З 1 сакавіка дзее новы Адміністратыўны кодэкс. За мітынгі цяпер можна атрымаць да 30 содняў


Сёння ў Беларусі пачынае дзеяць новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Змены ў ім закранулі ў тым ліку «палітычныя» артыкулы. Што трэба ведаць беларусам пра новы дакумент?

На колькі мяне могуць арыштаваць?

Як і раней, максімальны арышт – 15 содняў. Але ёсць адно выключэнне. Здагадаліся? Гаворка ідзе пра галоўны «палітычны» артыкул. Цяпер ён не 23.34, а 24.23, але фармулёўка ранейшая: «Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў». Калі гэтае правапарушэнне здзейсненае паўторна цягам года, максімальны памер штрафу павялічваецца ад 100 да 200 базавых велічыняў (у выпадку арганізатараў ад 150 да 200). А содняў можна атрымаць ажно 30.

Добра, а пакараць могуць толькі арыштам і штрафам?

Не. Увялі новы від пакарання – грамадскія працы. Атрымаць іх можна і за палітычныя артыкулы. Яны прадугледжваюць у вольны час ад асноўнай працы, службы ці навучання выкананне дармовых працаў, накіраваных «на дасягненне грамадска карысных мэтаў».

Тэрмін можа быць ад 8 до 60 гадзінаў. Працаваць можна не больш як 4 гадзіны на дзень.

А 23.4 засталася?

Так, непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы па-ранейшаму ёсць, але нумар артыкулу змяніўся з 23.4 на 24.3. За гэта таксама часта каралі беларусаў, якія наважыліся ўдзельнічаць у пратэставых акцыях. Адвакатку Марыі Калеснікавай Людмілу Казак наогул пазбавілі ліцэнзіі, пакараўшы паводле гэтага артыкулу. Максімальны памер штрафу за непадпарадкаванне міліцыянту ці іншай службовай асобе павялічыцца да 100 базавых велічыняў (раней быў 50). Атрымаць грамадскія працы і арышт таксама можна.

Як яшчэ могуць караць палітычных?

Увялі адказнасць за абразу службовай асобы ў інтэрнэце: за гэта могуць пакараць штрафам да 200 базавых велічыняў, грамадскімі працамі, адміністратыўным арыштам. Засталася адказнасць уладальнікаў сайтаў за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі.

З’явілася адказнасць за фінансаванне СМІ замежнымі юрыдычнымі асобамі, замежнымі грамадзянамі ці асобамі без грамадзянства ў выпадку, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а таксама за фінансаванне з ананімных крыніцаў. Караць будуць штрафам да 50 базавых велічыняў. Могуць забраць атрыманыя сродкі і нават маёмасць.

Караць за сцягі цяпер можна паводле асобнага артыкулу – 24.26 («Незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і сімвалаў»). За гэта прадугледжаны штраф ад 5 да 20 базавых велічыняў (індывідуальным прадпрымальнікам – ад 10 да 40, юрыдычным асобам – ад 20 да 60).

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў