news
Разбор
Цуды гумовых законаў. У Беларусі могуць забараніць прыходзіць з сабакам куды заўгодна
«Белсат» уважліва пачытаў Законапраект аб адказным абыходжанні з жывёлінамі.
01.12.202309:29

Палата прадстаўнікоў ухваліла ў першым чытанні Законапраект аб адказным абыходжанні з жывёлаю. Дакумент рэгулюе ў тым ліку выгул хатніх гадаванцаў, абавязвае іх чыпаваць, вызначае месцы, куды з імі нельга прыходзіць, а таксама замацоўвае правілы працы з бадзяжнымі жывёлінамі. Аднак прапісаныя нормы могуць значна пашырыцца дзякуючы фармулёўкам кшталту «і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Неабходнасць жывёльнага закону наспела даўно. Дасюль усё, што датычыць гадаванцаў, рэгулюецца пастановаю ўраду, якую ўхвалілі яшчэ ў 2001 годзе і ў якую двойчы (у 2006-м і 2013-м) уносілі змяненні.

Новы Законапраект аб адказным абыходжанні з жывёлаю прэзентавала дэпутатка Марыя Васілевіч, набліжаная да Лукашэнкі былая мадэль. Дакументу засталося прайсці ў Палаце прадстаўнікоў апошняе чытанне.

Шпацыры і перавозы

Апрыёры законапраект забараняе прыходзіць з гадаванцамі (не датычыць сабакаў-павадыроў):

  • у крамы (за выняткам заалагічных);
  • у кавярні і рэстараны (акрамя нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання);
  • у аб’екты побытавага абслугоўвання насельніцтва;
  • ва ўстановы адукацыі;
  • у арганізацыі аховы здароўя;
  • у арганізацыі фізкультуры і спорту;
  • на харчовыя і сельскагаспадарчыя рынкі;
  • на жывёлагадоўчыя аб’екты;
  • на тэрыторыю фізкультурна-спартовых аб’ектаў.

Адначасова ўладальнікам усіх гэтых аб’ектаў нададзенае права дазволіць уваход з жывёлінамі-кампаньёнамі. Гэта плюс, бо выглядае, што праз звароты або іншыя спосабы лабіявання можна будзе дамагчыся, каб dog-friendly месцаў паболела.

Законапраект вызначае, што ў паселішчах выводзіць гадаванца гуляць можна ўсюды, дзе не забаронена. Наўпрост не дазваляецца перабываць толькі на дзіцячых і спартовых пляцоўках, але такі чорны спіс можа пашырацца да бясконцасці.

Hавiны
У Віцебскай вобласці завялі крымінальную справу на ўладальніка аўчарак, якія загрызлі мужчыну
2022.11.20 11:01

«Забараняецца ажыццяўляць выгул жывёлы ў грамадскіх месцах і аб’ектах, дзе актамі заканадаўства або паводле рашэння ўладальніка аб’екту забаронена быць з жывёлінамі», – адзначылі ў дакуменце.

Атрымліваецца, уласнік любога аб’екту ў краіне мае права забараніць шпацыр з сабакам ці такое абмежаванне можа з’явіцца з якім-кольвек новым законам або ўказам.

Акрамя таго, законапраект абавязвае гаспадароў прыбіраць за сваймі гадаванцамі і выходзіць з імі надвор у цвярозым стане.

Пенсіянерка выгульвае сабаку. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Перавозіць жывёлінаў належыць паводле правілаў, што дзеяць у адпаведным відзе транспарту. Напрыклад, у грамадскім транспарце ў Менску гадаванец абавязкова мусіць быць у пераносцы ці клетцы. У міжгародніх аўтобусах жывёлінаў вагою да 5 кілаграмаў у торбах і пераносках можна перавозіць у салоне, буйнейшых – толькі ў багажным адсеку.

Бадай, самы dog-friendly транспарт – чыгунка. У электравіках і цягніках гарадскіх лініяў дазваляецца ехаць з сабакам у тамбурах ды іншых вызначаных месцах, а ў звычайных цягніках – у купэйных вагонах, толькі давядзецца выкупіць усе месцы ў купэ. А калі гадаванец не ў завялікай пераносцы, падарожнічаць можна ў любых вагонах любых цягнікоў.

Чыпаванне, рэгістрацыя, улік

Упершыню ў Беларусі з’явіцца абавязак чыпаваць хатніх жывёлінаў. Гэта мусяць рабіць уладальнікі гадавальнікаў і заводчыкі, калі шчанюк ці кацянё дасягнуць чатырохмесячнага веку. У іншых выпадках гэта давядзецца рабіць гаспадарам цягам 14 дзён пасля набыцця жывёліны.

Парадак чыпавання, а таксама стварэння, вядзення і выкарыстоўвання базы звестак чыпаваных гадаванцаў вызначыць урад.

Пакуль гэтая працэдура добраахвотная, аднак цягам трох гадоў пасля таго, як законапраект набудзе моц, усе хатнія жывёліны ў краіне мусяць быць чыпаваныя.

Документы на животное для перевозки в другую страну
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэрынарны пашпарт жывёліны.
Фота: Белсат

Акрамя таго, гадаванцаў трэба рэгістраваць. Гэта робіцца ў выканкамах і мясцовых адміністрацыях. Чыноўнікі выдадуць пасведчанне і адмысловы жэтон, які мусіць быць замацаваны на нашыйніку. Парадак гэтай працэдуры таксама вызначае Савет Міністраў.

Пасля пераезду гаспадароў або смерці жывёліны трэба нанова звярнуцца ў выканкам, каб унесці ў базу звестак актуальную інфармацыю.

Бадзяжныя жывёліны. Забойствы

Законапраект змяшчае алгарытм рэгулявання колькасці безнаглядных жывёлінаў: іх будуць лавіць, адвозіць у пункты ўтрымання ці прытулкі і лягчаць. Гуманны падыход, які сапраўды, у адрозненне ад забойстваў, дапаможа ў барацьбе з бадзяжнымі сабакамі і катамі.

Артыкул «Умярцвенне жывёлінаў» у законапраекце не дазваляе наўпрост забіваць гадаванцаў, якія апынуліся на дварэ, а потым – у прытулку. Умярцвенне магчымае толькі ў чатырох выпадках:

  • для спынення пакутаў жывёліны, калі іншых варыянтаў дапамагчы не засталося;
  • прыплоду з «прыроджанымі фізічнымі парокамі»;
  • клінічныя прыкметы заразнай хваробы, у тым ліку шаленства;
  • нежыццяздольнасць лабараторных і службовых жывёлінаў і жывёлінаў, якія выкарыстоўваюцца ў культурніцкай дзейнасці ды ў сферы фізкультуры і спорту.

Але апошні пункт артыкулу – знаёмае «ў іншых выпадках, прадугледжаных актамі заканадаўства». Нельга выключаць, што пералік дазволеных забойстваў пашырыцца з ухваленнем якога-небудзь новага закону.

Прытулкі

У прытулках і пунктах утрымання будуць весці ўлік жывёлінаў, шукаць старых гаспадароў, а калі не атрымаецца, то і новых. Тэрмін перабывання ў прытулках ніяк не абмежаваны, а ў пунктах утрымання – пакуль не вядомы, гэта будзе рэгулявацца ўрадам.

Калі старыя гаспадары знойдуцца і захочуць забраць жывёліну, ім давядзецца скампенсаваць выдаткі на догляд і ветэрынарныя паслугі.

Сабакі ў прытулку для жывёлінаў «Sirius». Вёска Фэдараўка, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Законапраект таксама фармалізуе існую практыку ператрымання, калі неабыякавыя людзі на нейкі час забіраюць бадзяжных жывёлінаў, але не дае адказаў на пытанні, ці будуць лягчаных у прытулках жывёлінаў вяртаць надвор і куды іх дзенуць, калі не знойдзецца вольнага месца ў адмысловым цэнтры.

Усе гэтыя выдаткі фінансуюцца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў ды іншых крыніцаў, «не забароненых заканадаўчымі актамі». Ці будзе ставаць гэтых сродкаў, сказаць складана. Напрыклад, у Менску бадзяжных жывёлінаў ловіць і ўтрымлівае прадпрыемства «Фаўна гораду», што ўваходзіць у дзяржаўнае аб’яднанне «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка». Сёлета з бюджэту сталіцы гэтаму аб’яднанню вылучылі Br 10,6 млн (летась было крыху болей, Br 11 млн), і колькі з гэтай сумы даюць «Фаўне гораду», невядома.

Звярынец у кватэры

Фармальна законапраект не абмяжоўвае ліку жывёлінаў-кампаньёнаў, якіх можна трымаць у кватэры або доме, аднак выстаўляе шэраг умоваў: гадаванцы мусяць мець неабходную прастору, жыць у цяпле, святле і пры добрай вентыляцыі, павінны быць здаволеныя іхныя патрэбы ў харчаванні, адпачынку, руху ды «іншыя фізіялагічныя патрэбы». Таксама «хатні звярынец» не мусіць парушаць «правоў, свабодаў і законных інтарэсаў» іншых асобаў.

Дазваляецца трымаць гадаванцаў і ў інтэрнатах, акрамя некаторых выняткаў, адпаведныя правілы прапішуць у асобнай пастанове ўраду.

«Ювенальная юстыцыя»

Яшчэ адна навінка – абмежаванне або спыненне права ўласнасці на жывёлу. Гэтыя захады будуць ужываць, калі, напрыклад, з віны гаспадара нанесеная шкода здароўю гадаванца або іншых жывёлінаў ці людзей.

Абмежаванне права ўласнасці прадугледжвае пэўныя забароны: напрыклад, нельга будзе шпацыраваць у вызначаны час ці ў вызначаным месцы або займацца развядзеннем. Акрамя таго, у некаторых выпадках гадаванца могуць часова забраць у прытулак або на ператрыманне.

«Не перадавы законапраект»

Прадстаўнік экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Аляксей Аўчыннікаў у каментары «Белсату» адзначыў, што законапраект «найперш удакладняе ўзаемадзеянне дзяржавы і гаспадароў жывёлінаў-кампаньёнаў»:

«Што датычыць бадзяжных, сельскагаспадарчых і цыркавых жывёлінаў, то, на маё меркаванне, закон амаль ніяк не ўдакладняе іхных правоў. З гледзішча заалагічнай этыкі гэта, вядома, не робіць дакументу перадавым юрыдычным развязаннем».

Змаганню з безнагляднымі жывёлінамі дапамагае не толькі прадугледжаная законапраектам лягчанне (кастрацыя), але і іхнае чыпаванне, а таксама далейшы маніторынг.

Гісторыі
Што чарнобыльскія бадзяжныя сабакі могуць распавесці нам пра радыяцыю?
2023.04.29 08:10

«Для маніторынгу няма патрэбы трымаць жывёлінаў у прытулках, іх можна выпускаць надвор, як гэта робіцца, напрыклад, у Грузіі. Пры гэтым неабходна не дапускаць распаўсюду вірусных хваробаў», – падкрэсліў адмысловец, заўважыўшы, што законапраект не абавязвае чыпаваць бадзяжных жывёлінаў.

Да ўладальнікаў гадаванцаў варта даводзіць карысць чыпавання, каб ухіленняў ад гэтага абавязку было мінімум: гаспадара знойдуць, калі чатырохлапы сябар уцячэ, да таго ж пазнака пад скураю неабходная пры выездзе за мяжу.

«Пакуль не ясна, як будзе ладзіцца чыпаванне, хто будзе гэта рабіць. На практыцы можа ўзнікнуць багата пытанняў, наколькі якасна гэта будзе адбывацца. Трэба, каб агулам гэтая сістэма добра працавала», – сказаў Аўчыннікаў.

«Сабака можа разваліцца ў трамваі – і нічога»

Беларусь складана назваць краінаю, прыязнаю да жывёлінаў. Падобная дыктатура ўсталявалася, напрыклад, і ў Нямеччыне. Як апавяла «Белсату» беларуска, якая жыве ў Берліне, там з сабакам нельга ні ў прадуктовую краму, ні ў рэстаран. У кавярнях рэдка можна сустрэць госця з пухнатым кампаньёнам:

«І гэта не зважаючы на тое, што жывёліны тут выхаваныя, яны не падыходзяць да незнаёмых людзей, слухаюцца гаспадароў. Затое ў грамадскім транспарце – свабода, спакойна ездзяць, і ніхто не абураецца, калі нейкі вялікі сабака разваліцца на падлозе на палову трамвая».

А ў Італіі хатніх гадаванцаў любяць з усяе моцы. З імі можна прыходзіць амаль усюды, расказаў «Белсату» беларус, які нядаўна пераехаў у гэтую краіну:

«Пускаюць у любы рэстаран і любую кавярню – і няважна, якога памеру сабака. Я не ведаю, як тутэйшыя іх выхоўваюць, але сабакі не брэшуць адзін на аднаго, не кідаюцца, спакойна сядзяць пад сталамі і чакаюць, пакуль людзі ядуць. Ты можаш сядзець у страўні, дзе будзе мільён гасцей і столькі ж сабак – і ніякіх канфліктаў і праблемаў».

У прадуктовых крамах пакупнікі з сабакамі нават могуць узяць адмысловы вазок з адсекам для гадаванца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: popovicmjeljica / Pixabay

«Тут вельмі клапоцяцца пра сабакаў і катоў. Бадзяжных катоў мала, а сабакаў наагул няма. Каты насамрэч умоўна бадзяжныя, яны ўсё роўна прыбітыя да пэўнага рэстарану ці кавярні, іх падкормліваюць. Дзеяць законы, што іх абараняюць: такіх катоў забаронена пераносіць ці перавозіць са сталага месца пражывання, толькі калі ты не хочаш забраць жывёліну дадому», – паведаміў суразмоўца «Белсату».

Пра тое, як прыязна ставяцца да жывёлы, сведчыць таксама мясцовае вынаходніцтва: невялічкія краны з вадою блізка да зямлі, праведзеныя надвор з дамоў.

«Я спачатку думаў, гэта кветкі паліваць ці для іншых гаспадарчых патрэбаў. Аказалася, вада для сабакаў. Найчасцей такія краны можна пабачыць уздоўж папулярных турыстычных маршрутаў», – апавёў беларус.

«Сабакі цягнуць да нас»

У Польшчы хаця і забаронена заходзіць з сабакамі ў харчовыя крамы, але можна ў грамадскі транспарт, кавярні і шмат якія грамадскія месцы. Уладальнік кавярні «Kakao» ў Варшаве Яўген Скрабутан не бачыць у пухнатых наведніках аніякай праблемы. На кухню, натуральна, не пускаюць, затое астатняя тэрыторыя – у распараджэнні чатырохлапых:

«Маем ласункі для сабакаў, бясплатна частуем сушаным мясам качкі, стаіць міска з вадою. Гэта нармалёвая практыка ў Польшчы. Пачалося з таго, што калі да нас прыходзілі з сабачкамі, было шкада гэтых жывёлінаў: гаспадар набываў сабе нейкі кавалак пірага, а сабака глядзеў і чакаў, што яму таксама нешта перападзе».

Гадаванцы хутка прызвычаіліся да пачастункаў і цягнуць гаспадароў у кавярню, нават калі тыя і не планавалі заходзіць.

«Гадаванцы ўжо ўсе ведаюць: часам бачым, гаспадар хоча прайсці міма, але сабака яго вяртае і цягне да нас па кавалачак мяса», – згадвае суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Служыў у Беларусі, але ўцёк у Польшчу. Незвычайная гісторыя беларускага памежнага сабакі
2022.06.21 15:23

Што замінае такому стаўленню да хатніх жывёлінаў у нашай краіне, Скрабутан не ведае:

«У Беларусі часта вазочнікі не могуць трапіць у кавярні, не тое што сабакі. У Польшчы, як я бачу, намагаюцца зрабіць так, каб горад быў зручны для ўсіх – і для людзей, і для сабакаў».

Здаецца, беларусы, якія на свае вочы пабачылі, што свет не абрынаецца, калі сабака заходзіць у грамадскае месца, пасля вяртання на радзіму зробяць з Беларусі рай для хатніх гадаванцаў. А можа, нешта зменіцца яшчэ раней?

Фота
Топ здымкаў, як працуюць службовыя сабакі. Паглядзіце, ці ўсе пароды вам вядомыя
2022.07.30 10:30

Сцяпан Кубік belsat.eu