Рыхтуюцца новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. Але без удзелу беларускіх экспертаў


Сталі вядомыя новыя кірункі санкцыйнага ўціску ў дачыненні Расеі. Група міжнародных экспертаў пры прэзідэнту Украіны распрацавала новы пакет санкцыйных прапановаў «План дзеянняў 2.0». У дакуменце некалькі разоў згадваецца і Беларусь. Расказваем пра змест дакументу і магчымыя наступствы для кампаній з беларускімі каранямі па ўсім свеце.

Андрэй Ермак падчас прэзентацыі «Плану дзеянняў 2.0».
Фота: president.gov.ua

Міжнародная экспертавая група Ермака – Макфола, якая працуе пры прэзідэнту Украіны, прэзентавала новую версію прапановаў аб узмацненні санкцыяў супраць Расеі «План дзеянняў 2.0». Дакумент апублікаваны на сайце ўкраінскага прэзідэнта.

«Практычна ўсё з першага плану дзеянняў было зрэалізавана. Я хацеў бы падзякаваць за гэта ад усіх украінцаў. Санкцыі – гэта моцная зброя, з якою мы абараняем нашую краіну і дзякуючы якой пераможам агрэсара. Мы чакаем новых магутных пакетаў санкцыяў, прадугледжаных гэтым планам. Гэта вельмі важны дакумент, і я дзякую ўсім, хто браў удзел у яго распрацоўванні», – заявіў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

Адна з галоўных санкцыяў, паводле новага плану, – прапанова знізіць верхняю мяжу цаны на нафту спачатку да $ 45 за барэль, а ў далейшым – да $ 30 за барэль. Эксперты прапануюць узмацніць і кантроль за выкананнем абмежаванняў на цану нафты. Апроч таго, прапануюць увесці падатак на імпарт расейскіх нафты і газу ў краіны санкцыйнай кааліцыі, а яго сродкі выкарыстоўваць для аднаўлення Украіны.

Дэталі прапановаў з плану.

  • Спыніць пастаўкі расейскага газу ў ЕЗ па ўсіх трубаправодах, акрамя тых, што праходзяць па тэрыторыі Украіны.
  • Абмежаваць імпарт расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ).
  • Стварыць ва Украіне буферныя запасы газу для далейшых паставак у ЕЗ у ацяпляльны перыяд.
  • Дабіцца эмбарга на расейскія энергарэсурсы ў краінах Азіі, якія падтрымліваюць Украіну.
  • Увесці дадатковыя санкцыі супраць расейскіх нафтагазавых і нафтасэрвісных кампаніяў і «Газпромбанка».
  • Увесці падатак на даходы энергетычных кампаніяў, што захоўваюць бізнес у Расеі і Беларусі.

«Накласці поўнае падаткаабкладанне на заходнія нафтагазавыя кампаніі, якія застаюцца ў Расеі. Урады санкцыйнай кааліцыі маюць увесці падатак 100 % на любую выгаду, атрыманую адной з іх нафтагазавых кампаніяў, як «Total» і SLB, ад дзейнасці ў Расеі ці Беларусі з 24 лютага 2022 года, з любымі даходамі, прызначанымі для падтрымання аднаўлення Украіны», – гаворыцца ў дакуменце.

  • Увесці новы пакет санкцыяў супраць «Росатома».
  • Пашырыць абмежаванні ў дачыненні неэнергетычных артыкулаў расейскага экспарту: металаў, алмазаў, золата, паслуг і г. д.

Прапануецца абмежаваць расейскім вайскоўцам магчымасці выкарыстання навігацыйнай сістэмы GPS у памежных з Украінаю рэгіёнах Беларусі і Расеі, а таксама на тэрыторыі беспасярэдне Украіны. Распрацаваныя і прапановы санкцыяў супраць ВПК, у тым ліку і беларускай вайсковай прамысловасці.

«Увесці комплексныя санкцыі супраць расейскага і беларускага вайскова-прамысловага сектару. Гэтыя санкцыі павінны распаўсюджвацца на ўсе даччыныя кампаніі ды юрыдычныя асобы кожнага холдынгу (напрыклад, «Ростех») у гэтым сектары, каб ускладніць закуп імпартных кампанентаў, неабходных для вытворчасці ўзбраенняў. Яны таксама павінны месціць санкцыі супраць любых звязаных бакоў расейскай вайсковай прамысловасці або службовых асобаў», – так сфармуляваныя ў дакуменце прапановы санкцыяў адносна ВПК.

У дакуменце таксама прапанаваная «надзейная аснова для індывідуальных санкцыяў». «У тым ліку замарожванне актываў, візавыя забароны, датэрміновае спыненне паўнамоцтваў чальцоў кіравання або кіраўнікоў дзяржаўных кампаніяў ды банкаў у краінах санкцыйнай кааліцыі, а таксама судовыя пазовы і страту якіх-кольвек дзяржаўных пенсіяў альбо іншых ільготаў, атрыманых пасля заканчэння дзяржаўнай службы, для асобаў, якія займаюць пасады чальцоў кіравання або найвышэйшых кіроўных пасадаў у расейскіх або беларускіх кампаніях ці банках. Гэтыя прынцыпы сёння такія ж актуальныя, як і год таму», – адзначаюць аўтары «Плану дзеянняў 2.0».

Сярод прапановаў ёсць і патрабаванне абавязаць кампаніі ды іншыя юрыдычныя асобы, якія працуюць у краінах санкцыйнай кааліцыі, раскрываць інфармацыю пра свае бізнес-сувязі з Расеяй і Беларуссю. «Як мінімум прапанаваныя патрабаванні да раскрыцця інфармацыі павінны абавязаць кампаніі ЕЗ, ЗША, Канады, Карэі, Японіі, Вялікай Брытаніі і Украіны, якія маюць бізнес-сувязі з Расеяй, раскрываць інфармацыю пра іх наяўнасць, асобаў расейскіх контрагентаў і характар стасункаў. Аналагічнае раскрыццё інфармацыі павінна быць зроблена ў дачыненні дзелавых сувязяў і стасункаў з Беларуссю».

Эксперты таксама рэкамендуюць, каб рэгулятарныя органы санкцыйнай кааліцыі «патрабавалі поўнага раскрыцця ўсіх актываў і бізнесу, які вядзецца з Расеяй і Беларуссю, а таксама з расейскімі і беларускімі кампаніямі ў трэціх краінах, з заяваю пра палітыку савету дырэктараў у бізнесе з Расеяй, пакуль ідзе вайна».

«Мы мяркуе, што святло – найлепшы сродак дэзынфекцыі. Абнародаванне інфармацыі таксама зробіць прапанаваныя захады больш эфектыўнымі», – заявілі чальцы экспертавай групы.

Ёсць і новыя прапановы да Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), Міжнароднага паралімпійскага камітэту (МПК), міжнародных спартовых федэрацыяў і нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (НАК). Іх заклікаюць забараніць:

  • міжнародныя спартовыя імпрэзы, арганізаваныя або падтрыманыя міжнароднаю спартоваю федэрацыяй або НАК у Расеі або Беларусі;
  • удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у любых спартовых імпрэзах або сустрэчах, зарганізаваных або падтрыманых МАК, МПК, міжнароднымі спартовымі федэрацыямі або НАК краінаў санкцыйнай кааліцыі;
  • забараніць любыя запрашэнні або акрэдытацыі расейскіх і беларускіх чыноўнікаў ці дзяржаўных службоўцаў на любыя такія міжнародныя спартовыя імпрэзы або сустрэчы.

Ёсць новыя прапановы і датычна візаў для грамадзянаў Расеі. Кіеў бачыць два варыянты захадаў: забарона выдачы візаў або ўвядзенне дадатковага збору на аднаўленне Украіны.

«Тады расейцы змогуць выбіраць: заплаціць дадатковы збор і паехаць у Рым, альбо не плаціць яго і паехаць на адпачынак у Менск», – гаворыцца ў дакуменце.

Андрэй Ермак з удзельнікамі абмеркавання «Плану дзеянняў 2.0».
Фота: president.gov.ua

Распрацоўвае прапановы па даручэнні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Міжнародная рабочая група ў справе санкцыяў супраць Расеі на чале з кіраўніком Офісу прэзідэнта Украіны Андрэем Ермаком супольна з дырэктарам Інстытуту міжнародных даследаванняў імя Фрымэна – Споглі (FSI), былым амбасадарам ЗША ў Расеі  Майклам Макфолам.

Гэта ўжо не першы санкцыйны план, распрацаваны гэтай экспертаваю групай. Асноваю для ўвядзення папярэдніх санкцыяў стаўся падобны план дзеянняў для ўзмацнення санкцыяў супраць Расеі, які міжнародная экспертавая група прэзентавала летась.

«Дакументы нашай групы сёння ляжаць на сталах ува ўсіх сусветных лідараў і ўсіх, хто мае дачыненне да санкцыяў. Я ганаруся тым, што сёння праца нашай групы ляжыць у аснове больш як 70 % санкцыяў, уведзеных і рэалізаваных ЗША, ЕЗ, Вялікаю Брытаніяй ды іншымі краінамі», – кажа Ермак.

Вынікамі папярэдняй працы экспертаў сталася ўвядзенне эмбарга на расейскую нафту і нафтапрадукты, цэнавыя абмежаванні на іх, поўныя блакавальныя санкцыі ў дачыненні прыблізна 20 найбуйнейшых расейскіх банкаў, а таксама пазбаўленне Расеі ўсіх правоў у FATF. Пад гандлёвыя абмежаванні трапіў «беспрэцэдэнтна шырокі спіс тавараў падвойнага прызначэння», уведзеныя індывідуальныя санкцыі супраць тысяч асобаў з розных сфераў дзейнасці, створаны каардынацыйны механізм для рэалізацыі санкцыяў «Вялікай сямёркі».

Адносна «Плану дзеянняў 2.0» Ермак сказаў, што яго трэба як мага хутчэй давесці да сусветных лідараў і профільных арганізацыяў, што займаюцца пытаннем санкцыяў. Украіна чакае, што ў чарговы пакет будуць дададзеныя расейскія прапагандысты, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны. Андрэй Ермак таксама адзначыў важнасць увядзення санкцыяў супраць расейскіх спартоўцаў, якіх краіна-агрэсар выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах. Таксама Украіна спадзяецца, што ўзмацненню санкцыйнага рэжыму супраць Расеі паспрыяюць і краіны Глабальнага поўдня, з якімі Украіна працягвае перамовы.

Чальцы экспертавай групы і прадстаўнікі медыяў падчас онлайн-прэзентацыі «Плану дзеянняў 2.0».
Фота: president.gov.ua

Сукіраўнік экспертавай групы, былы амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфол падкрэсліў, што, нягледзячы на ​​значны абʼём працы ў кантэксце барацьбы з санкцыямі, нямала яшчэ трэба зрабіць. Менавіта на гэтыя напрамкі акцэнтавалі ўвагу адмыслоўцы ў працэсе рыхтавання абноўленага плану. Прапанаваныя ў дакуменце кірункі санкцыйнага ціску вельмі канкрэтныя. Гаворка пра найбольш балючыя пункты расейскай эканомікі, на якія, паводле экспертаў, варта націснуць, каб зменшыць вайсковы патэнцыял Расеі.

«Белсат» атрымаў каментар старэйшай навуковай працаўніцы даследчага цэнтру BEROC Настассі Лузгіной адносна «Плану дзеянняў 2.0» і наступстваў яго ўвядзення ў дзеянне для кампаніяў з беларускімі каранямі ўва ўсім свеце:

«Асноўнае, што датычыць бізнесу, – узмацненне кантролю за раскрыццём інфармацыі пры рабоце з беларускімі кампаніямі ў Беларусі і за яе межамі. Гэта, вядома, можа стварыць дадатковыя цяжкасці і для бізнесу з беларускімі каранямі, што працуе ў ЕЗ. Бо праз рэпутацыйныя рызыкі беларускія кампаніі і цяпер сутыкаюцца з праблемамі. Чаму такое прапануюць? Перш за ўсё, каб выключыць магчымасць абыходу санкцыяў».

Таксама Настасся Лузгіна адзначыла, што, не зважаючы на наяўнасць некалькіх беларускіх экспертавых цэнтраў за мяжой, ёй не вядомыя прыклады, калі б чальцы экспертавай групы пры прэзідэнту Украіны звярталіся па беларускую экспертызу «Плану дзеянняў 2.0».

На гэтую акалічнасць звяртаюць увагу і аўтары ананімнага тэлеграм-каналу «Ник и Майк».

«Хоць некаторая розніца ў падыходах прасочваецца, у цэлым кірунак руху – узмацненне санкцыяў, якія будуць усё больш балюча біць па беларусах і кампаніях з беларускім капіталам за мяжою. Ясна, што не ўсе рэкамендацыі адразу будуць зрэалізаваныя, але гэта адлюстроўвае меркаванне экспертавай супольнасці, якая ўвасабляецца ў палітыку», – пішуць аўтары тэлеграм-каналу.

Яны таксама адзначаюць, што відавочнае абвастрэнне праблемы адсутнасці нармальнай камунікацыі паміж штабамі беларускіх апазіцыйных сілаў і кіраўніцтвам Украіны.

«Адзін з ключоў да перамогі – гэта Украіна. Украіна таксама шмат у чым вызначае санкцыйную палітыку і ўплывае на стаўленне да беларусаў, у тым ліку тых, хто вымушана пакінуў краіну. Але гэта складанае поле і складаная тэма. Вынік адсутнасці ў штабоў палітыкі ў адносінах да Украіны і рэальных дзеянняў – зʼяўленне такіх палітычна-экспертавых дакументаў. Можна доўга радавацца «перамогам» у выглядзе лягчэйшага санкцыйнага рэжыму супраць беларусаў за мяжой, але ад гэтага ён менш санкцыйным не становіцца», – падсумоўваюць аўтары каналу «Ник и Майк».

У сваю чаргу зазначым, што ў спісе чальцоў экспертавай групы, што распрацавала «План дзеянняў 2.0», сапраўды можна знайсці экспертаў са шмат якіх краінаў, у тым ліку Украіны і нават з Расеі. Але там сапраўды няма ніводнага прозвішча беларускіх экспертаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў