«Жаба-гадзюкінг» прыватных войскаў. У Расеі пасварыліся прыгожынцы з кадыраўцамі


У расейскім войску чарговая сварка. На гэты раз з прычыны вайны ва Украіне пасварыліся прадстаўнікі ЧВК Вагнэр і людзі, блізкія да кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава.

Яўген Прыгожын. Скрыншот з відэа: concordgroup_official / Telegram

Нагодай для канфлікту стаў каментар кіраўніка ПВК Вагнэр Яўгена Прыгожына адносна перадыслакацыі чачэнскіх падраздзяленняў. Той заявіў, што не разумее, чым займаецца чачэнскі батальён «Ахмат» ва Украіне.

У адказ на гэта жорстка адказалі дэпутат Дзяржаўнай думы РФ Адам Дэлімханаў, старшыня чачэнскага парламенту Магамед Даудаў і камандзір спецназа «Ахмат» Апці Алаудзінаў. Прыгадалі Прыгожыну і крытыку кіраўніцтва Мінабароны РФ, заявіўшы, што «нічога добрага з гэтага не выйдзе». Дэпутат Дэлімханаў, якога вінавацяць у датычнасці да забойства расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, нават прапанаваў Прыгожыну, якога ён назваў блогерам, развязаць пытанні «тварам да твару»:

«Хопіць табе балбатаць, крычаць, гарлапаніць. Кажы месца, дзе, што, калі ўбачымся. І як казаў Рамзан Ахматавіч, і мы тварам да твару любы з табой пытанне вырашым. Хопіць ужо».

У адказ Прыгожын адзначыў, што не адмаўляецца ад свайго меркавання, а «ўсе ўдзельнікі гэтай дыскусіі выдатна ведаюць» яго кантакты і маюць магчымасць з ім звязацца.

Hавiны
Кадыраў падтрымаў Прыгожына ў канфлікце з уладамі Расеі, дапусціў адпраўку чачэнцаў у Бахмут
2023.05.05 21:04

Як адзначае расейская служба BBC, пасты з крытыкай дзеянняў чачэнскіх байцоў, пачалі публікаваць тэлеграм-каналы, звязаныя з Прыгожыным. У іх, у прыватнасці, задаюцца пытаннямі, «якія такія аперацыі наагул правялі чачэнскія падраздзяленні».

А некаторыя з вагнэраўцаў нават намякнулі кадыраўцам, што гатовыя паразмаўляць «як мужчына з мужчынам», тым больш што ведаюць адзін аднаго яшчэ з часоў Першай і Другой Чачэнскай войнаў, калі яны знаходзіліся па розныя бакі.

Заўзець за абодва бакі

Сярод украінскіх экспертаў сварка паміж кадыраўцамі і прыгожынцамі ўжо атрымала назву «жаба-гадзюкінгу». Пры гэтым вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка, напрыклад, адзначае, што «ПВК Вагнэр мае хоць нейкую гісторыю і, скажам так, партфоліа рэальных баявых дзеянняў» у адрозненне ад кадыраўцаў. Больш за тое, мяркуе ён, вагнэраўцы выконваюць да таго ж «функцыі геапалітычнага ўзроўню, наглядчыка» над рэжымамі ў Сірыі, Венесуэле, Нікарагуа і ў шэрагу краін Афрыкі.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Фота: Kadyrov_95 / Telegram

«І ніхто не зможа замяніць ПВК Вагнэр на гэтай ніве», – кажа Каваленка, хоць і прызнае, што ў гэтым «жаба-гадзюкінгу» заўзее «за абодва бакі».

У сваю чаргу ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў адносна канфлікту ўладальнікаў двух прыватных войскаў заяўляе, што «ў наўпроставым канфлікце ўладальнік усёмагутнага Вагнэра баіцца чачэнцаў» «і спрабуе мякка пазбегнуць «разборак».

«Гэта паказвае, што гаспадар Чачні Кадыраў з падначаленымі бандфармаваннямі ва ўнутрырасейскай барацьбе мацнейшы за Вагнэра», – заўважае Бутусаў.

Агулам жа, на яго думку, «феадальная раздробленасць раз’ядае РФ, ніхто не паважае і не баіцца дзяржаўныя структуры, «аўтарытэты» высвятляюць стасункі паміж сабою наўпрост».

Разбор
Прыгожын губляе ўплыў. Што вядома пра актыўнасць баевікоў расейскай групы Вагнэра
2023.02.15 07:03

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў