Якую фінансавую дапамогу аказваюць уцекачам з Украіны ў розных краінах Еўропы


Паводле Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з пачатку вайны з Украіны з’ехала больш за 6,6 млн чалавек. Больш за ўсіх уцекачоў прыняла Польшча – 3,7 млн чалавек. Амаль 1 млн – Румынія. У тройцы лідараў і Расея. Сабралі інфармацыю пра тое, колькі грошай у якасці падтрымання даюць уцекачам у розных краінах. Спойлер: у Беларусі – ніколькі.

Украінскія ўцекачы на чыгуначным вакзале Жэшаве, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Куды ад расейскай агрэсіі ўцякалі людзі з Украіны

ААН інфармуе, што з прычыны вайны Украіну пакінулі 6 659 220 чалавек. Уцекачы выязджалі ў суседнія Польшчу, Малдавію, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну, Беларусь і Расею. Але 2,9 млн з іх перабіраліся пазней на захад Еўропы. Найчасцей – у Нямеччыну, Чэхію, Італію, Ірландыю. Прычым у далёкую Ірландыю ехалі ахвотней, чым у суседнюю Беларусь.

  • Польшча прыняла 3,7 млн уцекачоў.
  • Румынія – 989 357 чалавек.
  • Расея – 971 417 чалавек (на 26 траўня).
  • Вугоршчына – 682 594 чалавек (на 29 траўня).
  • Малдова – 479 513 чалавек.
  • Славаччына – 461 164чалавек.
  • Нямеччына – 376 000 чалавек.
  • Чэхія – 358 000 чалавек.
  • Італія – каля 100 000 чалавек.
  • Літва – 54 000 чалавек.
  • Эстонія – 40 047 (на 27 траўня).
  • Ірландыя – 34 000 чалавек.
  • Беларусь – 30 092 чалавек.
  • Латвія – 26 500 (на пачатак траўня).

Уцекачоў з Украіны прымалі таксама Францыя, Вялікая Брытанія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Іспанія, Грэцыя – усе еўрапейскія краіны. Сярэдні паказчык у ЕЗ – 0,5 % прынятых уцекачоў ад агульнай колькасці жыхароў у краіне. Але ў такіх маленькіх краінах, як Літва, Латвія, Эстонія, гэты паказчык большы ў некалькі разоў. Прыкладам, колькасць уцекачоў у Эстоніі складае 3 % насельніцтва, у Літве – 1,7 %.

Падтрыманне ў Польшчы: 300 злотых, «500+» і 700 ад ААН

Польшча прымала ўцекачоў з самага першага дня расейскай агрэсіі ва Украіне. Давала не толькі прытулак і гуманітарную дапамогу, але і дапамагала грашыма.

Уцекачы з Украіны на памежным пераходзе «Дарагуск» на тэрыторыі Польшчы. 8 сакавіка 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Уцекачы з Украіны могуць разлічваць у Польшчы на аднаразовую дапамогу 300 злотых (блізу 70 долараў) для кожнай асобы. Гэтая субсідыя – кампенсацыя выдаткаў на харчаванне, адзенне, жытло.

Апроч таго, уцекачы маюць доступ да сацыяльных праграмаў дапамогі, прадугледжаных польскім заканадаўствам: сямейныя «500+» (500 злотых штомесяц на кожнае дзіця), «Добры старт» (300 злотых для дзетак уцекачоў, якія пайшлі ў школу) і «400+» (дапамога дзеткам ясельнага ўзросту).

Таксама можна атрымаць дапамогу з «Сямейнага апякунчага капіталу» («Rodzinny Kapitał Opiekuńczy»). Яна прызначаецца на другое і наступнае дзіця ў сямʼі ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў. Сума дапамогі складае 12 тыс. злотых на кожнае дзіця (выплачваецца цягам аднаго ці двух гадоў).

Уцекачы могуць атрымаць у Польшчы і грошы, прадугледжаныя праграмай Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (УВКУ ААН): 700 злотых цягам трох месяцаў плюс 600 злотых на кожнага дадатковага чальца сямʼі (да 4 чалавек). Заяўка пішацца на імя Вярхоўнага камісара ААН у справе ўцекачоў.

Інтэрв’ю
«У палякаў цяпер ламаюцца стэрэатыпы пра ўкраінцаў». Размова з выкладчыцай польскай мовы для ўцекачоў
2022.03.29 17:26

Прыкладна на такіх жа ўмовах дапамагае ў Польшчы і Міжнародны камітэт ратавання (IRC): 710 злотых цягам трох месяцаў (плюс 610 – на кожнага чальца сямʼі).

Грамадзяне Украіны да 1 чэрвеня мелі ў Польшчы права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце.

Румынія і Малдова: каля 120 долараў

У Румыніі таксама працуе праграма УВКУ ААН. Уцекачы, якія перайшлі мяжу з Румыніяй 24 лютага і пазней, маюць права атрымаць дапамогу памерам 568 леяў (каля 120 долараў) штомесяц цягам трох месяцаў.

Уцекачы з Украіны на цэнтральным вакзале ў Варшаве, Польшча. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат

У Румыніі ўцекачы могуць таксама бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце, мець доступ да бясплатнага медычнага абслугоўвання, як і грамадзяне гэтай краіны. Адразу пасля падачы дакументаў на статус уцекача – працаваць, а праз 9 месяцаў (пры наяўнасці працоўнага кантракту) атрымаць від на жыхарства.

Яшчэ да пачатку вайны румынскія ўлады заяўлялі пра гатовасць прыняць 500 тыс. уцекачоў, але прынялі ўдвая больш. Румынія аказвала таксама падтрыманне суседняй Малдове, перасяляючы адтуль уцекачоў на сваю тэрыторыю.

Што да Малдовы, краіна прыняла больш за ўсіх украінцаў у пераліку да агульнай колькасці жыхароў (ужо ў сакавіку было 4 %). Фінансавая дапамога аказваецца тут уцекачам з Украіны ў межах праграмы УВКУ ААН і яго партнёраў – Каталіцкай службы дапамогі (CRS), арганізацыяў «Карытас Малдова» і «Дыяконія». Памер дапамогі семʼям – 2200 малдаўскіх леяў (каля 115 долараў) штомесяц на кожнага чальца сямʼі.

Расея: 10 тысяч на рукі аднаразова

Расея пачала так званую эвакуацыю жыхароў «ДНР» і «ЛНР» яшчэ за тыдзень да пачатку агрэсіі. Спасылалася яна пры гэтым на «рост напружанасці ў рэгіёне». Паводле звестак расейскіх СМІ, за два дні тады расейска-ўкраінскую мяжу перайшлі 53 тыс. уцекачоў. Ім выдзелілі 10 тыс. рублёў на чалавека (прыблізна 160 долараў).

На канец траўня гаварылася пра 971 тыс. уцекачоў з Украіны. Але многія з іх «уцякалі» ў Расею не з уласнага жадання, а яны былі прымусова вывезеныя ў гэтую краіну з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны. Падчас дэпартацыі, паводле расейскіх працэдураў, уцекачы трапляюць у «фільтрацыйныя лагеры», дзе іх дапытваюць. Паводле Inews, у траўні ў 38 расейскіх лагерах трымалі 6250 украінцаў, у тым ліку жыхароў Марыупалю. Калі хтосьці не праходзіць «фільтрацыю», яго адпраўляюць у Данецк для правядзення «следчых дзеянняў».

Што да выплатаў, то тыя ж 10 тыс. рублёў на рукі ўцекачам і працягваюць выплачваць. Гэта – аднаразовая дапамога. І перыядычна ў СМІ прасочваецца інфармацыя пра тое, што атрымаць яе ўдаецца не ўсім «перасяленцам» (так называюць уцекачоў у РФ).

Нямеччына – прывабныя для ўцекачоў, Чэхія – таксама

Ці не самыя высокія выплаты для ўцекачоў з Украіны прызначаныя ў Нямеччыне. Тут з 1 чэрвеня памер дапамогі складае 449 еўраў на чалавека штомесяц (да 1 чэрвеня плацілі 367 еўраў). Гэтыя грошы працаздольныя ўцекачы могуць атрымаць у цэнтрах занятасці. Урад Нямеччыны выдзеліў на ўкраінскіх уцекачоў 2 млрд еўраў.

Дзеці ў зале чакання на вакзале. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Такая сацыяльная дапамога – выключна на базавыя патрэбы (адзенне і харчаванне). Уцекачоў забяспечваюць сацыяльным жытлом. Але ў некаторых гарадах даюць субсідыі для арэнды жытла, каб людзям не давялося жыць у інтэрнатах. Напрыклад, у невялікіх гарадках пад Бонам на арэнду трохпакаёўкі для сямʼі даюць 600 еўраў (камунальныя паслугі пакрываюцца іншымі ведамствамі). У іншых раёнах такая субсідыя можа складаць 450 еўраў.

У Чэхіі дапамога ўцекачам троху меншая – 5 тыс. крон (каля 200 еўраў), якія людзі атрымліваюць у мясцовых Бюро працы. Першыя выплаты робяцца ўсім. Наступныя (не больш за пяць) – толькі тым, хто застаецца ў цяжкім матэрыяльным стане і без працы. Праз паўгода ўцекачы будуць мець права на дзяржаўнае падтрыманне ў межах стандартнай сацыяльнай дапамогі.

Як дапамагаюць у краінах Балтыі

У Латвіі грашовую дапамогу ўцекачам дае Міністэрства дабрабыту. Аднаразовая дапамога дасягае 272 еўраў (190 еўраў – для кожнага няпоўнагадовага). Прадугледжаная таксама дадатковая штомесячная дапамога – 109 еўраў, іншыя формы матэрыяльнага падтрымання.

Пасля атрымання часовай абароны ў Эстоніі ўцекачы з Украіны атрымліваюць права на пражытковую дапамогу на тых жа падставах, што і грамадзяне гэтай краіны. Першы чалец сямʼі атрымае 150 еўраў, другі – 120, няпоўнагадовы – 180 еўраў.

У Літве ўкраінскія ўцекачы, якія атрымалі часовую абарону і арандавалі жытло, могуць прэтэндаваць на аднаразовую дапамогу на ўладкаванне (ад 516 еўраў і вышэй у залежнасці ад колькасці чальцоў сямʼі). Выплачваецца і дапамога на падрыхтоўку дзяцей да садка ці падрыхтоўчай групы (67 еўраў). Прадугледжаныя таксама кампенсацыі за ацяпленне.

Беларусь: «У нас няма рэзервацыяў»

Інфармацыі пра нейкія формы фінансавага падтрымання ўцекачоў з Украіны з боку дзяржавы ў Беларусі мы не знайшлі. Калі афіцыйныя СМІ і кажуць пра падтрыманне, то гэта звычайна расповед пра гуманітарныя акцыі, у якія «ўключыліся працоўныя калектывы рэспублікі». «Гуманітарка» ці сабраныя грошы перадаюцца нібыта Чырвонаму Крыжу, а той – размяркоўвае, каму што.

Дзіця ў эвакуацыйным аўтобусе. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Беларускі падыход да пытання «мігрантаў з Украіны» акрэсліў нядаўна прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка.

«Мы ставімся да ўкраінскіх уцекачоў як да саміх сябе. У нас няма рэзервацыяў, як на Захадзе, няма нейкіх жорсткіх умоваў, мы не ставімся да іх як да людзей другога гатунку», – цытавала ягоныя словы БелТА.

Са словаў Галоўчанкі, усіх уцекачоў размясцілі «ў камфартабельных месцах – санаторыях і базах адпачынку». А калі «з часам усё ўстаканілася», «украінскім сябрам» прапанавалі шукаць працу.

Як можна зразумець з паведамленняў, пажыць «у камфартабельных месцах» украінцам далі толькі месяц. А вось з працай нешта не заладзілася. Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі цяпер працуе каля 3,7 тыс. грамадзянаў Украіны (з улікам тых, хто прыехаў яшчэ да 24 лютага). Але Беларусь прыняла ў 10 разоў больш уцекачоў (амаль 30 100 – лічба ААН).

З паведамленняў афіцыйных СМІ Беларусі цяжка зразумець, як жывецца ў нашай краіне тым, хто збег сюды ад вайны. А калі і бачыш гіпатэтычна абʼектыўную інфармацыю – адчуваеш вялікі недавер. Бо наступны артыкул ідзе пад загалоўкам «Уцекачам з Украіны ў Польшчы пагражае голад»…

Інтэрв’ю
Украінская ўцякачка – пра тое, як яе прыняла Беларусь
2022.05.25 16:46
Інтэрв’ю
Галоўны драйвер вяртання – жыллё. Што падштурхоўвае ўкраінцаў ехаць на радзіму ў час вайны
2022.05.26 19:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў