Адным кветачкі, іншым – кулакі. Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт пра вынікі канферэнцыі каліноўцаў


Канферэнцыя каліноўцаў «Шлях да волі» ў Кіеве мелася скончыцца падпісаннем беларускімі дэмакратычнымі структурамі супольных дакументаў – Мемарандуму па выніках канферэнцыі і Адозвы да вольных народаў свету. Гэтыя дакументы рыхтаваліся адмысловай працоўнай групай загадзя, але калі прыйшоў час, прадстаўнікі арганізацыяў адно за адным ставілі подпісы ад сябе асабіста: маўляў, структурам патрэбны час на абмеркаванне. Ад каліноўцаў жа свой подпіс паставіў камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт.

Пасля канферэнцыі «Белсат» спытаў Дзяніса, як ён ацэньвае прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, што далучыліся да канферэнцыі.

Байцы палка Кастуся Каліноўскага з пазыўнымі Дзядзька і Дэн пад гімн «Пагоні» выносяць палкавое знамя на сцэну памяшкання, дзе праходзіць канферэнцыя «Шлях да волі». У цэнтры кадра – камандзір палка Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– У пачатку канферэнцыі прагучала, што яна можа стаць гістарычнай падзеяй. Што скажаце ў выніку, ці стала яна гістарычнай?

– Маё адчуванне адносна таго, што адбывалася: упершыню сабралася вялікая частка дэмакратычных сілаў, і ў нас было агульнае пытанне, Беларусі і Украіны. Тое, што тут адбывалася, мне, шчыра кажучы, спадабалася, бо без дыскусіі было б не тое, яна якраз паказала, што гэта не фальш, гэта рэальныя жывыя людзі і думкі, а ў спрэчках мы атрымліваем праўду. Па выніках канферэнцыі мы падпісалі дакументы, а ці гістарычны гэта дзень, думаю, даведаемся, калі будзем чытаць падручнікі новай гісторыі Беларусі.

– Але канферэнцыя, напрыклад, была праанансаваная на «Новай Беларусі», дзе таксама сабраліся шмат прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, у тым ліку і палка.

– Мы сустракаліся з Офісам, сустракаліся онлайн, але каб прадстаўнікоў было больш, чым, напрыклад, пяцёра, менавіта з палком, у больш-менш свабодным фармаце, каб мы выказвалі думкі і спрачаліся – на маёй памяці гэта першая сустрэча. Магчыма, я дзесьці не прысутнічаў. Але яшчэ раз падкрэслю: гэта вельмі добрая ініцыятыва, бо колькі можна ўжо: мы ўсе робім агульную справу – але аб’яднацца неяк не можам. Я добра разумею бок Украіны, які кажа, маўляў, мы не будзем абіраць, а будзем размаўляць з усімі, проста вызначыце адзіны кірунак, куды вы рухаецеся, і тады будзем супрацоўнічаць. Бо адныя сродкамі вырашэння пытанняў бачаць, умоўна, кветачкі, іншыя – кулакі. Мне падабаецца ідэя менавіта супрацы, бо дапамогі ва Украіны прасіць трошку не час.

Канечне, хочацца, каб дэмакратычныя сілы Беларусі былі разам. І бок Украіны нас падтрымаў – разам у нас ёсць шанц ударыць адным кулаком. А калі аднаго з бакоў не будзе або хтосьці будзе цягнуць коўдру на сябе, гэта ўжо не тое.

Адна з наведвальніц канферэнцыі «Шлях да волі» выконвае гімн «Пагоня» на пачатку мерапрыемства. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Ці я правільна разумею, што сённяшнюю сустрэчу адрознівае не тое, што, маўляў, полк хоча аб’яднаць сілы вакол сябе, а фокус на Украіне як асноўным партнёры для будучыні?

– Так, гэта вельмі сімвалічна. Тут пыталі, чаму не Брусель, не там ці там. Я так разумею, калі пачалася поўнамаштабная вайна, кожны ведаў: Украіна падзе – пра вольную Беларусь можна і не мроіць. Але Украіна выстаяла, дзякуючы самаахвярнасці ўкраінцаў, беларусаў. Ментальна, культурна, моўна, стратэгічна, бо яна поруч, з агульным ворагам, Украіна нам больш падыходзіць, чым якая іншая краіна. У нас ёсць агульная мэта, якую мы хочам дасягнуць. А наконт таго, каб гэта ўсё рабіць вакол палка… Тут гучалі тэзы пра тое, хто б узяў на сябе адказнасць, што Беларусь – суагрэсар. Па-мойму, беларусы, якія прыехалі сюды і сталі добраахвотнікамі, аўтаматычна ўзялі на сябе гэтую адказнасць. Я больш скажу, полк Каліноўскага, за кошт таго, што ваюе, намагаецца і імя беларусаў адбяліць. Ён зрабіўся сілай не таму, што мы да гэтага імкнуліся, а сам сабою. Але аб’яднацца вакол палка – не скажу, што гэта тэза. Я так не лічу, і не лічыць ніводзін наш прадстаўнік.

– Такой амбіцыі няма?

– Няма. Але ведаеце, калі мы выйдзем на вуліцы і спытаем грамадзянаў Украіны, якіх беларусаў ва Украіне яны ведаюць і хто, на іхную думку, добрыя беларусы – думаю, 80 % будзе ведаць полк Каліноўскага як беларусаў, якія штосьці робяць. Зразумела, будуць і адказы пра Святлану Ціханоўскую, але пра полк згадае больш. Калі ёсць людзі, якія занялі палітычныя кірункі, пытанне, што будзе правільнейшым: каб полк Кастуся Каліноўскага прыяднаўся да іх і змяніў сваё імя – ці каб да палка прыяднаўся хтосьці як дадатковае крыло? Можна выкарыстаць нашы моцныя бакі, бо нас ведаюць як добрых беларусаў, і рухацца разам далей, тут пытанне стратэгіі. Напрыклад, хтосьці з Кабінету становіцца часткай палка Каліноўскага – і ва Украіне будуць разумець: ага, яны з палком, полк, здаецца, хлопцы нядрэнныя, ваююць, мы іх ведаем, калі яны давяраюць, то і мы будзем давяраць.

– А ў іншым фармаце вы маглі б паказаць давер офісу Святланы Ціханоўскай, не праз прыяднанне?

– Або проста супраца, але супраца мусіць быць выбудаваная на агульным бачанні мэты, да якой мы ідзём. Цудоўныя тэзы былі напісаныя ў дакументах, што мы падпісалі, я ў тым ліку. Напрыклад, пра тое, каб выкарыстоўваць усе свае сродкі і сілы дзеля здабыцця будучай вольнай Беларусі. Для мяне нічога такога, каб падпісацца пад гэтымі словамі, няма, але я бачу – ну няма ў іх натхнення падпісаць, яны яшчэ вагаюцца.

Анатоль Лябедзька задае пытанне падчас адной з панэляў канферэнцыі «Шлях да волі». Усяго на мерапрыемстве было 3 тэматычных панэлі для дыскусій: стратэгічная, палітычная і панэль беларуска-ўкраінскіх адносін. Лябедзька прысутнічаў на мерапрыемстве ў якасці прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Ці ёсць адказ, чаму не было чалавека з правам подпісу ад Офісу або Кабінету?

– Яны былі, але бачыце, як адбылося – Манькоў прыйшоў і сказаў, што патрэбны час.

– Для вас гэта быў сюрпрыз?

– Канечне. Я думаў, зараз мы падпішам, ёсць прадстаўнік, мы ж месяц рыхтаваліся не проста так. Я ж не выйшаў і не сказаў, што падпішу ад сябе, а астатніх ваяроў палка Каліноўскага яшчэ спытаю і з акопаў збяру аналіз.

– І як вы ацэньваеце прадстаўніцтва іншых дэмакратычных сілаў, што было на канферэнцыі?

– Вось за гэта я не вельмі люблю палітыку, бо ўсё ператвараецца ў нейкую гульню, некаторыя пачынаюць накідваць цяжар свайго імя – магчыма, я падпішу, а магчыма, не… Слухайце, тут не пытанне ў тым, якія вы людзі, а ў тым, ці здольныя вы падпісацца пад гэтымі словамі, ці здольныя ісці да канца, да перамогі ў Беларусі. Мне ў гэтым пытанні проста: я прыехаў сюды ў 2015 годзе, паставіў тое, што ў мяне на той момант было, і ледзь не згубіў усё ў 2022-м. Словы з гэтых дакументаў цякуць у маёй крыві.

– Але як думаеце, ці будуць яны падпісаныя ў выніку?

– Думаю, так, мы ж размаўлялі.

Баец палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Дэн на канферэнцыі «Шлях да волі». З’яўляецца адным з самых вядомых беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну. Менавіта яго фатаграфія з баявой задачы была абрана своеасаблівым сімвалам канферэнцыі яе арганізатарамі. Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

– Як для прадстаўніка перадавой, што мусіць быць у стратэгіі, якая мае цяпер распрацоўвацца? Без якіх пунктаў не абысціся?

– У стратэгіі вызвалення Беларусі абавязкова мусіць быць сілавы блок, але, як я казаў неаднаразова, не для нападу, не для атакі, а для абароны. Калі мы кажам, што рэвалюцыя можа адбыцца праз дамоўленасці, трэба зрабіць так, каб на гэтыя дамоўленасці рэжым пайшоў, а ён не будзе баяцца і стане проста забіваць тых, хто намагаецца дыктаваць правілы. Калі ты маеш зброю, рэжым падумае, ці варта адмаўляцца ад размовы.

– Як гэтае распрацоўванне стратэгіі супольна з дэмакратычнымі сіламі будзе выглядаць?

– Я думаю, гэта ўсё абмеркаванне, праца ў напісанні і падборы правільных фармулёвак. Гэта мусіць выглядаць такім чынам, што кожны бок піша тое, што лічыць патрэбным, потым усё аб’ядноўваецца і шліфуецца. Усё ж пачынаецца з чарнавога варыянту. Нам не праблема стэлефанавацца з Офісам, са Святланай Ціханоўскай, ужо даўно няма тэзаў, што мы плюёмся ў бок Ціханоўскай, няма ў нас ніякіх, і ў мяне асабіста, непаразуменняў або непрыняцця яе. Мы размаўлялі, так, ёсць рэчы, якія не вельмі падабаюцца, але ў мяне свая думка, у яе свая – і ў спрэчках нараджаецца праўда. Таму будзем неяк працаваць, гэта ж і ёсць дэмакратыя, хіба не?

Рэпартаж
У Кіеве прайшла канферэнцыя каліноўцаў. На ёй амаль падпісалі супольныя дакументы
2023.11.30 01:09

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў