Сілавікі прыйшлі праверыць паляўнічую зброю ў ваўкавыскага гісторыка Андрэя Коласа і затрымалі яго


Андрэй Колас.
Фота: Андрэй Колас/Facebook

Выкладчыка курсаў «Мова нанова» ў Ваўкавыску, гісторыка Андрэя Коласа затрымалі яшчэ 27 верасня. Фармальнаю нагодаю для візіту сілавікоў стала правяранне паляўнічай зброі, паведамляе «Еўрарадыё».

Мужчыну арыштавалі на 10 содняў.

«Прынялі ў РУУС, дзе ўжо была загатоўка – бяскрыўдны кліп, які Андрэй размясціў у сваіх сацсетках у 2018 годзе з маленькімі лагатыпам сайту, які прызналі экстрэмісцкім у 2021-м! – распавялі сябры гісторыка. – Андрэя пасадзілі ў камеру з дробным зладзюжкам і бяздомным. З перадачы прынялі толькі рэчы. Ежу і кнігі развярнулі. Кожны вечар яго водзяць на допыты, на якіх з крыкам і матам прапануюць выехаць у Польшчу або сядзець усё жыццё».

Паводле Еўрарадыё, у Ваўкавыску Андрэя Коласа ведаюць як «чалавека, які выпусціў з педагагічнага каледжу сотні маладых патрыётаў». Ён выкладаў ім гісторыю і культуру Беларусі на роднай мове. Таксама гісторык шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам турыстычнай кампаніі, якая стварыла музей беларускай шляхты.

Таксама калегі Коласа распавядаюць, што ў Ваўкавыску працягваецца ціск на выкладчыкаў курсаў «Мова нанова». Шмат хто з каманды быў вымушаны выехаць за мяжу. Тыя, хто застаўся ў Беларусі, пакуль не працуюць.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў