Зяленскі: Расея рыхтуе на чэрвень мабілізацыю 300 тысяч чалавек


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 3 красавіка на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Фінляндыі заявіў, што Расея рыхтуе з 1 чэрвеня дадатковую мабілізацыю 300 тысяч вайскоўцаў, перадае «Interfax-Україна».

Уладзімір Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Сумская вобласць, Украіна. 27 сакавіка 2024 года.
Фота: President.gov.ua

Аб планах Расеі мабілізаваць 300 тысячаў чалавек на вайну ва Украіне кажуць не ўпершыню. Так, расейскае выданне «Вёрстка» 22 сакавіка пісала са спасылкай на высокапастаўленыя ананімныя крыніцы, што ў расейскае войска збіраюцца мабілізаваць прынамсі 300 тысяч чалавек пасля прэзідэнцкіх выбараў (якія ўжо прайшлі). Афіцыйна ў Расеі мабілізацыя была абвешчаная 21 верасня 2022 года і не спынялася, хоць фактычна была толькі адна хваля масавай мабілізацыі, у межах якой прызвалі больш за 527 тысяч чалавек.

На пытанне, колькі мабілізуе сама Украіна, Уладзімір Зяленскі адказаў, што не можа назваць колькасці, але «паўмільёна нам не патрэбна». Раней пра 400–500 тысяч чалавек, якіх трэба мабілізаваць у 2024 годзе, казаў генерал  Валерый Залужны – ужо былы галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны.

Зяленскі падзякаваў цяперашняму галоўнакамандуючаму ЗСУ Аляксандру Сырскаму за правядзенне рэвізіі ў арміі, адзначыўшы: «важна, што ён знайшоў сілы ў Збройных сілах Украіны, і адпаведная колькасць тых, хто не быў на фронце, будзе на фронце».

Аналітыка
Рыхтуйцеся, пакуль яшчэ ёсць час. Што перамога Пуціна значыць для Расеі, суседзяў і Еўропы
2024.03.18 18:14

Зяленскі 3 красавіка казаў таксама пра ўдары па расейскай інфраструктуры, якіх «не разумеюць» заходнія партнёры Украіны, а мусілі б падтрымліваць:

«Мне здаецца, каб зразумець, як выжыць у Харкаве, як людзі могуць жыць без святла, без вады, а потым зразумець, што Расея нічога не разумее, акрамя сілы… Усе асуджэнні адносна незаконнай акупацыі нашых тэрыторыяў, удараў па нашай энергетыцы, блэкаўтаў, якія мы перажылі за гэтыя два гады, падрыву нашай інфраструктуры, нашых гідраэлектрастанцыяў і гэтак далей не прывялі да змяншэння атак Расейскай Федэрацыі — гэта сведчыць пра тое, што гэтыя людзі разумеюць толькі адно. Калі яны разумеюць, што ёсць магутная сіла».

Зяленскі таксама расказаў у сацсетках, што Расея толькі ў сакавіку нанесла па Украіне звыш 400 ракетных удараў, запусціла больш як 600 дронаў-камікадзэ тыпу іранскіх «Шагэдаў» і здзейсніла больш як 3000 удараў кіраванымі авіябомбамі. Паводле Зяленскага, амерыканскія зенітныя ракетныя комплексы супрацьпаветранай абароны «Patriot», нададзеныя Украіне, паказалі, што «ўсе формы расейскага тэрору могуць прайграць».

З прэзідэнтам Фінляндыі Александэрам Стубам Зяленскі падпісаў дамову пра супрацу ў сферы бяспекі. Сярод іншага Фінляндыя паабяцала падтрымаць будучае далучэнне Украіны да Еўразвязу і NATO. Падобных дамоваў Украіна ўжо мае восем: са Злучаным Каралеўствам, Нямеччынай, Францыяй, Даніяй, Канадай, Італіяй, Нідэрландамі і Фінляндыяй.

Hавiны
Зяленскі заявіў, што без дапамогі ЗША Украіне прыйдзецца адступаць «крок за крокам»
2024.03.30 08:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў