Універсальны меч сухапутных войскаў: чым дапамогуць Украіне амерыканскія ракеты?


ЗША гатовыя адправіць ва Украіну ракетныя сістэмы залпавага агню вялікай далёкасці, піша ў «The New York Times» прэзідэнт краіны Джо Байдэн. Імаверна, гаворка ідзе пра ракеты M270 GMLRS (Guided Multiple Launch Rocket System) і колавыя сістэмы M142 HIMARS (High Mobility Artillery Rocket Systems). Якую ж ролю рэактыўная артылерыя грае падчас вайны, і чым менавіта гэтыя амерыканскія сістэмы ўзбраення могуць павялічыць магчымасці абаронцаў Украіны?

Не столькі «Javeline»…

Амерыканскі супрацьтанкавы ракетны комплекс «Javeline» зрабіўся адным з сімвалаў змагання Украіны за свабоду ў 2022 годзе, але ЗША ды іншыя краіны NATO ўсё актыўней пастаўляюць украінскаму войску ўзбраенне зусім іншага класу: танкі, лёгкую бранятэхніку, гранатамёты, стралковую зброю, але найперш буйнакаліберную артылерыю і боепрыпасы для яе.

Практыка вайны паказвае, што, як і 200 гадоў таму, вызначаюць хаду змагання дзвюх рэгулярных арміяў не столькі звышсучасныя «цуды тэхнікі», колькі вялікія батальёны і вялікія гаўбіцы. Сусвет вывучае ўрокі вайны літаральна ў рэжыме рэальнага часу: артылерыя, род войскаў, якому амаль 700 год, сапраўды застаецца асноўнай прыладай для знішчэння ворага.

Стральба ўкраінскай артылерыі па расейскай тэхніцы. Крыніца: 25-я паветрана-дэсантная брыгада ЗСУ

«Супрацьтанкавыя ракеты замаруджвалі рух расейцаў, але забівала іх наша артылерыя. Менавіта яна разбівала іхныя часткі», – цытуе даклад пад назовам «Аперацыя Z. Перадсмяротныя сутаргі імперскага трызнення» словы ананімнага высокапастаўленага дарадцы пры камандуючым Збройнымі сіламі Украіны Валерыі Залужным. Даклад складзены працаўнікамі брытанскага Каралеўскага аб’яднанага даследчага інстытуту абароны і бяспекі па выніках вайны ва Украіне на сярэдзіну – канец красавіка 2022 года.

Спалучэнне артылерыі з выведнымі беспілотнікамі аказалася асабліва эфектыўным, хоць не ёсць чымсьці прынцыпова новым у гісторыі войнаў. Паветраныя беспілотныя апараты для выведкі і назірання за праціўнікам ужо рэгулярна выкарыстоўваюцца нават арміямі не самых тэхналагічна развітых дзяржаваў. Але менавіта сучасная вайна ў Украіне – самы маштабны і тэхналагічна прасунуты ваенны канфлікт апошніх 20–30 гадоў.

Часам сістэма навядзення ўкраінскай артылерыі працавала так: мясцовыя жыхары паведамлялі пра рух войскаў расейскіх акупантаў праз інтэрнэт, а потым ужо групы ўкраінскіх камандас ці выведныя беспілотнікі «сустракалі» калоны варожай тэхнікі, карэктуючы агонь украінскай артылерыі на месцы. Агонь спрактыкаваных украінскіх артылерыстаў часта быў выключна дакладным.

Жыхар Бучы паказвае знішчаную калону расейскай тэхнікі ў Бучы ў першыя дні вайны. Крыніца: Алексей Козин

«Цяжка пераацаніць ролю ўкраінскай артылерыі ў тым, чым заканчваюцца падзеі на полі бою. Што не менш важна, расейскае войска агулам не паказала здольнасці змагацца з украінскай артылерыяй», – адзначыў Майкл Кофман, дырэктар аддзялення для вывучэння РФ Цэнтру ваенна-марскога аналізу ЗША.

Украінскі Данбас пакутуе ад нястачы артылерыі

Аднак якасць украінскай артылерыі не можа цалкам пераважыць колькасці і магутнасці расейскай артылерыі ў рэгіёне, дзе ідуць самыя цяжкія баі – на Данбасе. Шчыльнасць фронту тут высокая, таму ўкраінскія сілы спецыяльных аперацыяў амаль не могуць працаваць у тыле праціўніка, што дае магчымасць варожай артылерыі беспакарана закідваць тонамі снарадаў любыя ўкраінскія пазіцыі. Гінуць у агні і выбухах украінскія вёскі ды цэлыя гарады.

Даведка
Прыкладная лінія фронту на 29 траўня 2022 г. Крыніца: Institute for the Study of War

Праз няроўнасць у колькасці артылерыі ў гэтым раёне ўкраінцам даводзіцца адступаць, хоць і вельмі павольна.«Чаму праціўнік наступае? Наступае ён, маючы перавагу ў сродках – авіяцыі і артылерыі. І запасы – нашыя паступова заканчваюцца, а варожыя яшчэ вялікія, што да снарадаў, напрыклад. Умоўна кажучы, расейскі артылерыйскі дывізіён (2–4 батарэі) можа 2000 снарадаў за дзень выкарыстаць, а наш – 100», – адзначаў у адным са сваіх апошніх эфіраў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч.

Заходнія пастаўкі дальнабойнай цяжкой ствалавой і ракетнай артылерыі маглі б выправіць гэтую сітуацыю і пераламаць хаду баявых дзеянняў на карысць абаронцаў.

«Колькі ўжо часу мы змагаемся, каб Украіне далі ўсю неабходную зброю, каб змяніць характар баёў і пачаць рухацца больш хутка і ўпэўнена да выгнання акупантаў? Усю зброю, улучна з ракетнымі сістэмамі залпавага агню. З тымі сістэмамі, якія рэальна неабходныя, каб спыніць гэтую агрэсію», – заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Рэактыўная артылерыя як забойца артылерыі звычайнай

Улічваючы гэта, не дзіўна, што першыя маштабныя пастаўкі цяжкога ўзбраення, якія пайшлі Украіне, улучалі менавіта артылерыйскія гарматы амерыканскай, брытанскай, нямецкай, усходнееўрапейскай вытворчасці.

Украіна атрымала амерыканскія 155-міліметровыя гаўбіцы М777, чэшскія сістэмы залпавага агню RM-70, гаўбіцы Д-30, французскія 155-міліметровыя самаходныя гаўбіцы «Caesar», славацкія самаходныя гаўбіцы «Zuzana 2», 155-міліметровыя самаходныя гаўбіцы М109, цяжкія мінамёты і супрацьартылерыйскія радары, тысячы снарадаў.

Украінскія артылерысты страляюць з самаходных гаўбіцаў «Caesar»

Аднак асаблівую ролю на полі бою грае менавіта цяжкая ракетная артылерыя – яна мае значна большую дальнабойнасць, таму можа паспяхова знішчаць не толькі войскі праціўніка на полі бою, але і ягоныя штабы, запасы і артылерыйскія пазіцыі ў тыле.

Гэтак, калі асноўныя артылерыйскія сістэмы савецкай вытворчасці (пераважная частка артылерыі Украіны і РФ) стандартнымі боепрыпасамі могуць страляць па цэлях на максімальнай адлегласці ад 17 да 28 км, то савецкія рэактыўныя сістэмы бʼюць на дальнасць да 70 км.

Такім чынам рэактыўная артылерыя робіцца вельмі важным сродкам контрбатарэйнай барацьбы – то бок сродкам знішчэння варожай артылерыі.

Гнуткасць і моц

Савецкія інжынеры распрацоўвалі пад кожную новую задачу і калібр боепрыпасаў новую сістэму залпавага агню на сваім шасі – «Град» (122 мм), «Ураган» (220 мм), «Смерч» (300 мм).

Амерыканскія спецыялісты пайшлі трохі іншым шляхам. Шасі падзялілі на два тыпы: гусенічнае і колавае. А пускавую ўстаноўку зрабілі практычна ўніверсальнай – дальнасць стральбы, колькасць і цяжкасць ракетаў залежалі толькі ад таго, які пакет з ракетамі вы паставіце ў сістэму. Мы раскажам толькі пра амерыканскія боепрыпасы для гэтай вельмі папулярнай сістэмы – яна таксама выкарыстоўваецца Нямеччынай, Фінляндыяй, Францыяй, Ізраілем, Грэцыяй, Японіяй, Турцыяй, краінамі Блізкага Усходу.

M270 MLRS падчас вучэнняў у Паўднёвай Карэі.
Фота: South Dakota National Guard

Гэтак, гусенічная «M270 Multiple Launch Rocket System» (M270 MLRS) можа за адзін раз выстраліць 12 ракетаў М26 на 32–45 км, або 12 ракетаў М30 ці М31 на 70 км, або 2 высокадакладныя кіраваныя ракеты MGM-140 ATACMS дальнасцю да 300 км. Вытворца сістэмы – кампанія «Lockheed Martin».

М26 – ракета, якая нясе 644 невялікія боепрыпасы (суббоепрыпасы), што выкідваюцца на аптымальнай вышыні і дыстанцыі для шчыльнага пакрыцця патрэбнай тэрыторыі. Суббоепрыпасы маюць адначасова кумулятыўны эфект для прабіцця брані і разрыўны – для знішчэння пяхоты і небраняванай тэхнікі.

М30 – кіраваная ракета, якая на патрэбнай дыстанцыі «выстрэльвае» (у залежнасці ад мадыфікацыі) розныя тыпы невыбуховых паражальных элементаў.

М31 – кіраваная ракета з адзінай боегалоўкай вагой 90 кг, якая прызначана для моцнага ўдару па канкрэтных важных цэлях.

Ракеты MGM-140 ATACMS самі па сабе маюць як мінімум 5 мадыфікацыяў – з рознымі суббоепрыпасамі і рознай дальнасці.

Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS.
Фота: U.S. Marine Corps

M142 HIMARS (High Mobility Artillery Rocket System) – больш мабільны і лёгкі (без праблемаў перавозіцца самалётамі) колавы аналаг M270 MLRS. Машына нясе палову нагрузкі М270: 6 ракетаў М26, М30, М31 або 1 ракету MGM-140 ATACMS. Яе таксама вырабляе «Lockheed Martin».

Такім чынам, усяго 2 тыпы пускавых сістэмаў з розным тыпам боепрыпасаў могуць забяспечыць усе патрэбныя магчымасці рэактыўнай артылерыі ЗША і, у перспектыве, Украіны. Моцны, трапны і дальнабойны агонь M270 MLRS і M142 HIMARS можа нейтралізаваць расейскую перавагу ў артылерыі – галоўны козыр расейскай агрэсіі апошніх некалькіх тыдняў.

Гісторыі
«Жанчыны вельмі патрэбныя на вайне». Журналістка з Запарожжа ў 50 гадоў пакінула тэлебачанне і пайшла на фронт
2022.06.01 08:30

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў