Беларусы Польшчы салідарныя з Украінай


Лісты салідарнасці ўкраінцам накіравалі больш за 30 грамадска-культурных арганізацый, якія аб’ядноўваюць беларускую меншасць і дыяспару ў Польшчы.

Выява: Fundacja Tutaka / Facebook

– Мы, беларусы Польшчы, супраць агрэсіі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі ў дачыненні да свабоднай украінскай дзяржавы. Усё роўна, ці жылі нашы продкі стагоддзямі на Падляшшы, ці з’яўляецца Польшча нашай радзімай, або мы нядаўна тут набылі свой другі дом, а часта і прытулак, сёння мы адчуваем сябе адзіным народам і разам кажам: «Не вайне!»

Падпісанты ўдакладняюць, што беларускае грамадства выступае супраць удзелу беларускага войска ў вайне з Украінай.

– Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь розных нацыянальнасцяў, зрабілі свой выбар у 2020 годзе, і Лукашэнка страціў права прадстаўляць сваю краіну. І мы, беларусы, грамадзяне Польшчы, не згодныя з такім вобразам нашай нацыі! Назавём рэчы сваімі імёнамі: да агрэсіі супраць Украіны датычныя не беларусы. Дыктатар і яго прыхвасні незаконна прадстаўляюць Беларусь, якая выкарыстоўваецца цяпер расейскімі акупантамі супраць мірнай і дэмакратычнай Украіны і ўкраінскага народу.

Аўтары таксама просяць СМІ растлумачыць цяжкае становішча беларускага народу ў кантэксце вайны ва Украіне.

– Сотні тысяч беларусаў ва ўсім свеце кожны дзень выходзяць на вуліцы, пратэстуючы супраць гэтай вайны, як раней пратэставалі супраць дыктатуры ў Беларусі. Тысячы з іх у цяперашні час актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе Украіне і падтрымцы груп валанцёраў, у арганізацыі дапамогі і грашовых ахвяраванняў Украіне. Пакажам рэальную карціну беларусаў!

Поўны тэкст дакументу на польскай, беларускай і ўкраінскай мовах даступны ў профілі Фонду.

МД/ОЕ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў