«Патрэбны парасон NATO». Як не даць Расеі здзейсніць пераварот у Малдове і не пускаць туды расейскія ракеты


Расея ўсё мацней уцягвае Малдову ў сваю вайну ва Украіне. З аднаго боку, яна цісне на яе эканамічна і падтрымвае, а то і спансаруе прарасейскія пратэсты. З другога – выкарыстоўвае паветраную прастору Малдовы для кропкавых удараў па Украіне. Захоўваецца напружанасць у краіне і ў сувязі з прысутнасцю ў самаабвешчаным Прыднястроўі расейскага кантынгенту войскаў. Журналісты «Белсату» разам з малдаўскімі экспертамі разбіраліся ў тым, што адбываецца.

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду (Maia Sandu) і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на рабочай сустрэчы ў Кіеве, Украіна. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны / Reuters / Forum

Паводле расследавання «The Washington Post», Федэральная служба бяспекі Расеі працуе над зрынаннем празаходняга ўраду Малдовы. За гэтым планам нібыта стаіць сын былога генпракурора РФ Ігар Чайка, які «супольна з прэс-сакратаром Крамля Дзмітрыем Пясковым распрацаваў падрабязныя планы падрыву пазіцыяў прэзідэнткі Малдовы Маі Санду і вяртання Малдовы ў сферу ўплыву Расеі».

Як паведамляе «WP», ФСБ накіравала дзясяткі мільёнаў даляраў для фінансавання сеткі прарасейскіх малдаўскіх палітыкаў. Вызначальную ролю ў гэтым грае буйны бізнесовец і былы мэр гораду Архей Ілан Шор, які пасля абвінавачванняў у крадзяжы $ 1 млрд з’ехаў у Ізраіль. Аднак ягоная партыя ў 2021 годзе заняла трэцяе месца на парламенцкіх выбарах. У тым ліку і дзякуючы працы паліттэхнолагаў з РФ.

З верасня ў Малдове праходзяць дэманстрацыі, арганізаваныя партыяй Шора. А ягоны паплечнік атрымаў кантроль над двума асноўнымі прарасейскімі тэлеканаламі Малдовы, што дало яму платформу для прасоўвання ўзгодненага з Масквой парадку дня. Сам Шор сцвярджае, што ў нарастанні эканамічнага крызісу вінаваты ўрад краіны. Нібыта толькі добрыя адносіны з Масквой – аснова для атрымання нармальнага кошту на газ.

Газавы шантаж

Улады Малдовы і ЗША асцерагаюцца, што Крэмль узмацніць свае намаганні для зрынання ўлады ў Малдове, калі РФ панясе новыя страты ва Украіне. Таксама пратэсты, арганізаваныя Шорам, могуць узмацніцца з надыходам зімы.

«Калі Расея зразумела, што яны не могуць ваенным шляхам мяняць уладу ў Малдове, не могуць узяць Адэсу, Мікалаеў і ўварвацца на тэрыторыю Рэспублікі Малдова, яны пачалі правядзенне іншага плану, які прадугледжвае дзяржаўны пераварот у Малдове з дапамогаю пятай калоны і некалькіх прарасейскіх партыяў», – распавёў у эфіры «Вот Так» былы міністр абароны Малдовы Анатолій Шалару.

Цяпер, з ягоных словаў, расейскія ўлады «звярнуліся да энэргетычнага шантажу». Як адзначыў дырэктар Інстытуту вуснай гісторыі Малдовы і экс-прадстаўнік Малдовы пры ААН Аляксей Тулбурэ, Расея не толькі выкарыстоўвае незадаволенасць жыхароў Малдовы ростам цаны на газ, але «гэту незадаволенасць актыўна правакуе». Так, з аднаго боку, Малдова атрымлівае газ па вельмі высокай цане, з другога – у меншых аб’ёмах, чым было дамоўлена.

Б’е па энергетычным сектары Малдовы і разбурэнне Расеяй электрастанцыяў ва Украіне, з якіх у краіну паступала каля траціны электраэнергіі. На 1 лістапада дэфіцыт электраэнергіі ў Малдове склаў каля 40 % ад спажывання. З-за гэтага ў краіне ўведзены рэжым эканоміі электрычнасці і газу, а сама яна вымушана купляць газ у ЕЗ па вельмі высокіх коштах. Для малдаўскіх спажыўцоў тарыф на газ за год ужо вырас у шэсць разоў. І гэта не мяжа.

Усё гэта, са словаў Тулбурэ, стварае дэфіцыт і выклікае незадаволенасць насельніцтва, якое «спрабуюць выкарыстоўваць, маніпулюючы настроямі людзей, такія дзеячы, як Шор». Ён назваў размах пратэстаў у Малдове, з улікам маштабаў, беспрэцэдэнтным для еўрапейскіх краін ва ўмовах расейскай вайны ва Украіне.

Поспех у зрынанні ўлады ў Малдове стане «палітыка-дыпламатычным прарывам» для Крамля, мяркуе эксперт. Ён нагадаў, што ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях Расею «падтрымваюць дзве-тры краіны, але і тыя краіны-ізгоі».

«Атрымваецца яшчэ адна, акрамя Беларусі, еўрапейская дзяржава, якая будзе праводзіць пракрамлёўскую палітыку ці будзе займаць прарасейскую пазіцыю. Падтрымваць Расею ў тым, што яна робіць», – падкрэсліў Тулбурэ.

І хоць ён не верыць, што да ўлады ў Малдове можа прыйсці ўрад, кантраляваны Шорам, «тым не менш, гэтыя пратэсты дэстабілізуюць сітуацыю ў краіне». У любым выпадку, мяркуе эксперт, «Расея зробіць усё магчымае для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове, і паспрабуе змяніць урад».

«Пуціну трэба, каб у Малдове была ўлада, якая падпарадкоўваецца яму наўпрост. Якая будзе адкрываць паветраную прастору Малдовы для авіяцыі Расеі. Якая будзе дазваляць Расеі папаўняць свой вайсковы кантынгент на тэрыторыі Прыднястроўя. Якая закрые транспартавыя калідоры ва Украіну і з Украіны. Якая будзе ствараць вельмі вялікія непрыемнасці і Румыніі, і Украіне», – адзначыў Анатолій Шалару.

Толькі частка мазаікі

Палітолаг Вячаслаў Бярбека у каментары сайту «Белсату» заявіў, што ў апошні час пратэсты ў Малдове ўсё больш радыкалізуюцца, гучаць заклікі да зрынання ўлады. Аднак, з ягоных словаў, урад робіць усё, каб абараніць канстытуцыйны лад.

«Я думаю, што так і будзе надалей. Прыкметаў таго, што здарыцца нешта надзвычайнае, пакуль не відаць», – адзначыў эксперт.

Паліцыянты блакуюць вуліцу падчас антыўрадавай акцыі пратэсту ў Кішынэве, Малдова. 23 кастрычніка 2022 года.
Фота: Vladislav Culiomza / Reuters / Forum

Аднак, на ягоную думку, газавы шантаж і спроба арганізаваць пераварот – толькі частка агульнай карціны дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне.

Таксама, сказаў Бярбека, Расея праз сваіх агентаў спрабуе пахіснуць сітуацыю і ў рэгіёнах Малдовы – у самаабвешчанай Прыднястроўскай Рэспубліцы, аб жаданні далучыць якую да Расеі яшчэ ў красавіку заяўлялі вайскоўцы РФ, і ў Гагаузскай аўтаноміі, дзе таксама праходзілі маршы пратэсту, а нядаўна збіралі подпісы за тое, каб не прызнаваць распаду СССР.

Тым не менш, лічыць Вячаслаў Бярбека, большасць жыхароў Прыднястроўя не хоча дэстабілізацыі і жадае вяртання да даваеннай сітуацыі, калі можна было рабіць бізнес, у тым ліку кантрабандны, праз тэрыторыю Украіны. Цяпер жа ўсе выезды ва Украіну зачыненыя, і рэгіён на 100 %, у тым ліку ў пытаннях харчавання і медыкаментаў, залежыць ад астатняй часткі Малдовы.

Палітолаг адзначыў, што падчас паведамленняў у красавіку аб тэрактах у Прыднястроўі і аб магчымым уцягванні рэгіёну ў вайну многія яго жыхары, у тым ліку мужчыны прызыўнога ўзросту, шыхтаваліся ў вялізныя чэргі, каб атрымаць дакументы Малдовы.

«Гэта азначае, што яны не хочуць ваяваць. Напэўна, людзі разумеюць і там, што сабой уяўляе гэтая вайна і што нясе з сабой “руский мир”», – падкрэсліў Вячаслаў Бярбека.

Пры гэтым і мясцовы расейскі гарнізон у значнай ступені складаецца менавіта з жыхароў Прыднястроўя, паколькі ні малдаўскія, ні ўкраінскія ўлады не дазваляюць РФ праводзіць там ратацыю сваіх войскаў. Але і тыя, паводле некаторай інфармацыі, імкнуцца звольніцца з войска і не падпісваюць новых кантрактаў, заявіў эксперт.

Расеі абыякавыя наступствы

Расея таксама працягвае парушаць паветраную прастору Малдовы для нападу на Украіну. Так, 10 кастрычніка тры ракеты, запушчаныя з Крыма, праляцелі над тэрыторыяй Малдовы і затым ударылі па Львове.

Мужчына назірае, як над горадам пасля расейскіх ракетных удараў падымаецца дым. Львоў, Украіна. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

«Расея не папярэдзіла аб гэтым улады Рэспублікі Малдова. І нават не выказалі ні шкадавання, ніякіх эмоцый, таму што ім усё роўна. Гэта быў мэсэдж уладам Рэспублікі Малдова, што “вы нам таксама абыякавыя і рыхтуйцеся да далейшых падзеяў”», – лічыць Анатоль Шалару.

Ён нагадаў, што праз гэты інцыдэнт амбасадара Расеі выклікалі ў МЗС Малдовы і ўручылі ноту пратэсту, але рэакцыі з боку Расеі не было. 31 кастрычніка на тэрыторыі Малдовы ўпала збітая ўкраінскай супрацьпаветранай абаронай расейская ракета, былі выбітыя шыбы ў некалькіх дамах. Кішынэў у адказ выслаў з краіны аднаго з супрацоўнікаў расейскай амбасады.

Анатолій Шалару адзначыў, што расейскія ракеты небяспечныя не толькі для Украіны, але і для Малдовы. З ягоных словаў, мэтаю збітай ракеты была гідраэлектрастанцыя ў «амаль памежным» з Малдовай украінскім Новаднястроўску:

«Калі б яны разбурылі дамбу, то вада разлілася б і на тэрыторыю Малдовы. І было б затоплена 14–20 паселішчаў. Але Расеі ўсё адно, якія былі б наступствы».

Былы міністр абароны Малдовы падкрэсліў, што расейскія «ракеты не новыя, яны не апошняй распрацоўкі, яны недакладныя, яны могуць мяняць свой курс і могуць падаць на любы горад у Рэспубліцы Малдова, на любы населены пункт». На ягоную думку, яны могуць у тым ліку збіць самалёт.

Збіваць не атрымаецца

А вось збіваць расейскія ракеты Малдова не можа, таму што ў яе няма сучасных сродкаў супрацьпаветранай абароны, адзначыў Анатолій Шалару. На набыццё сістэмы «Patriot», як гэта зрабіла суседняя Румынія, у яе няма грошай. Сама ж Румынія не зможа абараніць паветраную прастору Малдовы без калегіяльнага рашэння краінаў NATO, паколькі «гэта можа быць расцэнена Расеяй як беспасярэдняе вайсковае ўмяшанне NATO ў ваенны канфлікт ва Украіне».

«Адзіны спосаб закрыць паветраную прастору – гэта парасон NATO. Рэспубліка Малдова павінна ўслед за Украінай аформіць заяву аб уступленні ў NATO. Але, на жаль, у нас ёсць пункт у Канстытуцыі, які прадугледжвае, што мы нейтральная краіна. І пакуль не будзе змененая Канстытуцыя або пакуль Малдова не прыме пастанову аб’яднацца з Румыніяй, гэта немагчыма зрабіць», – падкрэсліў палітык.

Пры гэтым, паводле яго, ракеты магла б збіваць сама Украіна. Але для гэтага Захад павінен абсталяваць яе ўсімі неабходнымі сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Аналітыка
Што будзе, калі Прыднястроўе ўступіць у вайну?
2022.04.26 18:27

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў