СК распачаў крымінальную справу супраць Аляксандры Герасімені

Супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна распачалі крымінальную справу за крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандра Герасіменя ў варшаўскай студыі «Белсат ТВ». 21 кастрычніка 2020 г. Фота: Яна Пракопчык / Белсат

СК вінаваціць Герасіменю і Апейкіна ў распаўсюдзе нібыта «заведама ілжывых звестак пра хаду і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурніцкай сферах жыцця грамадства».

«У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў учыніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, пад ціскам чальцоў вышэйпаказанага аб’яднання з Беларусі перанесены шэраг буйных спартовых імпрэзаў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У СК сцвярджаюць, што дзеянні Герасімені і Апейкіна нанеслі дзяржаве «значную іміджавую і фінансавую шкоду, падарвалі прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавалі кіраўніцтва спартовай галіны і дзяржавы».

У дачыненні спартоўцаў распачалі крымінальную справу паводле ч.3 ст.361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці інтэрнэту») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне – 5 гадоў калоніі.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 324 асобы на дзень 2 красавіка прызнаныя палітычнымі вязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Hавiны