«У гэтым пакоі Госпада няма». Максім. Гісторыя № 1 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»

Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мы размаўляем з Максімам Новікавым у Польшчы. Ён з яшчэ некалькімі ўцекачамі жыве ў доме сяброў. Мужчына не меў ілюзіяў наконт сумленнасці выбараў у Беларусі ды, не чакаючы абвяшчэння вынікаў, выйшаў на пратэст у родным Гомлі. На другі дзень пратэстаў, зразумеўшы, што блакаванне інтэрнэту працягнецца, Максім з сябрам узялі з сабой дзве простыя рацыі, каб у выпадку чаго звязацца адзін з адным. Іх затрымалі. Сілавікі вырашылі, што гэтак і каардынуецца пратэст у горадзе.

Максім Новікаў. Фота: Белсат

Максіма білі галавою аб аўтазак, называлі яго арганізатарам пратэсту. Але сапраўднае пекла пачалося ў РАУС. «Там быў калідор, яны прымушалі нас па ім паўзці, пакуль рукі ў кайданках», – мужчына згадвае, што ў калідоры ляжалі дзясяткі людзей, якіх няспынна збівалі амапаўцы, міліцыянты і людзі ў цывільным.

З патрабаваннем «нармальна размаўляць» сілавікі сцягнулі з Максіма штаны і прыгразілі згвалціць яго дубінкай. Размаўляць пры гэтым ніхто не збіраўся:

«На любое пытанне прылятаў удар». На той момант мужчына проста не разумеў, чаго ад яго хочуць. «У гэтым гвалце не было логікі – ім проста далі карт-бланш, яны маглі рабіць абсалютна ўсё, што хацелі», – Максім не бярэцца тлумачыць дзеянняў сілавікоў.

Паўголага мужчыну зацягнулі ў асобны пакой, дзе каля шасці асобаў працягвалі метадычнае збіццё. Да ягонага твару падносілі клоўнскія маскі, штосьці падобнае да выбухоўкі, пратаколы, зместу каторых мужчына не бачыў, бо ягоныя вочы заплылі. Там, на падлозе, Максім пачаў гучна маліцца. Упершыню ў жыцці, бо ў Бога не верыць.

«У гэтым пакоі Госпада няма. Можаш нават не шукаць», – засмяяліся сілавікі ды працягнулі збіццё.

У пакой, дзе не было Госпада, зайшоў Аляксандр Штрапаў, кіраўнік АУС Цэнтральнага раёну Гомля, – Максім адразу пазнаў яго. Міліцэйскі чыноўнік працягнуў збіццё, цэлячы ў твар і пахвіну. І зноў запатрабаваў падпісаць нейкія дакументы, сцвярджаючы, што сябра Максіма ўжо яго агаварыў. Катаванні працягваліся некалькі гадзінаў, пасля чаго Максіму вярнулі ягоныя штаны і балаклаву. Гэтымі рэчамі ўжо паспелі выцерці ў калідоры кроў і мачу, што засталася ад збівання іншых затрыманых. Прымусілі надзець і толькі потым павезлі ў ізалятар.

Там пабоі мужчыны агледзеў медычны работнік. На скаргі ён толькі паціснуў плячыма: «Гэта лёгкія драпіны».

Малюнак героя

Некалькі дзён за кратамі, без збіцця, падаліся Максіму санаторыем у параўнанні з тым, што ён перажыў падчас затрымання. Далей быў чарговы сімвалічны суд. Суддзя Сяргей Салоўскі ўжо меў гатовае рашэнне: 15 содняў арышту.

«Ён на мяне глядзеў, як на кучу гною», – згадвае Максім. Ужо 14 жніўня Максіма і дзясяткі іншых арыштаваных без тлумачэнняў вызвалілі.

У такім выглядзе Максім прыйшоў на нядзельны марш пратэсту. Людзі сталага веку падыходзілі да яго з недаверам – думалі, што ён намаляваў сабе гэтыя сінія сляды.

Максім змог зафіксаваць факт збіцця ў абласным шпіталі. Яму дыягнаставалі закрыты пералом хрыбеткі. Там сама жанчына-следчая пераканала яго падаць заяву ў Следчы камітэт. Пасля гэтага Максіма пачалі шукаць. Тэлефанавалі не толькі сям’і і сябрам, але нават валанцёрам, якія сустракалі яго каля ізалятару, і дактарам. Знаёмыя папярэдзілі Максіма, што гомельская міліцыя дагэтуль лічыць яго арганізатарам мітынгаў. Гэта стала апошняй кропкай. Разам з сябрам яны выехалі ў Польшчу.

«Нам яшчэ пашанцавала, – кажа мужчына. – Мы на мяжы так і сказалі беларускім памежнікам: едзем прасіць палітычнага прытулку. Тыя доўга думалі, а потым без далейшых пытанняў пусцілі».

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце. глядзіце і слухайце тут.

Hавiны