У дзень яднання народаў Беларусі і Расеі высвятляем, ці патрэбная беларусам далейшая інтэграцыя з РФ


2 красавіка ў Беларусі ды Расеі на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень яднання народаў гэтых краінаў. Памятную дату зацвердзілі яшчэ 1996 годзе, прысвяціўшы яе падпісанню дамовы пра стварэнне садружнасці Беларусі і Расеі. Высвятляем, як цяпер беларусы адносяцца да саюзу паміж краінамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Канцэрт прайшоў 18 сакавіка 2022 г. у Маскве і быў прысвечаны акупацыі Крыму.
Фота: Ramil Sitdikov / TASS / Forum

Яшчэ ў траўні 1995 года на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ўпершыню ў гісторыі прайшоў дзяржаўны рэферэндум, адно з пытанняў якога закранала адносіны з Расеяй:

«Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй?» Згодна з афіцыйнымі вынікамі, «за» выказаліся 83,3 % беларусаў, якія ўзялі ўдзел у рэферэндуме. Пры гэтым яўка склала 64,87 % грамадзянаў, якія мелі права голасу.

Менш чым праз год – 2 красавіка 1996 года – тагачасны прэзідэнт РФ Барыс Ельцын падпісаў дамову пра стварэнне садружнасці Беларусі і Расеі. А яшчэ праз год – 2 красавіка 1997 года – Лукашэнка падпісаў дамову пра Саюз Беларусі і Расеі. Менавіта з гэтага дня на афіцыйным узроўні абедзвюх краінаў адзначаецца Дзень адзінства народаў Беларусі і Расеі.

Прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын (справа) абменьваецца поціскам рукі са сваім беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. Ельцын і Лукашэнка падпісалі дэкларацыю, якая заклікае да стварэння саюзнай дзяржавы, але не адмовіліся ад суверэнітэту стварэння адзінай валюты. Масква, Расея. 25 снежня 1998 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Планавалася, што ў выніку саюзу дзвюх краінаў будзе створаная адзіная палітычная, эканамічная, вайсковая, мытная, валютная, юрыдычная, гуманітарная, рынкавая і культурніцкая прастора.

З таго часу мінула 25 гадоў, аднак рэальнага саюзу так і не склалася. У краінах жа за гэты час змянілася мінімум адно пакаленне, таму даследнікам стала цікава, ці хочуць цяперашнія беларусы і расейцы інтэграцыі ў саюзнай дзяржаве.

Брытанскі аналітычны цэнтр у галіне міжнародных адносінаў «Chatham House» апублікаваў звесткі сацыялагічнага апытання «Погляды беларусаў на палітычны крызіс», праведзенага з 20 да 30 красавіка 2021 года. Сярод іншых пытанняў, якія закраналіся ў даследаванні, апыталі беларусаў і пра стаўленне да Расеі. У прыватнасці:

«Які варыянт саюзу з Расеяй найбольш прымальны для вас?»

  • 33 % апытаных выказаліся за зону свабоднага гандлю;
  • 44 % – за адзіную эканамічную прастору без палітычнага аб’яднання;
  • 10 % – за адзіную эканамічную прастору з адзінай вонкавай палітыкай і войскам;
  • 7 % – за ўваходжанне ў склад Расеі;
  • 6 % – не выбралі ніводнага з пералічаных варыянтаў.

На першы погляд, колькасць прыхільнікаў цесных адносінаў з Расеяй у розных формах ізноў вялікая – 94 %, што нават больш, чым было на рэферэндуме 1995 года.

Разам з тым зона свабоднага гандлю і адзіная эканамічная прастора ўжо пабудаваныя паралельна ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу, у які акрамя Беларусі і Расеі ўваходзяць яшчэ Арменія, Казахстан і Кыргызстан. То бок першыя два варыянты адказу на пытанне ўжо зрэалізаваныя, таму і асобны саюз Беларусі і Расеі для гэтага не патрэбны.

Нагадаем, што апытанне «Chatham House» праводзілася ў красавіку 2021 года, то бок яшчэ да таго, як былі зацверджаныя 28 праграмаў саюзнай дзяржавы для інтэграцыі ў пытаннях падаткаў, крэдытаў, а таксама стварэння аб’яднаных рынкаў нафты, газу і транспартавых паслугаў – адбылося гэта толькі 5 лістапада 2021 года.

З гэтага вынікае, што на момант правядзення сацыялагічнага даследавання ўсяго толькі 17 % апытаных беларусаў хацелі яшчэ большага аб’яднання дзвюх краінаў.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Згадаем, што саюзная дзяржава прадугледжвае і адзіную вайсковую прастору. У тым жа лістападзе 2021 года Пуцін і Лукашэнка зацвердзілі новую рэдакцыю Вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У гэтым дакуменце гаворыцца, што дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем вайсковай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву агулам і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў, якія ёсць у іх распараджэнні.

Але ўжо пачатак 2022 года паказаў, што беларускі ды расейскі народы не гатовыя прытрымлівацца адзінай вайсковай дактрыны Саюзнай дзяржавы, паколькі абсалютная большасць беларусаў выказалася супраць удзелу Беларусі ў вайне Расеі ва Украіне, а таксама асуджае самыя дзеянні Расеі.

Так, паводле яшчэ аднаго сацыялагічнага апытання «Chatham House», якое праводзілася з 5 да 14 сакавіка 2022 года, толькі 3 % жыхароў Беларусі падтрымліваюць уступленне беларускіх войскаў у ваенны канфлікт на баку Расеі. У гэты ж час, паводле даследавання Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ), 68 % расейцаў падтрымліваюць вайну з Украінай.

Зразумела, што на фоне вайны ва Украіне стаўленне беларусаў да далейшай інтэграцыі краіны з Расеяй у межах саюзнай дзяржавы маглі істотна змяніцца. Але нават па выніках леташняга апытання «Chatham House» відавочна, што за паглыбленне саюзу паміж краінамі выступала меншая частка беларусаў.

Аналітыка
Рэйкавая вайна ў Беларусі: дыверсіі, рэпрэсіі ды пагрозы забіваць партызанаў
2022.04.02 10:00

ВК belsat.eu

Стужка навінаў