Міністр замежных справаў Літвы: Дзверы для беларусаў прычыніліся


«Дзверы для беларусаў прычыненыя», – так пракаментаваў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс закрыццё двух памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю з 1 сакавіка, піша выданне Delfi.lt.

Міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: armradio.am

«Дзверы прычыненыя, а правілы злёгку змяніліся і сталі больш жорсткімі. Проста дыскусія дала вынік, і я думаю, што на дадзеным этапе гэтага павінна быць дастаткова», – адзначыў Ландсбергіс, выступаючы перад журналістамі.

На ягоную думку, закрыццё двух памежных пунктаў – «гэта дастаткова моцны сігнал, што ў Літву павінны прыязджаць тыя, хто дакладна ведае, што хоча быць тут, і тыя людзі, якія нам больш за ўсё патрэбныя».

Міністр лічыць, што было б няправільна рабіць яшчэ больш жорсткімі абмежаванні, якія былі ўведзеныя для грамадзянаў Беларусі, хіба толькі ў выключных выпадках.

«Уносіць сістэмныя змены з-за адзінкавых выпадкаў няправільна. Нам трэба захоўваць стрыманасць, спакойныя нервы і глядзець сістэмна. Гэта маё пажаданне тым ведамствам, якія павінны прымаць гэтыя рашэнні», – сказаў літоўскі міністр.

Пры гэтым Габрыелюс Ландсбергіс адзначыў, што ў выніку прынятых сістэмных рашэнняў паток беларусаў, якія прыбываюць у Літву, ужо скараціўся.

Нагадаем, што ўначы 1 сакавіка Літва закрыла чарговыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Райгардас – Прывалка» і «Лаворышкес – Катлоўка».

18 жніўня 2023 года Літва закрыла першыя два з шасці пунктаў: «Шумскас» («Лоша» з беларускага боку) і «Твярачус» («Відзы»). У выніку гэтага колькасць літоўцаў, якія ездзяць у Беларусь, скарацілася на 37 %, а вось паток беларусаў у Літву застаўся амаль на тым жа ўзроўні.

На сённяшні дзень засталіся два дзейныя пераходы – «Мядзінінкай – Каменны Лог» і «Шальчынінкай – Беняконі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў