіка падлетак адбывае пакаранне ў Бабруйскай выхаваўчай калоніі. У зняволенні 3 траўня сустрэне сваё паўналецце. Напярэдадні дня народзінаў палітвязня «Белсат» паразмаўляў з ягонаю маці. Спадарыня Алеся распавяла нам, што хацела падарыць сыну і як прыйшлося шукаць варыянты перадаць віншаванне ў калонію, каб хлопец дакладна яго атрымаў.

Даведка

«Дзеці проста рабілі трукі, калі пачалася вайна»

Віталя затрымалі ўвечары 10 жніўня. Як распавяла ягоная маці спадарыня Алеся Прохарава, юнак не хадзіў мэтанакіравана на пратэсты, увогуле не цікавіўся палітыкаю дый у выбарах яшчэ ні разу не браў удзелу. Віталь захапляўся скейтамі.

У Жлобіне каля Палацу культуры металургаў ёсць адмысловая пляцоўка, куды падлеткі прыходзяць катацца на роварах, самакатах, вучацца рабіць трукі. Акрамя таго падлеткі там граюць на гітарах, проста размаўляюць. Гэтая пляцоўка – месца збору амаль усёй моладзі Жлобіна. Віталь таксама хадзіў туды штовечар.

– Там у іх і свая іерархія была – скейтары, BMX-ары [аматары трукаў на адмысловых роварах – BMX. – Белсат] і самакатары, – распавядае маці, якая нядрэнна разбіраецца ў хобі сына. – На самакатах – самыя малодшыя, на скейтах – старэйшыя, на роварах BMX – розных узростаў.

Алеся, маці 17-гадовага палітвязня Віталя Прохарава. Яму далі 2 гады калоніі за тое, што 10 жніўня ў Жлобіне ён нібыта кінуў камень у аўтазак. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Віталь, паводле спадарыні Алесі, «хадзіў са скейтам, але марыў пра BMX, як у малодшага брата», з якім яны часта разам хадзілі трэнавацца. 10 жніўня, калі ў горадзе пачаліся хваляванні, падлеткі заставаліся нейкі час на сваёй пляцоўцы адно з цікаўнасці, кажа нашая суразмоўца.

– Дзеці там проста рабілі трукі, калі пачалася вайна, – адзначае спадарыня Алеся.

«Здзекаваліся дзве гадзіны – збівалі, абражалі, пагражалі»

Віталь вяртаўся дамоў каля 22:30, ішоў адзін. Паводле аповеду маці, у нейкі момант хлопец заўважыў, што побач едзе белы мікрааўтобус. Раптам бус спыніўся, з яго выбеглі невядомыя ў балаклавах, павалілі падлетка на зямлю, збілі, потым павезлі ў аддзяленне міліцыі, завялі ў падвал, паставілі на калені. Калі Віталь сказаў, што ў яго баліць нага, яго пасадзілі на стул і прывязалі.

– З яго здзекаваліся дзве гадзіны, вучылі жыць, абражалі, пагражалі, што пасадзяць у турму, – распавядае маці. – Ударылі кулаком у вока. У яго ўся спіна потым была ў слядах ад дручкоў, ногі ў ранах, было падбітае вока, шышкі на галаве, гематомы па ўсім целе. Кульгаў на абедзве нагі.

У такім стане Віталя пабачыў айчым, калі забіраў яго з міліцыі. Мужчыну патэлефанавалі толькі праз дзве гадзіны пасля затрымання Віталя, хоць хлопец адразу казаў, што ён няпоўнагадовы. Айчыму падлетка не патлумачылі, чаму Віталя схапілі на вуліцы. Працаўнікі міліцыі, якія былі ў масках, не назваліся. Асабістых рэчаў Віталя не перапісалі. Калі яго адпусцілі, не вярнулі чахла для тэлефона і панамы. Усё відэа, што было ў хлопца ў смартфоне, кажа спадарыня Алеся, міліцыянты заладавалі сабе на камп’ютары і выдалілі з тэлефона.

