Ці скончылася эпоха Эрдагана ў Турэччыне?


На выбарах у мясцовыя органы ўлады, якія адбыліся ў Турэччыне 31 сакавіка, партыя Рэджэпа Таіпа Эрдагана зазнала найбуйнейшую паразу за 20 гадоў. Гэта прызнаў нават сам турэцкі прэзідэнт. Галоўная апазіцыйная партыя здолела набраць больш галасоў, чым кіроўная партыя дзейнага кіраўніка краіны. Што стала прычынай такога выніку пасля паспяховых прэзідэнцкіх выбараў 2023 года і ці значыць гэта, што ягоная эпоха ўжо адыходзіць?

Мітынг у Стамбуле ў падтрымку Экрэма Імамаглу.
Фота: Umit Bektas / Reuters / Forum

Перамога апазіцыі

Паводле падлікаў, апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя (РНП) набрала 37,8 % галасоў па ўсёй краіне, у той час як кіроўная Партыя справядлівасці і развіцця (ПСР) – толькі 35,5 %.

РНП удалося атрымаць перамогу ў 14 буйных гарадах краіны – Стамбуле, Анкары, Ізміры, Бурсе, Адане, Анталіі, а таксама ў 21 невялікім горадзе. Пры гэтым яна здолела заручыцца падтрымкай выбарцаў нават у тых раёнах краіны, якія лічацца традыцыйна кансерватыўнымі.

Некаторыя аналітыкі, назіраючы за падлікам галасоў і за тым, як перамога апазіцыйных кандыдатаў пазначалася на карце Турэччыны чырвоным колерам, называлі гэтую з’яву «чырвонай хваляй».

Так, у Стамубле перамогу атрымаў дзейны мэр Экрэм Імамаглу, які лічыцца найбольш папулярным палітыкам ад РНП, ён набраў больш за 50 % галасоў, не даўшы нават шанцаў былому міністру навакольнага асяроддзя Марату Куруму (набраў 39,59 %), якога асабіста падтрымліваў Рэджэп Эрдаган.

Як сцвярджаюць эксперты, нават калі б Эрдаган пацярпеў паразу па ўсёй краіне, але перамог у Стамбуле, ён быў бы задаволены вынікамі. Бо разам з тым, што сталіца Турэччыны з’яўляецца важным палітычным і эканамічным цэнтрам (тут жыве 20 % ад усёй працоўнай сілы ў краіне, праз яго праходзіць больш за палову турэцкага імпарту і экспарту), гэты горад мае вялікае сімвалічнае значэнне для самога Эрдагана. Справа ў тым, што ў 1994 годзе дзейны прэзідэнт стаў мэрам гэтага горада, адсюль пачалася ягоная палітычная кар’ера. Яшчэ ў 1990-я Эрдаган казаў, што «той, хто пераможа ў Стамбуле, пераможа ў краіне». Аднак нягледзячы на ўсе намаганні, кандыдат ад улады саступіў Імамаглу больш за 10 %, і гэта шмат пра што кажа.

Эрдаган прызнаў паразу

Агулам вынікі выглядаюць так: апазіцыйная РНП зможа паставіць сваіх прадстаўнікоў на пасады мэраў у 35 правінцыях – пераважна ў паўночных, заходніх і паўднёвых рэгіёнах. Уладная ПСР будзе мець 24 прадстаўнікі – у асноўным у цэнтральнай Турэччыне, дзе людзі прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў. У дзесяці паўднёва-ўсходніх правінцыях пасады мэраў зоймуць прадстаўнікі пракурдскай Партыі народнай роўнасці і дэмакратыі. 8 сваіх прадстаўнікоў удалося правесці скрайне правай Партыі нацыяналістычнага дзеяння.

У той жа час Эрдаган павёў сябе годна і прызнаў паразу. Як паведамляе тэлеканал «Аль-Арабія», турэцкі прэзідэнт сказаў, што вынікі выбараў сталі «паваротным момантам» для ягонай партыі, але паабяцаў «паважаць рашэнне нацыі».

«На жаль, мы не дамагліся жаданых вынікаў… Мы, канечне, будзем паважаць рашэнне нацыі, мы не будзем упарціцца, дзейнічаць супраць нацыянальнай волі і ставіць пад сумнеў сілу нацыі», – прыводзіць словы Эрдагана «Інтэрфакс».

Пры гэтым турэцкі прэзідэнт дадаў: «31 сакавіка – гэта паваротны момант для нас, зусім не канец. Калі мы дапусцілі памылку, мы яе выправім. Калі нам нечага не хапае, мы гэта навярстаем».

Hавiны
Эрдаган пагражае Захаду рэлігійнай вайной. Ізраіль адклікае з Турцыі дыпламатаў
2023.10.28 22:22

Праверка, якую Эрдаган не прайшоў

Адной з мэтаў на гэтых муніцыпальных выбарах, якую ставіў Эрдаган, была дэманстрацыя перавагі Партыі справядлівасці і развіцця па ўсёй краіне і імкненне вярнуць пад уладу ПСР уладу ў буйных гарадах, дзе з 2019 года кіравала апазіцыя.

З гэтай мэтай прэзідэнт Турэччыны нават сам узначаліў перадвыбарную кампанію ПСР. Ён актыўна наведваў адно за адным шмат мерапрыемстваў, а для агітацыі адправіў па краіне 17 сваіх міністраў.

Эрдаган добра разумеў значэнне гэтай выбарчай кампаніі для сябе. 8 сакавіка ён нават заявіў, што гэтыя муніцыпальныя выбары стануць для яго апошнімі. Але пры гэтым ён выразіў упэўненасць, што Партыя справядлівасці і развіцця, якую ён узначальвае, застанецца пры ўладзе нават пасля ягонага сыходу.

Справа ў тым, што згодна з Канстытуцыяй краіны Эрдаган у 2028 годзе павінны сысці з прэзідэнцкай пасады і не зможа балатавацца на новы тэрмін. Хаця ўжо сёння гучаць словы пра тое, што ў краіне магчымыя змены ў асноўны закон, каб даць магчымасць для кіраўніка дзяржавы на яшчэ адзін прэзідэнцкі тэрмін.

Як бы там ні было, але праз год пасля гучнай перамогі Рэджэпа Эрдагана на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах галасаванне, якое адбылося 31 сакавіка, стала для дзейнага прэзідэнта праверкай грамадскіх настрояў. І ён, як вынікае, яе не прайшоў.

Новыя лідары

У той жа час поспех Рэспубліканскай народнай партыі ў сталіцы Турэччыны звязваецца наўпрост з постаццю мэра гэтага горада Экрэма Імамаглу.

Яшчэ перад выбарамі некаторыя аналітыкі казалі аб тым, што поспех Імамаглу падчас гэтай кампаніі можа істотна павысіць ягоныя шанцы на тое, каб стаць лідарам падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2028 годзе.

Мэр Стамбула Экрэм Імамаглу, які ў чарговы раз перамог на муніцыпальных выбарах у сталіцы Турэччыны. Стамбул, 1 красавіка 2024 года.
Фота: Umit Bektas / Reuters / Forum

Паводле меркавання палітолагаў, Імамаглу здолеў звярнуцца да выбарцаў як праванацыяналістычнай партыі IYI («Добрая партыя»), так і пракурдскай Партыі дэмакратыі народаў і змог аб’яднаць іхныя галасы. Лічыцца, што ён можа стаць падыходзячым кандыдатам для часткі курдаў, якія жывуць у буйных гарадах краіны, бо, у адрозненне ад ПСР, якая называе курдаў «тэрарыстычнай групай», адносіцца да іх як да раўнапраўных грамадзянаў. Так, менавіта курдская грамада ў Стамбуле галасавала за Імамаглу, нягледзячы на тое, што ў бюлетэні значыўся таксама прадстаўнік пракурдскай Партыі зялёных левых.

Імамаглу лічыцца харызматычным, здольным мабілізоўваць людзей палітыкам, якому таксама сімпатызуюць праісламскія кансерватыўна настроеныя жыхары гарадоў і нацыяналісты.

Прычыны паразы

Адной з найбольш істотных прычынаў паразы партыі Эрдагана на выбарах стаў эканамічны крызіс, якія назіраецца ў Турэччыне апошнімі гадамі. Ён цягнецца яшчэ з 2018 года. На сённяшні дзень інфляцыя ў краіне перакрочыла планку ў 65 %, а турэцкая ліра цягам пяці гадоў абясцэнілася на 80 %.

Захады, накіраваныя на ўвядзенне жорсткай эканоміі і павышэнне падаткаў, не прынеслі ніякага плёну. Пакупніцкая здольнасць насельніцтва імкліва падае, і Эрдагану на гэты раз, у адрозненне ад папярэдніх выбараў, не ўдалося рабіць шчодрыя падарункі для маламаёсных катэгорыяў насельніцтва – усё гэта істотна паўплывала на адносіны грамадства да праўладнай Партыі справядлівасці і развіцця.

У той жа час апазіцыі ўдалося сыграць на незадаволенасці грамадзянаў аўтарытарнай палітыкай Эрдагана. Нягледзячы на тое, што большую частку СМІ ў краіне кантралююць агенцтвы, якія ў сваю чаргу кантралююцца ўладамі, апазіцыі усё ж удалося данесці свае месэджы да выбарцаў.

Паводле меркавання некаторых аналітыкаў, параза на муніцыпальных выбарах можа даволі моцна разгойдаць палітычныя пазіцыі Эрдагана, у тым ліку і на міжнароднай арэне. Бо апошнім часам прэзідэнт Турэччыны імкнуўся ўсімі спосабамі зрабіць сваю дзяржаву важным рэгіянальным гульцом.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.
Фота: Recep Tayyip Erdoğan / Facebook

Тым не менш, да выбараў 2028 года застаецца яшчэ чатыры гады, і іх партыя Эрдагана хоча выкарыстаць для таго, каб адыграць сітуацыю на сваю карысць.

Так, дарадца Эрдагана Мехмет Учум, разумеючы, што апазіцыя на хвалі поспеху падчас муніцыпальных выбараў можа выступіць за правядзенне датэрміновых выбараў, даў адназначны адказ: датэрміновых выбараў у краіне не будзе.

«Тым, хто на падставе атрыманых галасоў на муніцыпальных выбарах робіць стаўку на [датэрміновыя] усеагульныя выбары, не трэба марнаваць свой час. Турцыя будзе праводзіць рэформы ва ўсіх абласцях на працягу чатырох гадоў без [датэрміновых] выбараў да 2028 года.

Прэзідэнт Эрдаган пад сваім кіраўніцтвам прывядзе Турцыю да новага этапу. Ні ў каго не павінна быць ніякіх сумневаў у гэтым», – прыводзіць словы Мехмета Учума ТАСС.

Аб’ектыў
Чаму Беларусь нарасціла гандаль з Турцыяй?
2023.11.13 19:42

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў