Польскія футбольныя хуліганы напалі на беларускага трэнера Аляксандра Хацкевіча


Група хуліганаў 3 сакавіка ўварвалася на трэніроўку польскага футбольнага клубу «Заглэмбе Сасновец» і пабіла трэнера клубу, беларуса Аляксандра Хацкевіча, расказвае Meczyki.pl. Напад пацвердзілі сам трэнер, ягоны агент і ягоны клуб, але ці пацярпеў Хацкевіч фізічна, не вядома.

Аляксандр Хацкевіч.
Фота: Pbs.twimg.com

На трэніроўку, паводле польскага выдання, уварвалася група хуліганаў, якая спачатку проста «размаўляла» з футбалістамі. Затым невядомы ўдарыў Аляксандра Хацкевіча ў твар, трэнеру таксама яму нанеслі некалькі ўдараў нагамі.

Афіцыйную заяву аб здарэнні апублікавалі на сайце клубу, які на момант публікацыі не заўсёды адкрываўся з прычыны перагрузкі. Паводле клубу, група мужчынаў у масках спыніла трэніроўку, пасля чаго адбыліся «размовы» з гульцамі і трэнерамі. Пра здарэнне паведамілі паліцыі, якая скіравала на месца патруль. Пра напад на трэнера клуб не піша.

Агент Хацкевіча Вадзім Шаблій расказаў «Українському футболу», што трэнера не білі, а «былі толькі спробы і пагрозы на ягоны адрас з боку незразумелых людзей, хуліганаў».

Каментар Хацкевіча апублікаваў у X (былым Twitter) знаўца футболу Пётр Слонка. Паводле яго, Хацкевіч сказаў:

«Трэніроўка праходзіла ў звычайнай атмасферы, але ў нейкі момант з’явілася група людзей, якія хацелі агрэсіўна атакаваць трэнерскі штаб і гульцоў.

Мае гульцы паказалі адзінства. Я сам выгадаваўся на вуліцы і ведаю, як сябе паводзіць у такіх сітуацыях, умею ўхіляцца, умею абараняцца.

Мы не адчувалі сябе ў бяспецы. Праблема ў тым, што клуб не гарантаваў належнай бяспекі падчас трэніровак. Такога не павінна адбывацца».

Клуб «Заглэмбе Сасновец» цяпер на апошнім, 18-м месцы польскай Першай лігі (другой паводле значнасці пасля лігі «Экстракласу»), ён здабыў у 25 гульнях толькі дзве перамогі і 13 балаў. У матчы 1 красавіка клуб разгромна прайграў на хатнім полі 0:4 «ГСК Катавіцэ».

Паводле звестак Meczyki.pl, Хацкевіч меў пакінуць клуб праз два з паловай месяцы, клуб ужо завяршаў перамовы з будучым трэнерам. Агент трэнера заявіў, што Хацкевіча «ніхто не звальняе», а сам трэнер збіраецца пакінуць клуб, бо «ў камандзе бардак», і агенцтва будзе бараніць Хацкевіча ў прававым полі.

Аляксандр Хацкевіч – былы футбаліст, які ў 1990-я і 2000-я выступаў за менскае і кіеўскае «Дынама», а таксама за зборную Беларусі, затым працаваў трэнерам менскага і кіеўскага «Дынама», зборнай Беларусі і іншых клубаў. Працу ў «Заглэмбе» ён пачаў 16 студзеня 2024 года, пад ягоным кіраўніцтвам клуб атрымаў 4 паразы і згуляў 2 матчы ў нічыю.

Hавiны
Польскі футбольны клуб «Заглэмбе» замяніў дзяржаўныя сцягі Беларусі на бела-чырвона-белыя
2024.02.19 17:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў