COVID-19: дыягназ без тэставання і бальнічныя ад студэнтаў


Замест вучобы – праца, ды яшчэ якая – студэнты медыкі выпускнога курсу будуць не проста працаваць у паліклініках і шпіталях, але і выпісваць лісткі непрацаздольнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Дазволіць студэнтам 6 курсу ўстановаў адукацыі, што ажыццяўляюць падрыхтоўку адмыслоўцаў з вышэйшай медычнай, фармацэўтычнай адукацыяй (далей – студэнты 6 курсу) правядзенне экспертызы часовай непрацаздольнасці […], а таксама выдаванне і афармленне лісткоў непрацаздольнасці (даведак пра часовую непрацаздольнасць)…», – гаворыцца ў загадзе № 113 Міністэрства аховы здароўя.

Пра тое, што студэнты ўжо закрываюць недахоп медыкаў, казала напярэдадні падчас брыфінгу першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова. Але, як выявілася, студэнты будуць не проста дапамагаць дыпламаваным медыкам, але і прымаць рашэнні, на якія яшчэ не маюць ні кампетэнцыі, ні права.

«Атрымліваецца, што студэнту-медыку будзе выдадзены ўжо праштампаваны бланк з подпісамі лекараў – ці потым яны праштампуюць. У любым выпадку, лекар, які будзе ставіць подпіс, не будзе бачыць пацыента. Гэта прынамсі дзіўна», – лічыць акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей.

Украінскі імунолаг Барыс Данской адзначае, што такая захада міністэрства – вымушаны спосаб павялічыць колькасць персаналу ў паліклініках.

«Будзе патрэба вельмі шмат бальнічных выпісваць. У нас ужо цяпер бальнічныя выпісваюцца сотнямі і тысячамі. Хтосьці мае іх выпісваць», – кажа імунолаг з Украіны Барыс Данской.

Карыстальнікі ж сацсетак адзначаюць, што падобная захада не новая:

«Яны выпісвалі і раней, калі здымалі 6-ы курс на грып. Проста пра гэта не казалі».

«І 15 гадоў таму ў сезон здымалі студэнтаў на грып з правам выдачы бальнічнага. Закрываў участковы тэрапеўт, нічога незвычайнага».

«Сітуацыя насамрэч крытычная. Ні лабараторыі, ні тэрапеўты не даюць рады».

«Бальнічны бальнічным, а за лячэнне хто будзе несці адказнасць? Ці ўсіх памерлых на студэнтаў спішуць?»

Адказнасці ды досведу, якога бракуе студэнтам, вымагае і яшчэ адзін загад Міністэрства аховы здароўя. Дыягназ «ковід» цяпер можна ставіць без правядзення тэстаў – паводле клінічных паказнікаў. Выключэннямі будуць выпадкі, калі патрабуецца шпіталізацыя пацыента ў стацыянар.

«Цяпер гэта кажа толькі пра адно, што ім не стае рэсурсаў, занадта вялікая плынь захворванняў, адпаведна трэба і рэактываў больш, і персаналу, які будзе браць гэтыя тэсты. Усё пытанне – як павядзецца статыстыка, як гэта пададуць», – падкрэслівае Станіслаў Салавей.

У колькасці новых выпадкаў мае адбыцца рэзкі скачок угару ці ўніз, лічыць Станіслаў Салавей. Гэта залежыць ад таго, будуць лекары прызнаваць або не прызнаваць ковід без тэставання. Сённяшнія афіцыйныя лічбы мала адрозніваюцца ад папярэдніх – 1918 новых выпадкаў цягам содняў.

Правілы ж паводзінаў хворых падобныя, незалежна ад таго, ковід гэта ці іншая рэспіраторная інфекцыя.

«У прынцыпе гэта нічога не мяняе. Вядома, вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя – чалавек мае заставацца ўдома, не распаўсюджваць інфекцыі, абмежаваць кола зносінаў. І сачыць за сваім станам, каб не было нізкай сатурацыі і запалення лёгкіх», – раіць Барыс Данской.

А тэст на ковід пры жаданні ды магчымасці можна набыць у аптэцы. Тэст беларускай вытворчасці каштуе

21 рубель 51 капейку.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»