237-ы дзень пратэстаў. Рэпрэсіўныя законы, «тэрарыстычны спіс» КДБ і справа супраць Герасімені


Belsat.eu падводзіць вынікі 2 красавіка – 237-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Рэпрэсіўныя законы

Палата прадстаўнікоў, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Чальцы Палаты прадстаўнікоў на першым паседжанні вясновай сесіі ўхвалілі шэраг рэпрэсіўных законаў, якія могуць быць выкарыстаны для пераследу незалежнай прэсы і іншадумцаў.

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб масавых мерапрыемствах. Дакумент скасоўвае апавяшчальны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах. Усе масавыя акцыі могуць праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў улады. Законапраект забараняе асвятляць у сродках масавай інфармацыі ў «рэжыме рэальнага часу» несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы «з мэтай іх папулярызацыі або прапаганды».

«Законапраектам удакладняецца прававое становішча асобаў, якія прысутнічаюць на масавым мерапрыемстве ў якасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі. На такіх асобаў распаўсюджваецца патрабаванне выконваць грамадскі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў», – заявіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

Дэпутаты таксама прынялі ў першым чытанні законапраект аб змяненні законаў у пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму. Праект прапануе зацвердзіць адмысловы тэрмін паскоранага разгляду справаў у грамадзянскім працэсе ў дачыненні арганізацыяў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнання сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

КДБ абвесціў апазіцыю тэрарыстамі

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Камітэт дзяржаўнай бяспекі на сваім сайце апублікаваў абноўлены спіс арганізацыяў і фізічных асобаў, якія нібыта маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. У «тэрарыстычны спіс» залучылі апазіцыйных палітыкаў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку, блогера Антона Матольку і былых сілавікоў – Ігара Макара, Андрэя Астаповіча, Станіслава Лупаносава, Уладзіміра Жыгара, Ігара Лобана, Алега Талерчыка, Святлану Хілько, Міхаіла Куцка, Мацвея Купрэйчыка. Таксама ў спісе – Станіслаў Якіменка, Сяргей Чубукаў, Сяргей Макар і затрыманы па «справе аб рыхтаванні тэракту ў Печах» Вячаслаў Малейчук.

Цяпер іх усіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць тэрарыстамі нароўні з баевікамі «Аль-Каіды», «Ісламскай дзяржавы» і «Талібану».

Нагадаем, што 29 сакавіка Генеральная пракуратура паведаміла, што ў дачыненні Ціханоўскай і прадстаўнікоў ініцыятывы «ByPol» распачалі крымінальную справу «за рыхтаванне акту тэрарызму» паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу. Нібыта яны спрабавалі зарганізаваць «выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы ды іншых гарадоў». Затрыманы Малейчук нібыта ўжо даў паказанні супраць арганізатараў», заявілі ў Генпракуратуры. «ByPol» і Ціханоўская зняпраўдзілі гэтыя абвінавачванні.

Помста спартоўцам

Супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна распачалі крымінальную справу за крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. СК вінаваціць іх ў распаўсюдзе нібыта «заведама ілжывых звестак пра хаду і вынікі выбарчай кампаніі, пра падзеі ў сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і культурніцкай сферах жыцця грамадства».

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі Белсат ТВ. 21 кастрычніка 2020 г.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

«У інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі звярталіся з заклікамі да замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў учыніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, пад ціскам чальцоў вышэйпаказанага аб’яднання з Беларусі перанесены шэраг буйных спартовых імпрэзаў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

У СК сцвярджаюць, што дзеянні Герасімені і Апейкіна нанеслі дзяржаве «значную іміджавую і фінансавую шкоду, падарвалі прэстыж краіны на міжнароднай і палітычнай арэне, дыскрэдытавалі кіраўніцтва спартовай галіны і дзяржавы».

У дачыненні спартоўцаў распачалі крымінальную справу паводле ч.3 ст.361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці інтэрнэту») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Максімальнае пакаранне – 5 гадоў калоніі.

Увечары стала вядома, што ў бацькоў Аляксандры Герасімені і ў доме Аляксандра Апейкіна адбываюцца ператрусы. Самі яны знаходзяцца за мяжой.

Аляксандра Герасіменя – адна з самых вядомых беларускіх спартовак, алімпійская прызёрка, чэмпіёнка Еўропы і свету па плаванню. Пасля выбарчай кампаніі 2020 года актыўна выказвалася супраць гвалту сілавікоў і за правядзенне паўторных выбараў, падпісала адкрыты ліст да ўладаў і сама ўдзельнічала ў пратэстах. У кастрычніку 2020 года пераехала ў Вільню і ўзначаліла Фонд спартовай салідарнасці Беларусі.\

Пратэсты

Новыя прысуды

Суд Фрунзенскага раёну сталіцы 2 красавіка абвесціў прысуд у крымінальнай справе супраць чатырох менчукоў – Яўгена Бароўскага, Івана Зянька, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля. Іх судзілі судзілі за падзеі 11 кастрычніка 2020 года, калі падчас разгону Маршу гонару каля станцыі метро «Пушкінская» яны, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Суд Фрунзенскага раёна працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох менчукоў Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля. 30 сакавіка 2021.
Фота: Белсат

Суддзя Юлія Блізнюк абвесціла наступныя прысуды.

  • Яўгену Бароўскаму – абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады паводле першага артыкулу, паводле арт. 364 – пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры гады. Разам пазбаўленне волі на чатыры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
  • Івану Зяньку – арышт 3 месяцы паводле першага артыкулу, паводле арт. 342 КК – абмежаванне волі на 2 гады, паводле арт. 364 – пазбаўленне волі на 5 гадоў. Разам пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
  • Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель прызнаныя вінаватымі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу – па пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму.

Палітвязня Ігара Рудчыка за жнівеньскія пратэсты пакаралі чатырма гадамі калоніі. Адпаведнае рашэнне вынесла суддзя Завадскога суда Менску Алена Капцэвіч, яна прызнала Ігара вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя закалоты»).

Ігар Рудчык.
Фота: spring96.org

Ігара Рудчыка абвінавачвалі ў тым, што 10 жніўня з 22:30 да 01:00 ён браў удзел у пратэстах на перакрыжаванні вуліцаў Сурганава, Куйбышава і Бяды. Сцвярджалася, што ён нібыта будаваў барыкады, разбіраў брук, заходзіў на барыкады, біў палкаю па сметніку, залазіў на апору дарожнага знаку, нецэнзурна выказваўся і агаляўся – знімаў цішотку і махаў ёй на барыкадах.

Hавiны
Пасля затрымання да шматдзетнай маці Вольгі Залатар ужываліся катаванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК
2021.04.02 21:09

Усяго цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 324 палітвязня. 2 красавіка праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітзняволенай 38-гадовую маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар, якой было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Вольга кажа, што пасля затрымання байцы ГУБАЗіКу катавалі яе. Пра гэта журналістам паведаміў адвакат Андрэй Мачалаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў