«Калі чуеце нешта сумнеўнае, бярыце паўзу». Псіхолаг – пра тое, чаму мы верым махлярам і як не даць сябе абдурыць


Часта людзі становяцца ахвярамі тэлефонных махляроў проста праз чалавечую прыроду і ўласцівасці псіхікі. Запыталі эксперта, што з гэтым рабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vesti-lipetsk.ru

Днямі стала вядома, што лукашэнкаўскія сілавікі затрымалі 48 чалавек, якія працавалі ў менскіх кол-цэнтрах і прапаноўвалі гандляваць на фіктыўных інтэрнэт-рынках. Махляры прапаноўвалі гандляваць на рынках сыравіны, форэкс-рынках і крыптабіржах, вялі даверлівых асобаў на фальшывыя інтэрнэт-пляцоўкі. Калі чалавек пераводзіў грошы, сайты паказвалі яму «рост прыбыткаў», ды вывесці грошы было немагчыма. Група махляроў дзеяла ў Беларусі ажно чатыры гады.

Чаму беларусы вядуцца на такое?

«А чаму людзі ходзяць да варажбітак, знахароў, якія нібыта дапамагаюць, вылечваюць?» – пытаннем на пытанне адказвае ў размове з «Белсатам» псіхолаг Андрэй Сасаў.

Паводле эксперта, людзі заўсёды імкнуцца да лёгкіх вынікаў, так заўсёды было і будзе:

«За гады працы з кліентамі ў сферы тэрапіі і псіхалогіі я бачу, наколькі нешматлікія асобы гатовыя рэальна змяняць сваё жыццё, бо гэта патрабуе працы над сабою. Таму калі махляр тэлефануе і прапануе лёгкія грошы, славу, чалавек вельмі проста на гэта вядзецца. Псіхіка пабудаваная так, каб ісці па найменшым шляху супраціву».

Што рабіць, каб засцерагчыся ў такіх выпадках ад падману? Перастаць быць даверлівым, памятаць, што лёгкі сыр звычайна месціцца ў пастцы.

Махлярства як індыкатар стану грамадства

Яшчэ адзін кірунак, у якім працуюць махляры, – гэта прыкідвацца сілавікамі і вымагаць у беларусаў грошы, каб яны не мелі праблемаў з органамі. Калі ў краіне «не да законаў», шмат якія беларусы вядуцца на гэта. Гэта стала настолькі распаўсюджанаю з’яваю, што эксперты канстатуюць: махляры, вельмі адчувальныя да мэйнстрымаў і трэндаў у грамадстве, падхапілі тэму прававога свавольства і цяпер прымяраюць вобразы тых, каго найбольш баяцца беларусы.

«Махляры заўсёды праецыруюць стрэсавую сітуацыю і ціснуць на эмоцыі. Пры гэтым чалавека абмяжоўваюць у часе, каб ён не паспеў адумацца. Усё трэба нібыта вельмі хутка вырашаць. Ідзе ціск на эмацыйную сферу, выліваецца шмат гармону стрэсу ў арганізм, і мы пачынаем перажываць. Калі адбываецца стрэс, эмоцыі падвышаюцца, у адказ крытычнае мысленне адключаецца, участкі мозгу, адказныя за логіку, блакуюцца. Гэта нармальная рэакцыя ўсіх чалавечых арганізмаў незалежна ад узросту ці месца жыхарства. Таму нават самы рацыянальны і разумны чалавек у выпадку стрэсу можа зрабіць нейкае дзеянне проста аўтаматычна. У крымінальным праве ёсць панятак «забойства ў стане афекту», то бок у стане моцнага эмацыйнага ўзбуджэння, калі розум адключаецца. Толькі калі чалавек адразу для сябе пастанавіў: я размаўляю з махляром, і тое, што ён скажа, – гэта няпраўда, то ўзровень эмоцыяў не будзе падвышацца», – тлумачыць Андрэй Сасаў.

Рэкамендацыя ў такіх выпадках заўсёды адна: калі чуеце нешта сумнеўнае, бярыце паўзу. Скажыце: добра, я зразумеў, азнаёмлюся з сітуацыяй і праз 5 хвілінаў перазваню, дайце мне кантакт адказнай асобы.

«Нам трэба некалькі хвілінаў, каб эмоцыі супакоіліся і мы маглі думаць лагічна, каб уключылася крытычнае мысленне. А калі вы супакоецеся, пазваніце ў банк ці перазваніце родным, каб высветліць праўду», – рэзюмаваў эксперт.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў