«Мяркуем, што яго забілі ўдарам аб цвёрдую вострую паверхню». Што вядома пра смерць Дзмітрыя Усхопава


Belsat.eu распавядае, што цяпер вядома пра смерць 27-гадовага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава, які памёр e навагоднюю ноч неўзабаве пасля затрымання міліцыяй. Увага: не рэкамендуем чытаць гэты артыкул уразлівым асобам.

Версія сваякоў

Дзмітрый Усхопаў.
Фота: palesse.press

Як распавялі «Белсату» сваякі памерлага, Дзмітрый Усхопаў нарадзіўся 17 лютага 1994 года, вучыўся ў школе алімпійскага рэзерву ў Менску, гуляў за юнацкую каманду «Дынама» (Менск). Адслужыў у войску, а пасля арміі з 2016 года працаваў у рэчыцкім філіяле «Гомельаблгазу».

Усхопава затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту «Дзіцячы свет» ноччу 31 снежня, калі ён ехаў да маці адзначаць Новы год. Блізкія памерлага прызнаюць, што Дзмітрый быў нападпітку. Маці Усхопава распавяла «Нашай Ніве», што яны на прыпынку «пілі шампанскае і закусвалі мандарынам».

Дзмітрый Усхопаў.
Фота: palesse.press

Двое супрацоўнікоў патрульнай службы падышлі да яго каля 23:00. Што канкрэтна адбылося паміж мужчынамі, невядома, але са словаў відавочцаў Дзмітрый не падпарадкаваўся. У 23:06 міліцыянты выклікалі на дапамогу аўтапатруль, прыехалі яшчэ 5 чалавек. Дзмітрыя скруцілі і даставілі ў РАУС, што месціцца прыкладна за 500 метраў ад прыпынку.

«У РАУС зайшоў на сваіх нагах, а адтуль яго ўжо вынеслі ў стане клінічнай смерці (комы), у кабінетах РАУС яго спрабавалі рэанімаваць, аблівалі вадой, разарвалі на ім майку. Мяркуем, што яго забілі ўдарам аб цвёрдую вострую паверхню, магчыма, аб рог стала. У РАУС адмаўляюцца нам даваць праўдзівую інфармацыю. Таксама думаем, што калі б у аддзяленне РАУС выклікалі брыгаду хуткай дапамогі і кваліфікаваныя рэанімацыйныя дзеянні аказалі там, то нашага Дзімку можна было б выратаваць», – распавялі «Белсату» сваякі памерлага.

Смерць была зафіксавана ў 01:20 1 студзеня 2022 года. У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка.

Hавiны
«Ужылі фізічную сілу». У СК пракаментавалі смерць жыхара Рэчыцы пасля затрымання
2022.01.02 15:03

Сляды на целе

Сваякі Дзмітрыя Усхопава цалкам ускладаюць адказнасць за ягоную гібель на сілавікоў. «Яны яго забілі – міліцыя забіла», – заявіла «Нашай Ніве» маці загінулага, спадарыня Алена. Блізкія Дзмітрыя кажуць, што на ягоным целе былі бачныя сляды фізічнага гвалту, у тым ліку круглая рана на левай скроні.

У рэдакцыю «Белсату» даслалі здымкі цела загінулага, зробленыя ў моргу. Сябар загінулага пацвердзіў, што на здымках з моргу менавіта Дзмітрый.

Цела Дзмітрыя Усхопава ў моргу.
Фота: чытачы belsat.eu

Былая судмедэкспертка Надзея Гурманчук у каментары «Белсату» адзначыла, што праз кепскую якасць здымкаў немагчыма зразумець, ці з’яўляюцца сляды на твары сурʼёзнай ранай або лёгкім пашкоджаннем.

«Але ў любым выпадку гэтае пашкоджанне, зважаючы на характар атачальных тканін, магло ўтварыцца ад дзеяння тупога цвёрдага прадмета з абмежаванай траўмавальнай паверхняй, які ўдакладніць паводле гэтага фота немагчыма».

Таксама немагчыма з-за якасці здымкаў выключыць, што гэтае пашкоджанне магло ўтварыцца ад кулі.

Цела Дзмітрыя Усхопава ў моргу.
Фота: чытачы belsat.eu
Цела Дзмітрыя Усхопава ў моргу.
Фота: чытачы belsat.eu

Экспертка звярнула ўвагу на тое, што на руках можна пабачыць кровападцёкі (сінякі), у тым ліку, магчыма, сляды ад кайданкаў. Але што датычыць слядоў на спіне, то гэта трупныя плямы, мяркуе суразмоўца «Белсату».

Усе пашкоджанні былі атрыманыя незадоўга да смерці, дадае экспертка.

Версія ўладаў

Следчы камітэт.
Фота: sk.gov.by

Улады сцвярджаюць, што смерць Дзмітрыя Усхопава не носіць траўматычнага характару, але прызнаюць, што ў дачыненні затрыманага ўжывалася фізічная сіла.

У СК кажуць, што жыхара Рэчыцы міліцыянты затрымалі ў навагоднюю ноч, у 23:10, на прыпынку грамадскага транспарту, бо ён быў моцна п’яны. Паводле Следчага камітэту, «праз непадпарадкаванне з яго боку да мужчыны ўжылі фізічную сілу».

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні ведамства, Усхопава спачатку даставілі ў РАУС, а потым у межах адміністратыўнага працэсу павезлі на медагляд у лякарню. Аднак «пры пад’ездзе да медычнай установы мужчыну стала кепска» і, нягледзячы на намаганні лекараў, ён памёр.

«Паводле папярэдніх высноваў экспертаў, смерць не носіць траўматычнага характару – на целе памерлага не выяўленыя пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломы касцей», – кажуць у СК.

У звязаных са спецслужбамі тэлеграм-каналах ужо з’явілася відэа, дзе, як сцвярджаецца, зафіксаваны момант, калі Усхопава толькі прывезлі ў РАУС. Чалавека, падобнага на Дзмітрыя, заводзяць у будынак у кайданках са скручанымі за спінай рукамі. Мужчына на запісу выглядае моцна п’яным, але на нагах трымаецца і ідзе самастойна. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў момант, калі затрыманага заводзяць у РАУС, на ягоным твары не бачна пашкоджанняў.

Варта адзначыць, што раней (да таго, як стала вядома пра смерць Усхопава) першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкаму Анатоль Васільеў заяўляў, што аніякіх надзвычайных здарэнняў і выпадкаў траўмавання грамадзянаў на тэрыторыі вобласці навагодняю ноччу не было зафіксавана.

«Заўсёды не да закону»

Трагедыю ў Рэчыцы пракаментавала Святлана Ціханоўская:

«Гэта чарговы неапраўданы гвалт, дзе ўжо цяпер сілавікі спрабуюць замятаць сляды. І пакуль інфармацыя не зʼявілася ў незалежных СМІ, дзяржаўныя – хлусілі аб тым, што паводле зводкі МУС навагодняя ноч прайшла без здарэнняў.

Беспакаранасць спараджае гвалт. Да гэтага часу ні адзін сілавік не панёс адказнасці за свае злачынствы. Сілавікам дазвалялі рабіць што заўгодна з «палітычнымі» (і нават заахвочвалі да гэтага). Цяпер такія паводзіны яны лічаць нормай у адносінах беларусаў – не толькі пратэстоўцаў, але і ўсіх наогул. «Часам не да закону» пераўтварылася ў «заўсёды не да закону».

РР belsat.eu

Стужка навінаў