Айчым адразу павёз Віталя на медычную экспертызу, напісаў заяву пра збіццё ў Следчы камітэт. Спадарыня Алеся зазначае, што фотаздымкі ўсіх слядоў збіцця, а таксама заключэнне судова-медычнае экспертызы былі ў тэлефоне Віталя, але ўсё гэта працаўнікі, якія пазней канфіскавалі тэлефон падлетка, выдалілі.

Алеся, маці палітвязня Віталя Прохарава. Сваё паўналецце ён сустрэне ў калоніі – яму далі 2 гады. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

«Сказаў, што разбіў шкло ў аўтазаку, каб папіярыцца»

Перад тым як адпусціць, на Віталя склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП РБ – удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Пасля разгляду пратаколу на камісіі ў справах няпоўнагадовых падлетку далі штраф 29 рублёў. Але гэтым усё не скончылася. У тэлефоне хлопца знайшлі відэазапіс, які паказваў, як сілавікі страляюць у людзей гумовымі кулямі.

– Віталік тады яшчэ званіў айчыму і прасіў забраць яго, бо яму страшна, – згадвае спадарыня Алеся паслявыбарчыя падзеі.

Віталя затрымалі ўвечары 10 жніўня. Фота з асабістага архіву

Адначасова ў «Тэлеграме» знайшоўся відэазапіс, на якім Віталь казаў, што разбіў лабавое шкло ў аўтазаку. На судзе хлопец патлумачыў, што насамрэч ён нічога не разбіваў, камянёў не кідаў, а сказаў гэтак і папрасіў сябра запісаць і выкласці запіс у сацыяльныя сеткі, каб «папіярыцца».

– Мне не зразумела, чаму ён запісаў гэтае відэа, – кажа маці палітвязня. – Але ў кожны разе, нават калі б Віталік і разбіў шкло, крымінальнае справы тут распачынаць няма за што – максімум можа быць арт.17.1 КаАП – дробнае хуліганства.

Аднак датычна Віталя распачалі крымінальную справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 арт. 342 – арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і арт.364 – гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў.

Такі калаж сябры і сваякі Віталя Прохарава зрабілі яму на паўналецце, якое ён сустрэне ў калоніі. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Каб пабачыць сына, займаць чаргу давялося ўночы

Пракурор сцвярджаў, што Віталь браў удзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Жлобіна 10 жніўня і кінуў у аўтазак як мінімум адзін камень, у выніку чаго «учыніў матэрыяльную шкоду спецаўтамабілю на 820 беларускіх рублёў» – разбіў шкло. У аўтазаку нібыта былі вайскоўцы. Потым высветлілася, што яны былі побач з аўтамабілем.

Сведкі на судзе казалі, што дакладна не бачылі моманту, калі Віталь нібыта кідаў камень, а таксама, што было цёмна, таму яны няўпэўненыя, быў гэта менавіта камень ці нешта іншае.

Алеся Прохарава мяркуе, што праз прысуд Віталю сілавікі могуць помсціць ёй, бо яна з самага пачатку не маўчала, звярнулася ў медыі. Жанчына распавяла, што таксама адседзела трое содняў, датычна яе спрабавалі распачаць адміністратыўную справу паводле арт. 23.34, але на відэа, якое міліцыянты прыводзілі ў якасці доказу, быў іншы чалавек, а не яна.

Алеся, маці 17-гадовага палітвязня Віталя Прохарава. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Да суда Віталь быў на волі. Пад варту яго ўзялі пасля агучвання прысуду 8 лютага. 9 лютага беларускія праваабаронцы прызналі Прохарава палітвязнем.

Пакуль ішло абскарджанне, падлетак заставаўся ў Гомельскім СІЗА. Там на пачатку красавіка ім з маці далі сустрэцца. Каб пабачыць сына, жанчыне давялося займаць чаргу а 2-й гадзіне ночы.

– Там заўсёды шмат ахвочых трапіць на сустрэчу, – распавядае жанчына. – Днём раней я прыехала а 6:40 раніцы, і мне ўжо месца не хапіла. Акрамя таго, у нашай справе ішлі 15 «супольнікаў», а ім сустрэчаў у адную змену не даюць. Таму мы з блізкімі іншых абвінавачваных у гэтай справе дамаўляліся загадзя, каб не трапіць разам, у адную змену.

Паштоўка, якую Віталю падрыхтавалі на 18-годдзе.

«Сын усміхаецца. Я не ўбачыла ў ім страху»

Віталь, паводле маці, трымаецца добра:

– Толькі першыя дні Віталік быў вельмі сумным. Цяпер ён усміхаецца. Я не ўбачыла ў ім нейкага напружання або страху.

Гомельскі абласны суд пакінуў вырак Жлобінскага раённага суда без зменаў, і 15 красавіка Віталя Прохарава этапавалі ў Бабруйскую выхаваўчую калонію № 2. Пра ўмовы на новым месцы зняволення падлетак напісаў, што яны нашмат лепшыя, чым у СІЗА.

«У мяне ўсё ок, – піша хлопец у лісце маці. – Кормяць тут як мінімум у тры разы больш, чым у СІЗА, і разоў у дзесяць лепш, даюць яблыкі, сыркі, амлет, запяканкі, булачкі, сок і да т. п. Працаўнікі ВК-2 добрыя, прышпільныя, тут як міні-армія, карацей. Выдалі рэчы (кшталту пінжака, новы), нагавіцы (новыя), кеды, чаравікі (новыя), кепку (новую), шкарпэткі і майткі. Пакуль што я на каранціне, усё добра, чакаю ліст!».

17-гадовы палітвязень Віталь Прохараў. Яму далі 2 гады калоніі за тое, што ён нібыта кінуў камень у аўтазак 10 жніўня ў Жлобіне. Віталь кажа, што проста хацеў «папіярыцца ў інстаграме». Пасля затрымання яго моцна білі, пасля чаго ён пачаў заікацца. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Да ўзяцця пад варту Віталь вучыўся на слесара-рамонтніка ў Слаўгарадзе. Юнаку заставалася некалькі месяцаў да сканчэння каледжу. Таксама мусіў здаць экзамен на правы. Паводле спадарыні Алесі, Віталь піша, што пасля калоніі хоча пайсці вучыцца на праграміста ў Менск. Жанчына кажа, што распавядала сыну аб Праграме Каліноўскага, пыталася – мо за мяжу? Але пакуль хлопец хоча застацца ў Беларусі і вучыцца тут.

– Я ні на чым настойваць не буду, ён сам будуе свой лёс, – кажа маці. – Я не маю права кіраваць ягоным жыццём, магу толькі прапаноўваць варыянты, даваць парады і дапамагчы матэрыяльна. Але выбар ён мусіць зрабіць сам.

Хацела падарыць вандроўку або ровар, прыйшлося пісаць паштоўку ў калонію

Сёлета спадарыня Алеся хацела падарыць сыну вандроўку ў Барсэлону.

– Віталь не любіць адпачынку «ўсё ўключана», – кажа маці палітвязня. – А гэта мусіла быць такая цалкам самастойная вандроўка, без мяне.

Як варыянт спадарыня Алеся разглядала трукавы ровар, пра які даўно марыць Віталь, – Custom BMX.

Алеся, маці 17-гадовага палітвязня Віталя Прохарава. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

– Мне нават цяжка дакладна сказаць, што б Віталік выбраў – Іспанію ці BMX, – зазначае маці.

Але замест вандроўкі і ровара давялося прыдумляць, як перадаць віншаванне за краты. Родныя і сябры Віталя падрыхтавалі для яго супольную паштоўку і даслалі яе з розных адрасоў.

– Каб дакладна дайшла, – кажа спадарыня Алеся.

Агучваць публічна пажаданні сыну на 18-годдзе маці не хоча – кажа, што напісала іх у паштоўцы і што Віталь будзе дакладна задаволены, калі прачытае.

Хуткага вяртання Віталя дамоў чакаюць усе ягоныя родныя, у тым ліку 11-гадовы брат Мацвей, і котка Яся.

Падлетка можна падтрымаць лістом: Выхаваўчая калонія № 2, вул. Генерала Батава, д. 4, 213807, г. Бабруйск.

Ганна Ганчар belsat.eu

Гісторыі
Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.01 08:30
Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00
Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31
Стужка навінаў