11 ведаў, якія могуць уратаваць жыццё падчас ваенных дзеянняў


Яшчэ да пачатку вайны мы пабывалі на занятку, арганізаваных «Free Belarus Center» у Кіеве, і падрыхтавалі парады, якія могуць выратаваць жыццё падчас ваенных дзеянняў ці нават у будзённым жыцці, калі вы пабачыце параненага або самі атрымаеце рану.

На вялікі жаль, цяпер для нашых чытачоў ва Украіне гэтыя парады ў літаральным сэнсе могуць уратаваць жыццё.

Курсы першай медычнай дапамогі ў Львове, Украіна. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Перш як кідацца да пацярпелага, спраўдзіце, ці няма пагрозы для вас. Калі вы гэтага не зробіце, то замест аднаго пацярпелага будзе два: той чалавек і вы.

Памятайце пра тры віды бяспекі: фізічную, біялагічную і юрыдычную. З апошняй найпрасцей: першым чынам варта выклікаць хуткую дапамогу – альбо самастойна, альбо папрасіць кагосьці побач.

Біялагічная бяспека таксама даволі проста гарантуецца з дапамогаю тканевай маскі (якая цяпер ёсць у кожнага) і гумовых пальчатак. У прынцыпе, нашая скура добра клапоціцца пра бяспеку, таму калі ў вас няма ранаў на руках, можаце абысціся без пальчатак, але варта паведаміць хуткай, што ў вас быў кантакт з крывёю параненага.

Фізічная бяспека – праверце, ці няма побач прычыны таго, што прывяло параненага да такога стану, ці не пагражае вам тое самае. Звычайна дастаткова агледзецца, але гэта трэба зрабіць абавязкова.

Раны могуць быць крытычныя і не крытычныя. Крытычную вы пазнаеце праз тое, наколькі хутка будзе вылівацца кроў: калі з’явіцца лужына за некалькі секундаў – гэта крытычны стан. Вы маеце каля 40 секундаў, каб спыніць кроў.

Складзіце пальцы граблямі і правядзіце па целе пацярпелага, каб знайсці дакладнае месца ранення.

Курсы першай медычнай дапамогі ў Львове, Украіна. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Калі крытычная рана на руцэ ці назе – накладайце жгут на далонь вышэй за рану. Заціскайце, пакуль не знікне пульс. Кроў пачне вылівацца з меншай хуткасцю, і ў вас з’явіцца шанец накласці павязку. Ідэальна мець пры сабе жгут. Калі раптам яго няма, бярыце дзягу, хустку ці што іншае, перацягвайце канцавіну і заціскайце сваю прыладу з дапамогаю палкі, маркера ці таго, што знойдзеце: перахапілі нагу ці руку вышэй за рану, завязалі вузел, паклалі палку, завязалі наверх другі вузел – і круціце, пакуль не знікне пульс. Гэта балюча, таму папярэдзьце чалавека. Калі накруціце дастаткова моцна – не адпускайце. УВАГА: калі накладзяце жгут – запішыце час, гэта вельмі спатрэбіцца хуткай дапамозе.

Калі ў чалавека параненае тулава ці пахвіна, засуньце туды палец, намацайце, адкуль пульсуе кроў, зацісніце гэтае месца. Калі маеце пад рукой бінт ці штосьці падобнае, пастарайцеся рабіць складкі і падпіхваць іх пад палец. Менавіта туды, адкуль пульсуе кроў. Працягвайце, пакуль у ране не скончыцца месца.

Калі накладаеце павязку, спачатку на рану кладзіце сурвэтку, потым можна рулон бінту, каб прыціснуць месца, адкуль ідзе кроў, а паверх бандаж ці эластычны бінт, намотвайце моцна, лепш напярэхрыст.

Калі ў чалавека прабітая грудзіна, такую рану найлепш заляпіць пакетам, каб у лёгачную поласць не трапляла паветра і не развіваўся пнеўматоракс. Праверце, ці ёсць рана з іншага боку.

Курсы першай медычнай дапамогі ў Львове, Украіна. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Калі з раны нешта тырчыць – не вымайце нічога з яе. Прадмет сам заціскае крываток. Зафіксуйце прадмет і накладайце павязку наверх ці вакол яго.

Вядома, гэтыя веды не поўныя, але нават яны могуць уратаваць нечае жыццё ў крытычнай сітуацыі.

Вось відэатрэнінгі, як што рабіць, калі ўбачылі параненага. Але інструктары раяць адпрацаваць дзеянні рукамі, бо праз хваляванне можна забыцца, што вы бачылі на экране.

Калі пойдзеце па жгуты ў аптэку, пытайце «Combat application tourniquet», ёсць амерыканскія, а ёсць «sich», украінскія. «Swat-t» – шырокі чорны амерыканскі, «Амега» – украінскі.

Чытайце таксама:

Вайна ва Украіне: куды ўцякаць і дзе ратавацца?

Як дапамагчы сабе і дзецям, калі вельмі страшна? Парады псіхатэрапеўта

Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?

«Ужо ўсе слёзы выплакала». Як працуе цэнтр дапамогі ўкраінцам у цэнтры Варшавы

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў