Барыс Грызлоў: Ядравая зброя ў Беларусі будзе каля яе заходніх межаў


Расейскі пасол у Беларусі Барыс Грызлоў выказаўся наконт размяшчэння ядравай зброі ў нашай краіне. У эфіры тэлеканалу СТВ ён заявіў, што яе «паставяць каля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы».

Барыс Грызлоў, пасол Расеі ў Беларусі.
Фота: er.ru

«Тое, што шмат шуму, – гэта ўжо добра. Я думаю, нарэшце звяртаюць увагу на тое, што мусіць быць пэўны парытэт. Калі мы гаворым пра размяшчэнне амерыканскай ядравай зброі ў краінах Еўропы, а гэта пяць краінаў на сёння – Італія, Бельгія, Нідэрланды, Нямеччына і Турцыя, мы павінны рабіць дзеянні, якія будуць падвышаць бяспеку нашай Саюзнай дзяржавы. Расея і Беларусь – гэта тэрыторыя Саюзнай дзяржавы, прычым яна ўзаконеная. У адрозненне ад тэрыторыяў іншых краінаў, на якіх ЗША размяшчае сваю ядравую зброю. Гэта проста іх марыянеткі. У нас гэта адзіная прастора», – заявіў Грызлоў.

Дыпламат таксама нагадаў, што да 1 ліпеня будзе падрыхтаванае сховішча для размяшчэння тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі і яно «будзе каля заходніх межаў нашай Саюзнай дзяржавы». Грызлоў дадаў: «Гэта будзе зроблена, не зважаючы ні на які шум у Еўропе і ў ЗША».

Нагадаем: 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што на тэрыторыі Беларусі размесцяць тактычную ядравую зброю. Датай адкрыцця сховішча тактычнай ядравай зброі ў Беларусі называюць 1 ліпеня 2023 года.

Hавiны
У Кіеве сумняюцца, што Расея сапраўды размесціць ядравую зброю ў Беларусі
2023.04.02 09:24

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў