Адбылася чарговая атака на інфраструктуру Беларускай чыгункі. На вакзалах – вялікія чэргі


Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў у тэлеграме паведамляе пра чарговую кібератаку на інфраструктуру Беларускай чыгункі.

«Сёння, у 12 гадзін паводле Менскага часу была зробленая чарговая атака на сеткавую інфраструктуру Беларускай чыгункі», – гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што не працуюць сістэма ГІД (Графік выкананага руху), Нататнік кіраўніка, Абаненцкі пункт, аўтаматызаваная сістэма Аўтадыспетчар і іншае спадарожнае праграмнае забеспячэнне. Праз тое, што закранутая сістэма ДЦ «Нёман», назіраюцца праблемы з рухам цягнікоў.

Чэргі на менскім вакзале 2 сакавіка.
Фота: Белсатруска

Чытачы «Белсату» паведамляюць пра вялікія чэргі на чыгуначным вакзале ў Менску.

Абноўлена. Вечарам 2 сакавіка Міністэрства ўнутраных справаў пацвердзіла, што з 28 лютага на 1 сакавіка было зафіксавана тры факты знішчэння сігнальнага абсталявання і блакавання чыгуначных каляін у Гомельскай, Магілёўскай і Менскай вобласцях. МУС сцвярджае, што затрымаў у Стоўбцах мужа і жонку, якія спрабавалі падпаліць бярвенне на каляіне, «ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі». У Жодзіне, заяўляе МУС, затрыманы яшчэ адзін 35-гадовы «рэйкавы партызан» (так яго называе само МУС). Усе гэтыя дзеянні МУС лічыць «тэрарызмам».

Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, якую падтрымалі ўлады Беларусі, «BYPOL» у рамках падрыхтоўчай часткі рэалізацыі плана «Перамога» ажыццяўляе спецаперацыі на БЧ, каб прыпыніць рух вайсковых эшалонаў да ўкраінскай мяжы.

У ноч з 26 на 27 лютага была выведзеная са строю электрычная цэнтралізацыя і кантактная сетка на некалькіх участках Беларускай чыгункі.

Чэргі на менскім вакзале 2 сакавіка.
Фота: Белсат

27 лютага кіберпартызаны заявілі, што вывелі са строю маршрутызатары і паралізавалі сістэму дыспетчарскай цэнтралізацыі «Нёман». У выніку многія працоўныя кампʼютары засталіся без падлучэння да сеткі прадпрыемства. Купіць квіткі онлайн было немагчыма, а лагістычныя кампаніі не маглі атрымаць доступ да асабістых кабінетаў.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка былі спаленыя дзве шафы ўпраўлення СЦБ (прылада сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання) на ўчастках абслугоўвання Баранавіцкага і Гомельскага аддзяленняў БЧ, чым была парушана праца святлафораў і стрэлачных пераводаў і заблакаваны рух на гэтых участках чыгункі. Таксама на ўчастку абслугоўвання Магілёўскага аддзялення БЧ былі закарочаныя рэйкавыя ланцугі.

«На сённяшні дзень Беларуская чыгунка не можа гарантаваць бяспеку сваёй інфраструктуры. Вайсковыя эшалоны з боку РФ не перамяшчаюцца па начах. Лакаматыўныя брыгады пачалі баяцца выходзіць на змены і везці цягнікі», – адзначаюць чыгуначнікі.

Hавiны
Пратэсты падчас рэферэндуму: «Беларусы – з Украінай, Лукашэнка – не Беларусь»
2022.02.27 23:29

ПС belsat.eu

Стужка навінаў