Сілавікі затрымалі гарадзенскага фатографа, які дапамагаў украінскім бежанцам на польскай мяжы


ГУБАЗіК затрымаў гарадзенскага фатографа Яўгена Бузука. Яго абвінавацілі ў тым, што пасля пачатку вайны ён ездзіў дапамагаць бежанцам на польска-украінскую мяжу, паведамляюць праваабаронцы.

Яўген Бузук. Крыніца: Евгений Бузук / Вконтакте

У віну фатографу ставяць тое, што ён, нібыта, прапаноўваў у Instagram «зніжкі для БЧБ-маладажонаў», распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, «з’яўляўся фанатам дзейнай улады Украіны, русафобам і змагаром».

Таксама мужчыну абвінавацілі ў тым, што пасля пачатку вайны ён ездзіў на польска-украінскую мяжу дапамагаць бежанцам, Сілавікі ў сваю чаргу напісалі, што чамусьці затрыманы «не рваўся дапамагаць уцекачам на беларуска-польскай і беларуска-ўкраінскай мяжы».

Яўгена затрымалі дома. На відэа ён быў у майцы з украінскім гербам.

Выданне Hrodna.life паведамляе, што ў 41-гадовага фатографа з Горадні Яўгена Бузука ў калекцыі больш за дзясятак узнагарод сусветнага ўзроўню. Ягоныя працы ўдастоіліся «золата» Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва і Брытанскай фатаграфічнай асацыяцыі, асацыяцыі фатографаў Азербайджану, Славеніі, Сербіі і іншых краінаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў