Махляры прадстаўляюцца сілавікамі і выманьваюць грошы ў беларусаў. Чаму гэта стала магчымым?


Рэпрэсіі ў Беларусі трываюць ўжо хутка чатыры гады і закранаюць усе пласты беларускага грамадства. Гэтым актыўна пачалі карыстацца махляры, якія прадстаўляюцца сілавікамі і выманьваюць у беларусаў вялікія грошы. Запыталі экспертаў, чаму так адбываецца. 

Фота: Белсат

Непрыемная гісторыя здарылася з 57-гадовай жыхаркай Браслава. Махляры выманілі ў кабеты грошы: на працягу тыдня жанчына перавяла ашуканцам агулам 55 тысяч рублёў.

Жыхарка райцэнтру атрымала паведамленне ў мэсэнджары ад імя свайго кіраўніка аб тым, што да яе прыедуць так званыя сілавікі. Жанчына паверыла. Пасля махляры прапанавалі ёй садзейнічанне нібыта ад працаўніка Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Ён паведаміў, што невядомыя афармляюць крэдыты на яе імя і пераводзяць грошы на ўкраінскія рахункі. Падман махляры падмацоўвалі актыўным псіхалагічным ціскам. Неўзабаве жанчыне патэлефанаваў «следчы», які паведаміў, што ў яе плануецца ператрус і незадэклараваныя грашовыя сродкі забяруць. Яе шантажавалі ўзбуджэннем крымінальнай справы. У выніку жанчына зняла ўсе ашчаджэнні з рахунку, аформіла крэдыт у 15 тысяч рублёў і ўсе грошы перавяла махлярам.

І гэта далёка не адзіны прыклад. Так, у канцы снежня махляры пад выглядам супрацоўнікаў КДБ спрабавалі абрабаваць сталую жыхарку аднаго з абласных цэнтраў. Яны прыйшлі да яе ў кватэру і пагражалі адкрыццём крымінальнай справы нібыта за нейкія банкаўскія пералікі, зробленыя з яе рахунку. Вымагалі грошы, каб не перадаваць справу далей.

Жыхарка Менску трапіла ў падобную ж сітуацыю. Махляры пад выглядам Следчага камітэту патэлефанавалі ёй праз мэсэнджар і паведамілі пра пералік з яе рахунку грошай на «спансараванне экстрэмісцкай дзейнасці». Ашуканцы сказалі, што жанчына мусіць дапамагчы ў расследаванні справы і перавесці грошы на рахунак у банку. Кабета так і зрабіла.

Іншая жыхарка Менску пазбавілася грошай, упрыгожанняў і нават кватэры. Ашуканцы пад выглядам сілавікоў загадалі ёй здаць усё золата і ўпрыгожванні ў ламбард, прадаць кватэру і ўсе грошы пералічыць на новы рахунак, які перадаць давераным асобам. І ні ў якім разе не распавядаць нікому пра гэта, іначай яна разгалосіць таямніцу следства і трапіць у турму. У выніку жанчына аддала махлярам каля 500 тысяч рублёў.

Чаму такога кшталту махлярствы праз запалохванне сталі паспяховымі?

Злачынцы добра ведаюць псіхалогію, у размове з патэнцыйнымі ахвярамі наўмысна ствараюць стрэсавую сітуацыю, у якой людзі не здольныя думаць лагічна. Пра гэта кажа ў каментары «Белсату» псіхолаг Андрэй Сасаў.

«Пры гэтым чалавека абмяжоўваюць у часе, каб ён не паспеў адумацца. Усё трэба нібыта вельмі хутка вырашаць. Ідзе ціск на эмацыйную сферу, і ўчасткі мозгу, адказныя за логіку, блакуюцца. Гэта нармальная рэакцыя ўсіх чалавечых арганізмаў незалежна ад узросту ці месца жыхарства. Таму нават самы рацыянальны і разумны чалавек у выпадку стрэсу можа зрабіць нейкае дзеянне проста аўтаматычна», – адзначае эксперт.

Былы следчы, прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Андрэй Астаповіч у размове з «Белсатам» адзначыў, што цяпер, у час тэхналагічнага развіцця, махляры выкарыстоўваюць простыя і распаўсюджаныя тэхналогіі для злачынстваў, такія як мэсэнджары, інтэрнэт. Гэта для іх найбольш спакойны і бяспечны спосаб злачынства. Выпрацаваў схему размовы, пазваніў і займаешся вымаганнем грошай.

«Крымінагенная абстаноўка з-за палітычнай сітуацыі ў краіне, бесперапынных рэпрэсіяў таксама расце. Больш разняволенымі могуць сябе адчуць асобы, схільныя да крыміналу. Эканамічны стан грамадзян не самы лепшы. Гэта ўсё цягне за сабой рост маёмасных злачынстваў», – кажа эксперт.

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк у сваю чаргу звярнуў увагу на цяперашнюю дзейнасць беларускіх сілавых органаў. Па яго словах, махляры дзейнічаюць вельмі тонка, прадстаўляючыся ахвярам тымі, каго найбольш зараз баяцца беларусы.

«Яны нібыта па Канстытуцыі мусяць абараняць грамадзян Беларусі, але сфакусаваныя на іншым – як абараніць сваю ўладу ад беларусаў. Таму звычайныя злачынцы адышлі на другі ці нават пяты план. Відавочна, кот на дах – мышы ў скокі. У крымінальнікаў зараз спрыяльны час, бо сілавікі лічаць больш небяспечным умоўнага студэнта, які малюе на заборы «Жыве Беларусь», чым арганізацыю крымінальных злачынцаў, якія выманьваюць грошы», – падкрэсліў Міхаіл Кірылюк.

Каментар
У Беларусі затрымалі 48 тэлефонных махляроў. Ды махлярам у Беларусі камфортна, кажа «BELPOL»
2024.02.01 19:13

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў