Чарговы ковідны сумны рэкорд: за дзень зафіксавана больш за 3600 новых выпадкаў


Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі за содні зарэгістравалі 3634 новыя выпадкі інфікавання каронавірусам.

Калі арыентавацца на афіцыйную статыстыку, то гэта рэкордны паказнік за ўвесь час эпідэміі ў Беларусі. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў нядзелю – 2387 выпадкаў інфікавання.

Гэты тыдзень у Беларусі пачаўся з надзвычайных чэргаў людзей у паліклінікі. На фоне новай успышкі захворвальнасці на каронавірусную інфекцыю 1 лютага медыкам дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без ПЛР-тэставання ці антыген-тэставання. Цяпер можна пастанавіць, што ў пацыента каронавірусная інфекцыя, проста паводле «клінічных і/або рэнтген-тамаграфічных звестак».

Агулам, паводле ўладаў, з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 748 505 выпадкаў каронавірусу. З хворых ачуняў 738 181 пацыент.

За содні зафіксаваныя 17 смерцяў пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй.

Hавiны
«Сітуацыя палыхае». Медыкі ды пацыенты распавялі, як у Беларусі выйшаў з-пад кантролю каронавірус
2022.02.01 22:41

Агулам з пачатку пандэміі ад COVID-19 памерлі 6084 асобы, сцвярджае Міністэрства аховы здароўя.

Аб’ектыў
COVID-19: дыягназ без тэставання і бальнічныя ад студэнтаў
2022.02.01 22:09
  • Афіцыйная статыстыка Мінздароўя наконт каронавіруса выклікае вялікі недавер у экспертаў і грамадскасці. Напрыклад, паводле звестак ААН, у красавіку – чэрвені 2020 года ў Беларусі анамальна вырасла смяротнасць: было зафіксавана на 5600 смерцяў больш, чымся за год да таго. Менавіта на гэтыя месяцы прыпаў пік першай хвалі эпідэміі каронавіруса. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя на дзень 1 ліпеня 2020 года прызнала толькі 398 смерцяў ад COVID-19.
  • Летась журналісты тэлеканалу «Настоящее время» прааналізавалі звесткі, атрыманыя ад «Кіберпартызанаў», і прыйшлі да высновы, што ў Беларусі з сакавіка 2020 года да сакавіка 2021-га ад каронавіруса празмерная смяротнасць склала 32 тысячы.

РР belsat.eu

Стужка навінаў